Спектакль у бабіным царстве

0

Слуцкі народны тэатр драмы і камедыі імя Уладзіміра Галубка аднаўляе традыцыю: 27 сакавіка, у Міжнародны дзень тэатра, на сцэне ГДК адбудзецца прэм’ера. Увазе гледачоў прапануецца спектакль «Хочаш — вер, хочаш — не вер» па аднаіменнай п’есе беларускага драматурга Юрыя Вута.

Пра тое, чым  спектакль будзе цікавы публіцы, распавёў карэспандэнту «Кур’ера» Аляксандр Туміловіч, пастаноўшчык спектакля. — Гэты спектакль — пра жаноцкае сэрца і пра тое, чым можна яднаць нас, славян.

П’еса «Хочаш — вер, хочаш — не вер» вельмі актуальная на сённяшні дзень, у час, калі ўсе кудысьці ляцяць і мы забыліся пра дабрыню. Жывуць у адной вёсцы тры славянскія народы: рускія, беларусы і ўкраінцы. І ёсць такая фраза ў спектаклі: «И поэтому солнце в Кукуевке восходит трижды — для каждого народа на свой манер».
Якім чынам нам знайсці тое агульнае, што аб’ядноўвала б славянскія народы? Нас можа яднаць толькі культура, лічыць аўтар п’есы. Галоўны герой спектакля Пашка атрымлівае зверху загад акультурыць вёску. Ён прыязджае на сяло і збіраецца паставіць там спектакль з удзелам мясцовых кабет. Мужыкоў у вёсцы няма, таму што яны пабудавалі паветраны шар, прывязалі да яго карыта і паляцелі.
Спектакль накіраваны на тое, каб мы зразумелі, што шляхам мастацтва мы можам яднацца і што гэта галоўны складнік нашага яднання. У фінале глядач убачыць, што жанчына захоўвае ў сабе такую дабрыню, якую нават пад страшэннымі прымусамі нельга ў яе адабраць. Мне хочацца, каб гледачы зразумелі, што жанчына — гэта самы вышэйшы прыступак развіцця чалавека.
Галоўную мужчынскую ролю — Пашку — выконваю я. У п’есе ёсць словы ад аўтара. Алег Пінчук выконвае ролю здольнага растлумачыць, калі што не зразумела. Астатнія ролі — жаночыя: рускія, украінскія і беларускія маці і дачушкі.
Аліна Феактыстава грае беларуску Кандраціху. Глядач яе добра ведае па ролях у спектаклях «Ратуй душу яе», «Радавыя», «Генералы ў спадніцах», «Обыкновенное чудо». У яе не галоўныя ролі, але такія прыкметныя, асабліва для тых, хто ходзіць у тэатр.
Яе дачушку грае нікому не вядомая 13-цігадовая дзяўчынка Насця Туміловіч — мая дачка. Як толькі я прачытаў гэтую п’есу, адразу ж зразумеў, што гэтая роля для маёй Насці. Людміла Шахновіч выканае ролю ўкраінкі Гапачыхі, найбольш смяшлівага персанажа. Яе дачка Алеська — супрацоўніца раённага цэнтра народнай творчасці Марына Храловіч. Аліса Самусенкава з Мінска будзе граць рускую Матрону, а яе дачку Варвару — Варвара Моніч. Сцэнаграфію цалкам прыдумаў Алег Шапель.
Слуцкія тэатралы атрымаюць асалоду ад гумару, якім прасякнуты гэты спектакль, а ўважлівы глядач правядзе аналогіі з сённяшнімі буднямі.

Реклама

Таццяна Гусева

Аляксандр Туміловіч: “Спадзяюся, слуцкім тэатралам прэм’ера нашага тэатра прынясе задавальненне”

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии