Велікодны «пачастунак»

0

За два тыдні да Вялікадня Анатоль пераехаў у новую трохпакаёвую кватэру. Першым, як і водзіцца, у дом запусцілі ката Ваську. Потым зайшла цёшча з іконаю ды пакрапіла пакоі свянцонаю вадою, прачытала патрэбную малітву, і толькі тады пачалі заносіць мэблю ды ўсякія пажыткі.

За тыдзень да Вялікадня ўсё было расстаўлена па сваіх месцах. У Вялікую суботу да навасельцаў зноў завітала цёшча. Яна збіралася пайсці на ўсеночную службу ў царкву і пасвяціць яйкі і булкі, якія спякла для ўнукаў.
Пад раніцу, вярнуўшыся з царквы ды нахрыстосаваўшыся з дачкою і зяцем, цёшча выставіла свянцоныя падарункі на стол, які ўжо пачалі накрываць у гонар Уваскрашэння Хрыста.
Трохі пачаставаўшыся ды пагаманіўшы за жыццё, цёшча пачала збірацца да хаты, на вёску. Перад адыходам яна падазвала да сябе дачку з зяцем, дастала з вузельчыка некалькі чырвоных паперак: «Гэта вам на наваселле».
Зяць падзякаваў за падарунак і выйшаў пакурыць, а цёшча з дачкою размаўлялі ў калідоры. І раптам ад скразняку зачыніліся дзверы, моцна ляснуўшы па вушаках.
«Ну вось, — падумаў зяць, — зноў спрацавала англійская тэхніка». У дзвярах стаяў так званы англійскі замок, які з першага дня трохі заядаў і дрэнна адчыняўся нават ключом, а пры ўдары аб вушак зусім мог заклініць.
У дзверы стукала жонка: «Толік, адчыні! Зноў замок заклініла. Мама на аўтобус спазніцца».
Уставіўшы ключ у замок, ён некалькі разоў паціху стаў паварочваць туды-сюды, і раптам - пстрык: у руках засталася толькі галоўка ад ключа… А за дзвярыма ўжо пачала хвалявацца цёшча: «Зяцёк, дарагі, рабі што-небудзь, спазнюся на аўтобус».
«Мабыць, трэба браць сілай», — падумаў Анатоль і адыйшоў да процілеглай сцяны, падняў нагу…
А за дзвярыма… цёшча, сагнуўшыся, хацела паглядзець у замочную дзірачку…
Бу-бух!.. Дзверы адчыніліся, толькі трэскі паляцелі з вушака ды пасыпаліся запчасткі ад англійскай тэхнікі…
На падлозе ля сцяны сядзела цёшча, лыпаючы вачыма, а на лбе пачаў расці гузак.
Праз хвіліну яна апрытомнела і, падхапіўшы свой клунак, сказала: «Дзякуй, зяцёк», — і куляй выскачыла з кватэры. «На здароў'е», — толькі і змог сказаць Анатоль, давячыся ад смеху.
Праз тыдзень настала Радаўніца, і трэба было ехаць у вёску, на могілкі, каб памянуць усопшых. «Як там мяне сустрэнуць?» — думаў зяць.
Па двары хадзіў цесць, цёшчы нідзе не было відаць. Бацька пахрыстосаваўся з дачкою, падаў руку зяцю, з напускною сур’ёзнасцю на твары, але ў вачах ігралі чорцікі. А потым ён як зарагоча на ўвесь двор… «Ну, раскажы, зяцёк, за што ты так цёшчу пачаставаў? Што, мала грошай дала?» — ды зноў зайшоўся ад смеху.
На рогат мужыкоў з хаты выйшла цёшча. «А… бандыт, з’явіўся», — ды і сама засмяялася. — Так мне і трэба, цікаўная вельмі. Ну праходзьце да стала, у мяне ўжо ўсё гатова".
«Дзякуй Богу, — падумаў Анатоль, — што цёшча не крыўдуе на мяне за «пачастунак».

Мікола Корань

Реклама
0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии