«Шрамы» мяфодзіевыя

0

У пакалення 20−30-х гадоў мінулага стагоддзя, што пражывала ў вёсцы Кутнеў тагачаснага Старобінскага раёна, з Мяфодзіевай гарой звязаны незабыўныя, яркія ўспаміны зімовых забаў-гульняў, на якія сыходзілася болей сотні дзяцей. Калі ўлічыць, што на 1 сту-дзеня 1941 года (па перапісу насельніцтва) ў вёсцы ў 97 дварах пражывала 400 чалавек, а ў сем’ях, як правіла, было па трое-чацвёра дзяцей. На гару, што ўзвышаецца шырокім гарбом над палавінай вёскі метраў на трыццаць, не меней, дзеці ўзыходзілі хто з санкамі, хто з дошкамі, а большасць па крутому, накатанаму да бляску схілу спускаліся на сваіх світках ці кашулях. І мне, малому, выпала шэсць зім быць у вясёлых «абдымках» той гары, калі дух захоплівала ад коўзанкі на санках.

А назву гара атрымала ў вяскоўцаў па прозвішчы Мяфодзія Жаўрыда, які яшчэ ў пачатку мінулага стагоддзя збудаваў на той гары ветравы млын, а паблізу — невялікую, на чатыры вакны, хату. Хлапчуком я часцяком заходзіў у яе пагуляць з дзецьмі майго ўзросту. І заўсёды захапляўся, калі пад моцны вецер крылы млына пачыналі набіраць частыя абароты, ад чаго скрыпеў увесь будынак. Тады Мяфодзій спыняў вятрак, знімаў з кожнага крыла па аднаму-два шчыты, ад чаго паруснасць іх спадала і млын працаваў у роўным рэжыме. Каля яго заўсёды стаялі падводы заказчыкаў на памол зерня.
Пасля Айчыннай вайны ўлады змусілі Мяфодзія закрыць ягоны промысел, прыгразіўшы высылкай як «Кулацкага элемента», і ён перавёз хату ў мястэчка Пагост, дзе і дажываў свой век. А млын улады разабралі, жорны-камені пакалолі, і рэшткі іх яшчэ доўга ляжалі там.
Так склаліся жыццёвыя абставіны, што я некалькі гадоў не здолеў наведаць той Кутнеў і ўзысці на гару. Толькі ў 60-я гады здолеў узысці на яе і быў здіўлены, убачыўшы на крутым, да вуліцы, схіле гары дзве заросшыя быльняком, даволі доўгія і глыбокія траншэі, адна пад адной, трэцяя апярэзвала схіл каля вясковых могілак. Складвалася ўражанне, што нехта збіраўся ў гэтых траншэях трымаць абарону, хоць павернутыя ўсе тры былі на паўночны захад, у бок балота, якое прасціралася за вёскай. На маё пытанне да сустрэчных вяскоўцаў, хто выкапаў траншэі, адказ быў нечаканым: «Напэўна, немцы, тут жа бой быў летам 1944 года». Але ж не маглі немцы чакаць савецкіх воінаў з поўначы, ад балота, таму як наступалі яны з боку Любані, з усходу, на досвітку 30 чэрвеня наблізіліся да вёскі. Па ўспамінах майго стрыечнага брата Міхаіла Муравіцкага, які пражываў у Любані, а тады яму ішоў шаснаццаты год, напярэдадні два немцы з ручным кулямётам акапаліся ў агародзе яго бацькоў, яшчэ пару такіх агнявых кропак яны зладзілі ў агародах, што былі бліжэй да шашы, па якой наступалі савецкія воіны. Бой быў кароткім, артылерыйскім агнём усе нямецкія кулямёты з разлікамі былі знішчаны, але трэць хат у вёсцы выгарала датла, у тым ліку і хата Муравіцкіх. Міхаіл Дзям’янавіч двух забітых кулямётчыкаў закапаў у сваім агародзе, што зрабілі і іншыя вяскоўцы. На Мяфодзіевай гары немцы не акопваліся, бо яна добра праглядваецца з усяго боку.
Тайну траншэйных «шрамаў» на гары раскрыў мне летась ураджэнец Кутнева, 70-гадовы Уладзімір Бараноўскі, які пражывае ў горадзе Пяцігорску на Каўказе і прыехаў праведаць 93-гадовую маці. Ён адхіліў версію аб нямецкім «следзе» траншэі і паведаў, што ў канцы 40-х гадоў вакол вёскі праходзілі армейскія вучэнні і траншэі салдаты вырылі ў поўны рост, у іх і трымалі «абарону». А калі вучэнні скончыліся, яны з’ехалі да сваіх казармаў у Слуцк і на Урэчча. Засыпаць тыя «шрамы» ніхто не хацеў. Калгас — тым болей: гара не ўваходзіла ў ворыўны абсяг ніколі.
…Спускацца зімой на санках ці лыжах з Мяфодзіевай гары ў вёсцы ўжо няма каму, яна фактычна вымерла, засталося чалавек дванаццаць пенсіянераў, а дзеці ці ўнукі дачнікаў-салігорцаў прыязджаюць сюды толькі летаваць.

Міхась Тычына

Реклама
0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии