Каб толькі дыхала

0

Стаяўшы на прыпынку ў чаканні аўтобуса, пачуў свіст шпачка, такі нясмелы яшчэ. Але хапіла яго, каб нешта заныла пад самай дыхаўкай: успомнілася вёска, родная хата, бяроза пры вуліцы са шпакоўняй на самай макаўцы. І быццам убачыў, як гойдае яе ветрык над апусцеўшай сядзібай. Цікава, ці заселяцца ў ёй шпакі? Мусіць, будзе пуставаць, бо няма каму слухаць спевы шпачкоў. А які пясняр, калі яго ніхто не слухае?

А ўчора прыехаў у горад аднавясковец, прывез навіны. У цёткі Мар'і загінула апошняя на вёсцы карова. Адчыніла гаспадыня раніцою хлеў, а Пярэста некалькі разоў паспрабавала падняцца, ды зняможаная адкінула мысу і супакоілася. Загаласіла цётка, пабегла па вуліцы шукаць дапамогі, ды каго пазавеш. У кожнай хаце яшчэ старэйшыя, чуць ногі цераз парог паднімаюць.
У канцы вуліцы, у цагляным доме, жыве Міхась Штычок. Будаваў на вякі, разлічваў на дзяцей, а дажываць давялося аднаму. Як ліквідавалі ў вёсцы гаспадарку, каб узбуйніць суседнюю, Штычка адправілі на пенсію. Фермы калгасныя з таго часу пустуюць, вецер гуляе па іх. Зойдзеш — аж страх бярэ! Калісьці тут былі тысячы галоў жывёлін. На гэтых фермах Штычок не адзін дзесятак гадоў іх лячыў. Кажуць, што ён, пасля таго як застаўся без працы, заліваў гарэлкаю сваю непатрэбу.
Хто прыдумаў, што калгасы трэба аб’ядноўваць, каб да цэнтральнай сядзібы не меней дзесяці кіламетраў бегаць, цётка Мар’я не ведала. Ішла яна за апошняй магчымай дапамогай, успамінаючы пражытое, міма пустуючых дамоў.
Міхась Штычок сустрэў цётку Мар’ю з ветлівасцю, быццам чакаў яе. Выслухаў цёткіну бяду, пачухаў патыліцу і адказаў: «Падымем, каб толькі дыхала. А ці будзе ў цёткі чым самаму палячыцца?». Пачуўшы ад цёткі «будзе, будзе», Міхась развярнуўся і знік за дзвярыма. Праз некаторы час ён выйшаў са знаёмаю сумкаю. Па дарозе спрабаваў расказаць, як баліць яго галава, але цётка няўрымсліва яго падганяла. Каля дома папрасіўся ў хату паправіць здароўе, каб не трэсліся рукі, ды правільна вызначыць дыягназ. Хоць вельмі спяшалася цётка, але ўступіла Міхасю. Пасля першай чаркі Міхась павесялеў: «Колькі я кароў падняў, не злічыць. Галоўнае — застаць, каб толькі дыхала, — бадзера гаварыў ён. — Вось яшчэ адну кульну, закушу крыху, ды пойдзем. Памятаеш, цётка, як тваю рагулю пасля расцёлу падняў на ногі? Даўно было, а я памятаю. Тая твая кароўка, мусіць, лепшай была на ўсю вёску, малочніца. Ну, яшчэ адну, ды пойдзем».
— Міхаська, хадзем. Пасля зойдзеш, — плаксіва ўгаварвала цётка. Але Міхаська цягнуўся да пляшкі і ўпэўнена адказваў:
— Не хвалюйся, цётка. Падымем, каб толькі дыхала.
Калі пляшка апусцела, Міхась вяла падняўся, знайшоў на падлозе сваю сумку, громка ікнуў і загадаў сабе: «Пара ісці». Цётка падтрымлівала пад локаць, дапамагала падняцца.
Дзверы ў хлеў былі адчынены. Калі цётка Мар’я пераступіла парог хлява, нешта страшнае схамянула яе. Карова ляжала, адкінуўшы галаву, нерухома. Толькі вока аддавала вільготным бляскам. Цетка Мар’я загаласіла, схапіла карову за рогі і спрабавала падняць, але тая зусім не рэагавала на прысутнасць сваёй гаспадыні.
— Я ж казаў, каб толькі дыхала, а ты мяне куды прывяла, — пагрозліва казаў Міхась. Але цётка Мар’я ў сваім горы не чула гэтага папроку. Яна галасіла над нерухомай каровай, аплакваўшы нікому непатрэбнае сваё астатняе жыццё, сэнсам якога да гэтага былі клопаты пра карову. Цяпер засталася адна ў цэлым свеце.
Мы з аднавяскоўцам аплаквалі гора цёткі Мар'і, падліваючы ў куфэркі, каб не высахлі слёзы.
— Вёска — гэта не толькі мільёны тон зерня, якія абяцаюць збіраць у аграгарадках, гэта — людзі, якіх кінулі, — гарачыўся мой госць. — Цяпер па нашай дарозе два аграгарадкі будуюць на адлегласці больш за сорак кіламетраў, паміж імі шэсць вёсак кінулі на выміранне. Ці знойдзецца той лекар, які прыдзе і скажа: «Вёска! Не памірай! Я падыму цябе, каб толькі ты дыхала!»
Вось тады шпакі абавязкова паселяцца, бо знойдуцца слухачы.

Уладзімір Амяльчэня

Реклама
0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии