Кулічы да Вялікадня

0

Як рыхтуюцца да Вялікадня жыхары нашага рэгіёна, ці пякуць кулічы да свята, пра гэта карэспандэнт «Кур'ера» запытаўся ў мінакоў.

Раіса Ігнатаўна, пенсіянерка (Слуцк):
— Пячы кулічы на Вялікдзень пераняла ад сваіх бацькоў, ад мяне пераймуць дзеці. Разгаўляцца будзем назаўтра, як вернемся з царквы дадому.

Реклама

Софья Іосіфаўна, пенсіянерка (Слуцк):
— Пячы пірагі пры маім гаспадары-п'яніцы — толькі грахоў набрацца, таму буду купляць у магазіне. Абавязкова павіншую дачушку ў Германіі з Вялікаднём.

Ніна Міхайлаўна (в. Дунаева, Капыльскі раён):
-Які Вялікдзень без куліча? З сяброўкай будзем пячы на дваіх. Вось толькі на Усяночную не пойдзем, бо ўжо не выстаім.

Мікалай Вячаслававіч, інжынер — электрык (Капыль):
— Не ведаю, ці гэта традыцыя, ці павага да рэлігіі, але кулічы будуць. Перад тым як жонка замесіць цеста, бабуля прачытае малітву. Вялікдзень — гэта свята!

Алена Анатольеўна, закройшчыца (Салігорск):
— Кулічы пяклі бабуля, матуля — цяпер мая чарга. Смакаваць пірагі будзем пасля таго, як прынясём з царквы. А пасля ўсёй сям’ёй будзем святкаваць Уваскрасенне Хрыстова.

Апытваў Уладзімір Амяльчэня

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии