Дзе ў Слуцку імкнуліся жыць

0

Пра найбольш прэстыжныя месцы жыцця ў часы даўнейшыя
І цяпер для многіх (а ў часы не вельмі далёкія ў яшчэ большай ступені) даволі востра паўстаюць жыллёвыя праблемы. Для тых жа, у каго яны вырашаюцца станоўча, з’яўляецца іншы клопат: а ці ў добрым месцы яны апынуліся, бо вядома, што іншыя недарэчнасці або праблемы, спачатку незаўважныя, праяўляюцца з часам. Узнікае пытанне выгаднасці, удачлівасці або прэстыжнасці месца пражывання. Больш або менш выгадныя месцы для пражывання ў Слуцку былі ва ўсе часы.

Калі гаварыць пра найбольш прэстыжныя для пражывання месцы ў нашым горадзе ў гістарычнай рэтраспектыве, то спачатку гэта быў дзядзінец (град) — умацаваная тэрыторыя цяперашняй Вялікай горкі. Жыхары безабароннага пасада, што мясціўся побач, сюды хаваліся пад час ваеннай небяспекі. Пазней дзядзінец ператварыўся ў замак, тут знаходзіліся княжацкія палацы і галоўная гарадская царква — Успенскі сабор. Замак у цэнтры горада заставаўся рэзідэнцыяй слуцкіх князёў да пачатку ХІХ стагоддзя. Аднак мы звернем увагу на жыхароў ніжэйшага рангу.

Для іх найбольш выгадным месцам пражывання да ХV-ХVІ стагоддзяў з’яўлялася тэрыторыя, што знаходзіцца цяпер у раёне вуліцы Піянерскай — ад маслабазы да магазіна № 58. Тут некалі была гандлёвая плошча, і для тых, хто займаўся гандлем і рамяством (а такіх з ліку жыхароў была большасць), мець сядзібу побач з ёй азначала дадатковыя магчымасці. Выгада пражывання побач з рынкам захоўвалася і пасля таго, як гандлёвую плошчу на пачатку ХVІ стагоддзя перамясцілі ў іншае месца, на тэрыторыю, якую цяпер займаюць пляцы з сучаснымі Домам сувязі і Цэнтрам дзіцячай творчасці.
Для шляхецкага саслоў'я, якое гандлем не займалася, вагу набывае Зарэчча — Новы горад. У ХVІІ - ХVІІІ стагоддзях яго займалі рэгулярна спланаваныя кварталы з прамымі вуліцамі, галоўныя з якіх называліся Навамейская (цяпер — імя Максіма Багдановіча) і Сенатарская (пазней — Шырокая, цяпер — Камсамольская). На Сенатарскай стаяў палац слуцкага генерал-губернатара — галоўнай асобы пасля князя.
Да гэтай вуліцы прымыкалі пляцы важнейшых храмаў Зарэчча: праваслаўнай Юр’еўскай царквы, рэфармацкага храма з гімназіяй, каталіцкага езуіцкага Троіцкага касцёла з калегіяй. На ёй узвялі будынак слуцкага магістрата, а ў другой палове ХVІІІ стагоддзя — карпусы фабрыкі шаўковых паясоў. Вяла гэта вуліца да Новага замка (цытадэлі), дзе размяшчаўся вайсковы гарнізон. Яна была самай прыгожай, а да ХІХ стагоддзя ператварылася ў бульвар з абсаджанай каштанамі алеяй пасярэдзіне. Побач з цытадэллю, на месцы гарнізоннага пляца, ў ХVІІІ стагоддзі быў разбіты рэгулярны сад (па цяперашняму парк) — любімае месца адпачынку моладзі да пачатку ХХ стагоддзя.
У ХІХ стагоддзі, асабліва пасля пракладкі вуліцы Шасейнай (цяпер — вуліца Леніна), зноў пачынае набіраць вагу значнасць Старога горада. Новая вуліца ператварылася ў месца актыўнага дзелавога жыцця. Выгаднай таксама лічылася дагледжаная і чысценькая вуліца Віленская, што ішла паралельна Шасейнай. Месцам жа пражывання гарадской эліты стала злучаўшая іх Садовая. Садовая вуліца, як пісаў пра яе сучаснік — пісьменнік Давід Вендраў, — вуліца гаспод. Там жыло гарадское начальства: іспраўнік, міравы суддзя, наглядчык турмы, галоўны акцызны чыноўнік, прадвадзіцель дваранства, земскі начальнік, казначэй, дырэктар гімназіі. Нездарма пасля рэвалюцыі будынкі на Садовай былі выбраны для размяшчэння выканкама і іншых структур новай улады, а ў будынку закрытай сінагогі арганізавалі кінатэатр. Сёння па Садовай маецца толькі адзін адрас, па якім знойдзем школу № 5.

Реклама

Падзеі Кастрычніцкай рэвалюцыі і Грамадзянскай вайны аказалі значны ўплыў на паняцце прэстыжнасці месцажыхарства. Пасля ўсталявання Савецкай улады багачы пакінулі горад, іх дамы былі нацыялізаваны. У адных з іх размесціліся дзяржаўныя ўстановы, другія перадалі пад жыллё беднаце. Новая ўлада па новаму ставілася і да планіроўкі гарадской забудовы.
Напрыклад, на былой Сенатарскай, якая ўжо называлася Камсамольскай, насупраць былой гімназіі пабудавалі электрастанцыю і да яе падвялі чыгуначную лінію. Крыху далей размясцілася прадпрыемства, што дало пачатак цяперашняму заводу «Эмальпасуда».
Такім чынам, пражыванне паблізу шумных і пыльных прамысловых аб’ектаў прэстыжным быць перастала. Паволі прыходзілі ў заняпад і іншыя, раней займаемыя гарадской элітай вуліцы. У мясцовых улад не хапала грошай на добраўпарадкаванне. Звернемся да кнігі Георгія Жукава, дзе ён апісваў свае першыя ўраджанні ад Слуцка. Па яго словах, горад быў вельмі забруджаны, нават у цэнтральнай частцы.
Па новаму цэнтр Слуцка аформіўся ў 1930-я гады, адкуль гандлёвую плошчу перанеслі на яе цяперашнее месца. А ў цэнтры аформілася плошча Леніна. Атрымаць жыллё ці пабудаваць яго паблізу цэнтра, а таксама жыць на вуліцы Пралетарскай (былой Шасейнай, цяпер — імя Леніна) лічылася па тым часе вельмі ганаровым.

Карэнным чынам паняцце аб прэстыжным месцы жыхарства змянілася пасля Вялікай Айчыннай вайны. Горад быў моцна разбураны. Архітэктурныя службы пры аднаўленні не дазвалялі будаваць прыватныя дамы ў цэнтры. На ўскраінах з’яўляліся новыя вуліцы і раёны, але яны прэстыжнымі не лічыліся. Існуючыя тады правілы рэгламентавалі як памер дома, так і яго вышыню, таму забудоўшчыку вызначыцца ў архітэктурным плане было цяжка.
Горад, асабліва яго цэнтральная частка, адбудоўваўся паступова. Марай случчан стала атрымаць кватэры ў двух- ці трохпавярховых дамах уздоўж вуліцы Пралетарскай, якія былі забяспечаны вадаправодам.

Новыя ўяўленні аб прэстыжнасці жылля выклікала сапраўдная рэвалюцыя ў будаўніцтве, што пачалася ў 1960-х гадах. З’явіліся пяціпавярховыя «хрушчоўкі» з гарачай і халоднай вадой, цэнтральным атапленнем і каналізацыяй. Першыя такія дамы будаваліся ўздоўж вуліцы Леніна, у раёнах вуліц Капыльскай і Парыжскай камуны. Там, па тагачасных слуцкіх мерках, знаходзіліся элітныя кватэры, а жыць несумненна лічылася прэстыжным.
Але праз дзесяцігодзе ў Слуцку па вуліцах Жукава і Будаўнікоў былі пабудаваны новыя дамы палепшанай планіроўкі. Сюды імкнуліся перасяліцца многія, але зрабіць было гэта не проста, бо кватэры тады не прадаваліся. Займець элітную «трохпакаёўку» можна было праз абмен або праз успупленне ў каператыў. І адно, і другое патрабавала грошай, сувязей і вялікіх клопатаў.
Што тычыцца жылля ў дзевяціпавярховых дамах, то яно так і не стала прэстыжным, незалежна ад раёна размяшчэння.
Лібералізацыя жыцця пад час перабудовы і пранікненне рыначных адносін садзейнічалі вяртанню такой каштоўнасці, як індывідуальная забудова, на гэты раз у выглядзе катэджаў. Кватэры ў шматпавярховіках, якія лічыліся нядаўна элітнымі, у вачах заможныж случчан пачалі разглядацца як прэстыж, толькі другога гатунку. Але аб гэтым размова пойдзе ў адным з наступных нумароў.

Ігар Ціткоўскі, Сяргей Багдашыч


Дарэвалюцыйная забудова вуліцы Шасейнай (цяпер вуліца Леніна)


Бульвар па вуліцы Шырокай (цяпер вуліца Камсамольская)

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии