Ен змагаўся пада Ржэвам

0

Паказаны нядаўна па расійскаму каналу НТБ дакументальны фільм аб адной з самых трагічных падзей Вялікай Айчыннай вайны — бітвы пада Ржэвам, выклікаў у гледачоў самую розную рэакцыю. Сярод тых, хто даслаў у рэдакцыю свае водгукі і меркаванні, быў і наш пазаштатны карэспандэнт Мікола Корань. Ён адшукаў Уладзіміра Міхайлавіча Хаўстовіча, удзельніка бітвы пада Ржэвам, які жыве зараз ў вёсцы Селішча Слуцкага раёна, і запісаў яго ўспаміны. Мяркуем, што дадзены матэрыял з’явіцца не толькі яшчэ адным сведчаннем аб трагічных падзеях часоў вайны, але і апавяданнем пра мужнасць і гераізм простых салдат, якія сваёй ратнай працай здабылі Вялікую Перамогу.

Уладзімір Міхайлавіч нарадзіўся ў студзені 1923 года ў вёсцы Машчыцы. Вучыўся ў школе, быў актыўным камсамольцам. Сярод лепшых вучняў пасля заканчэння сямігодкі яго накіравалі ў Мінск на вучобу ў фабрычна-завадское вучылішча. Ён абраў прафесію каваля. Потым працаваў на авіязаводе. С пачаткам вайны прадпрыемства эвакуіравалі пад Маскву, а праз некалькі месяцаў дзевятнаццацігадовага хлапчука прызвалі ў армію. Была школа малодшых камандзіраў, а потым - фронт.

У палях пада Ржэвам
Свой першы бой памятаю слаба, — гаворыць ветэран, — было страшна, бо прыйшлося ісці ў атаку і перажыць рукапашную схватку. Што казаць, разгубіўся, і каб не матрос, які штыком закалоў фрыца, то, мабыць, у тым баі і загінуў бы. Памятаю, як пасля бою мой ратаўнік сказаў: «Не падай духам, сяржанцік, бі іх, гадаў». І я іх біў, і не было потым ніякага страху, а толькі злосць.
Асабіста цяжкімі былі баі пада Ржэвам. Нам загадалі ісці ў лабавую атаку на добра ўмацаваныя траншэі праціўніка. Але, каб дабрацца да іх, спачатку трэба было пераправіцца праз Волгу. Плылі хто на чым мог. Я быў на плоце, у які трапіў снарад. Палова майго аддзялення загінула. Мне ж удалося дабрацца да берага. Плыў, зачапіўшыся за бервяно, па чырвонай ад крыві вадзе, сярод трупаў. А потым адразу ў атаку. Яна захлынулася, як і многія другія. Але нас усё гналі і гналі наперад. Паверце, перад нямецкімі акопамі не было відна ніводнага кавалачка зямлі: паўсюль ляжалі нашы загінуўшыя і параненыя байцы. А мы не маглі падняць галавы з-за варожых снайпераў. Колькі было атак, не памятаю. Але добра ведаю, што загінула салдат і афіцэраў не лічана. Я такіх страт больш ніколі на фронце не бачыў. Калі ўваходзілі ў Ржэў, які аставілі немцы, то падстрэлілі і мяне. Куля прашыла правы бок і выйшла каля храбетніка. Так я апынуўся ў шпіталі. Праз сорак дзён зноў направілі на перадавую, пад тым жа Ржэвам.
Частка мая стаяла каля вёскі Урдом. Аднойчы да нас прыбег мясцовы хлопчык. Увесь у слязах, ён прасіў: «Дзядзечкі, родненькія, ратуйце — немцы сагналі ў школу дзяцей і будуць паліць іх. Калі спешна ўзялі вёску, школа ўжо гарэла. Мы абліваліся вадой і ратавалі дзяцей з полымя. Але многія загінулі. Цяжка было глядзець на бацькоў, дзеці якіх згарэлі зажыва. За бой пад Урдомам нас узнагародзілі медалямі «За адвагу», але ніякай радасці не было. Так атрымалася, што і медаль гэты не захаваўся. Праз некаторы час мы трапілі ў акружэнне, і быў дадзены загад — узнагароды закапаць. Так той медаль і застаўся ляжаць у нейкім ляску. А з акружэння мы выбраліся: выратавалі танкісты, якія прарвалі кальцо акружэння.

Реклама

На дарогах вайны
На дарогах вайны было шмат розных здарэнняў. Аднойчы мяне і сябра ледзь не расстралялі свае. А было так. Мы атрымалі загад даставіць сакрэтны пакет у штаб дывізіі. Каб скараціць шлях у дзесяць кіламетраў, вырашалі ісці праз лес. Там і трапілі на нямецкую разведку. Пакет трэба было знішчыць, а мы схавалі яго пад карані бярозавага пня. Адступаючы, адстрэліваліся. Скора падыйшла дапамога. Нашы прыкмецілі чырвоныя ракеты, якія мы пусцілі. Частку немцаў забілі, другіх забралі ў палон. Да нас адразу звярнуліся асабіста з пытаннем: «Дзе пакет?». Прыйшлося апраўдвацца, шукаць тое месца, дзе схавалі дакументы. Але ўсё абыйшлося. Атрымалі толькі вымову, хаця пабылі і пад арыштам.
Самае дрэннае адбылося са мной ужо пад Варшавай. Атрымаўшы папаўненне, наш полк рыхтаваўся да наступлення. І вось загад: «Наперад». Бой быў гарачы. Мястэчка пераходзіла з рук у рукі многа разоў. Загінула многа маіх таварышаў. А я атрымаў цяжкае раненне. Куля прайшла праз галаву, а асколак ад міны адарваў мне пальцы на левай назе. Доўга ляжаў у шпіталі, але рана на назе не загойвалася. Пачалася гангрэна. Спачатку аднялі нагу да калена, а потым і вышэй. Думаў: вось і прыйшоў сяржант твой апошні час. Выратавала доктарша, на жаль, імя яе не памятаю. На свой страх і рызыку яна запусціла ў маю рану нейкіх чарвякоў, якія аб’елі ўсю слізь і гной. І я пайшоў на папраўку.
Дзень Перамогі сустрэў у шпіталі. Не забуду ніколі, як дарослыя мужчыны, якія прайшлі праз жудасныя баі, плакалі. І ніхто гэтага не саромеўся.

Замест эпілога
Пасля вайны ў Маскве мне зрабілі прарэз і я вярнуўся на радзіму ў вёску Машчыцы, пасля чаго 42 гады адпрацаваў у кузні кавалём. Ужо ў мірныя дні лёс падкінуў мне яшчэ адно выпрабаванне: развёўся з первай жонкай. Цяжка было інваліду дагля-даць сваю гаспадарку, ды к таму часу пачаў слепнуць на адно вока — сказалася раненне ў галаву. Але знайшлася добразычлівая жанчына, у якой памёр гаспадар. Мы сайшліся, пераехалі ў вёску Селішча і пачалі налажваць сваё жыццё. Я вельмі ўдзячны маёй дарагой Ніне Антонаўне за яе шчырае сэрца і душэўную дабрату. Хоць я зусім аслеп і адказала другая нага, яна вось ужо 13 гадоў даглядае мяне. Без яе, як кажуць, я б даўно ўжо загінуў.
Я ўдзячны сваім дзецям, унукам і праўнукам. Яны не забываюць мяне. Заўсёды дапамагаюць мне сельвыканкам і вучні мясцовай школы. Дзякуй Вам усім, мае дарагія людзі, нізкі Вам паклон.

Запісаў Мікола Корань


Уладзімір Хаўстовіч: «Я вельмі ўдзячны маёй дарагой Ніне Антонаўне за яе шчырае сэрца і душэўную дабрату. Без яе, як кажуць, я б даўно ўжо загінуў».


Участак савецка-германскага фронту, дзе з 8 студзеня 1942 года па 31сакавіка 1943 года праходзіў адзін з самых кровапралітных баёў Другой сусветнай вайны — Ржэўская бітва. Па афіцыйных дадзеных, у баях пада Ржэвам у 1942−1943 гадах загінула больш мільёна савецкіх салдат.

Даведка «Кур'ера»
Ржэўская бітва — 1942−1943 гг.
Ржэўская бітва — кровапралітныя доўгатэрміновыя баі войск Заходняга і Калінінскага франтоў супраць групы армій «Цэнтр», якія адбываліся з 8 студзеня 1942 года па 31сакавіка 1943 года ў ходзе Вялікай Айчыннай вайны.
Ржэўская бітва складалася з чатырох самастойных аперацый. Першая з іх адбылася ў студзені - красавіку 1942 года (Ржэўска-Вяземская), другая — у жніўні 1942 года (Ржэўска-Сычоўская), трэцяя — у снежні таго ж года (Ржэўска-Сычоўская, аперацыя «Марс») і чацвёртая — у сакавіку 1943 года (Ржэўска-Вяземская). У выніку бітвы нямецкія войскі страцілі важны плацдарм для наступлення на Маскву. Па афіцыйных дадзеных, у баях пада Ржэвам у 1942−1943 гадах загінула больш мільёна савецкіх салдат. Аднак па неафіцыйных дадзеных, колькасць страт склала паўтара мільёна.

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии