Незабыўны салігорскі «універсітэт»

0

Кастрычнік 1959 года быў пераломным у маёй працоўнай біяграфіі. У пачатку месяца ў рэдакцыю слуцкай раённай газеты, дзе я працаваў адказным сакратаром, завітаў намеснік рэдактара абласной газеты «Мінская праўда» Налецька і прапанаваў мне пасаду ўласнага карэспандэнта па Слуцкаму кусту, уключаючы Старобінскі, Капыльскі і Старадарожскі раёны. Я даў згоду і ў хуткім часе прыступіў да працы .

Праз тыдзень мяне выклікалі ў Мінскі абком партыі, і трэці сакратар, які курыраваў друк, даў наказ, ад якога ў мяне заняло дыханне: «Поручаем Вам быть редактором многотиражной газеты на строительстве первого в республике калийного рудника и города при нём». Я заўважыў, што з 15 кастрычніка з’яўляюся ўласным карэспандэнтам абласной газеты і залічаны ў штат рэдакцыі. А сакратар той строга адказвае, маўляў: «Управишься, опыт имеешь, поезжай на строительство и берись за работу».
Рэдактар абласной газеты Агееў, да якога я зайшоў параіцца, як мне працаваць далей, адказаў, што «застаешся ўласным карэспандэнтам, будзеш атрымліваць у нас зарплату і дасылаць матэрыялы аб ходзе будаўніцтва, пакуль абком падшукае замену».

Вярнуўшыся ў Слуцк, назаўтра раніцай, я выехаў на будоўлю, што разгортвалася паблізу вёскі Кулакі, і быў здзіўлены размахам работ на першым рудніку і вакол яго. Ужо праглядваліся першыя жылыя дамы, будынак сталовай, шматлікія рыштаванні іншых аб’ектаў. Адшукаўшы будынак, у якім месціліся партбюро будоўлі, сустрэўся з яго сакратаром Рыгорам Васільевічам Гнусавым. У нас з ім наладзіліся шчырыя, дзелавыя ўзаемаадносіны. Ад яго даведаўся, што газета будзе называцца «За коммунистический труд», тыраж 3 000 экзэмпляраў, іх па аб’ектах будуць разносіць брыгадзіры, майстры, сакратары пярвічных партарганізацый. А мой клопат — збіраць матэрыялы, сакратар-машыністка партбюро будзе друкаваць іх на машынцы для Слуцкай друкарні.
Першы нумар газеты выйшаў 7 лістапада 1959 года. На першай старонцы быў надрукаваны заклік-зварот да чытачоў дасылаць лісты, заметкі па ўсіх хвалюючых пытаннях. І паступова ў мяне склаўся нядрэнны актыў пазаштатных аўтараў, якіх я адшукаў на аб’ектах, у час наведвання прафсаюзных сходаў, рабочых планёрак. Там і вызначаліся новыя, нават з крытычным ухілам, тэмы для чарговага нумара газеты.

Реклама

Сабраўшы матэрыялы, садзіўся за стол у кабінеце сакратара партбюро і працаваў над артыкуламі. У канцы дня аўтобусам, які адвозіў у Слуцк супрацоўнікаў канторы трэста «Шахтспецбуд», што жылі там, вяртаўся дамоў у сваю аднапакаёўку плошчай 11 квадратных метраў, дзе чакалі жонка і дзеці-малалеткі. А раніцай тым жа аўтобусам прыязджаў на будоўлю, каб у канцы тыдня з пакетам аддрукаванай у Слуцкай друкарні газеты вярнуцца і раздаць яе. Ніякай даплаты за працу ў шматтыражцы мне не давалі, ды я і не прасіў яе — не думалася пра гэта.
Для мяне будоўля фактычна стала другім, пасля БДУ, які скончыў у 1958 годзе, «універсітэтам» — пазнання жыцця ў новых цэхах абагачальнай фабрыкі, у сустрэчах з людзьмі розных прафесій з больш шырокім кругаглядам, чым у вяскоўцаў, з якімі па рабоце ў райгазеце мне даводзілася сустракацца. Я меў задавальненне ад новай работы, мог паўдня траціць на наведванне таго ці іншага аб’екта, выслухоўваць людзей, занатоўваць іх споведы ў блакнот, бо дыктафонаў тады не было.
Хутка ў мяне наладзіліся добрыя стасункі з шафёрам Аляксеем Кур’янам, які прыносіў свае заметкі, а пазней і вершы. Запамятаваўся адзін з іх у шостым нумары «Тут будзе горад-сад» на беларускай мове. А ўжо ў маі 1960 года ў газеце ўпершыню з’явіўся «Літаратурны куток», пад гэтай рубрыкай друкаваліся на рускай і беларускай мовах нядрэнныя вершы.

Недзе ў снежні 1959 года будоўлю наведаў з пісьменнікам Аляксеем Кулакоўскім старшыня Прэзідыўма Вярхоўнага Савета БССР Васіль Іванавіч Казлоў. Ён меў сустрэчу з людзьмі, адказваў на розныя, нават крытычныя, пытанні. У тым ліку і Аляксея Кур’янава, наконт таго, чаму ён, Казлоў, не размаўляе на беларускай мове. На жаль, даць справаздачу ў шматтыражцы Гнусаў не дазволіў. Разважаў так: «Няхай пра гэта пішуць мінскія газеты». Дарэчы, у «Мінскай праўдзе» матэрыял мой надрукавалі. Абласная газета амаль кожны тыдзень, а выходзіла яна штодзённа, змяшчала маю інфармацыю з будоўлі.
Як сёння, памятаю той дзень, калі начальнік трэста «Шахтспецбуд» Яфім Ісакавіч Гаўптман даў мне дазвол апусціцца на глыбіню 425 метраў у ствол шахты першага рудніка. З майстрам праходкі мы залезлі ў бодню — сталёвую, на тросе, бочку вышынёй нам абоім пад пахі, і па сігналу сіганулі ўніз. Страху я не адчуваў, усё было незвычайным, загадкавым, цікавым. Ад перападу вышыні толькі заклала ў вушах.
Нарэшце мы пакінулі тую бодню і пайшлі па доўгаму тунэлю. Пры святле электралямпачак ён іскрыўся рознакаляровым блескам сілвінітавай руды.
Ужо 30 красавіка 1960 года звяно Мікалая Герасімені выдала на-гара з глыбіні 425 метраў першую бодню руды. З гэтай нагоды ля шахты быў наладжаны мітынг. А ў студзені 1961 года пачалася прамысловая здабыча солі, у тым жа годзе ўступіла ў строй дзеючых і абагачальная фабрыка. Якія незабыўныя дні!
У канцы чэрвеня 1960 года мяне ў шматтыражцы замяніў журналіст Анатоль Блахін — добразычлівы і памяркоўны чалавек. Я з радасцю перадаў яму падшыўку з 32 нумарамі газеты, пажадаў творчага натхнення ў працы і шчасця ў жыцці. Пазней, у 1974 годзе, газета набыла новую назву — «Калійшчык Салігорска».
Мае высілкі як журналіста і іншых удзельнікаў будоўлі камбіната былі адзначаны ў 1961 годзе граматамі Вярхоўнага Савета БССР, іх у Доме ўрада ў Мінску ўручаў Васіль Іванавіч Казлоў.

Міхась Тычына


Міхась Адамавіч Тычына ў 1959 годзе быў прызначаны рэдактарам першай Салігорскай газеты «За коммунистический труд»

Даведка «Кур'ера»
Міхась Адамавіч Тычына нарадзіўся ў 1927 годзе у Старобінскам раёне. Удзельник Вяликай Айчыннай вайны. Першы артыкул надрукаваў у газеце «На вахте» (Крандштат). У 1958 годзе скончыў факультэт журналістыкі БДУ, працаваў адказным сакратаром слуцкай раённай газеты, на працягу трыццаці гадоў быў уласным карэспандэнтам «Мінскай праўды». Друкаваўся ў газетах «ЛіМ», «Сельская газета», «Народная воля», часопісе «Работніца і сялянка».

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии