«Мова — гэта народ»

0

28 сакавіка спаўняецца 75 гадоў вядомаму беларускаму паэту, пісьменніку, фалькларысту, перакладчыку, этнографу, кандыдату гістарычных навук Кастусю Цвірку.

Канстанцін Аляксеевіч нарадзіўся ў вёсцы Зялёная Дубрава Старадарожскага раёна. Пасля заканчэння філалагічнага факультэта БДУ настаўнічаў, працаваў у друку, на Беларускім радыё, ва Упраўленні па распа-ўсюджванні друку Міністэрства сувязі Беларусі,  у Рэспубліканскім доме народнай творчасці, Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі, выдавецтве «Юнасць», часопісе «Полымя». З’яўляецца кіраўніком і галоўным рэдактарам выдавецтва «Беларускі кнігазбор».
Напярэдадні юбілею наш карэспандэнт  сустрэўся са знакамітым земляком і задаў яму некалькі пытанняў.

З вышыні юбілею можна падвесці нейкія вынікі жыццёвага шляху. Як Вы прыйшлі да літаратурнай творчасці, як у паэзіі, так і прозе. Назавіце, калі ласка, Вашы дасягненні на гэтай ніве.
— Будучы школьнікам Залужскай сямігодкі, а пасля беларускай СШ №1 горада Старыя Дарогі, я спрабаваў пісаць вершы. Іх друкавалі ў раённай газеце, а таксама тады яшчэ Бабруйскай абласной газеце «Камуніст».
Неяк дзесяцікласнікам трапіў у рэдакцыю часопіса «Полымя». Мяне з вучнёўскім сшыткам, спісаным вершамі, прыняў галоўны рэдактар часопіса Максім Танк. Ён уважліва прачытаў маю «творчасць» і адабраў для публікацыі два вершы ў №5 часопіса за 1953 год. Такі быў мой дэбют у рэспубліканскім друку.
Пасля заканчэння сярэдняй школы паступіў на філфак Бел-  дзяржуніверсітэта. Будучы студэнтам, друкаваў  вершы не толькі ў часопісе «Полымя», але ў «Маладосці» і «Беларусі». Зароб-леныя грошы аддаваў маці.
Аспірантам інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук БССР прымаў удзел у зборы фальклору. У выніку, нарадзіліся кнігі дарожных нарысаў «Той курган векавечны», «Лісце забытых алеяў», «Камяні тых сядзібаў».
Жаданне расказаць пра свой род, вёску і яе людзей, якія перажылі падзеі  ХХ-га стагоддзя,  прывялі мяне да напісання кнігі «Будзіла вёску берасцянка».
У другім нумары часопіса «Полымя» за гэты год пачаў друкавацца мой раман «Воўчая выспа» на тэму трагедыі беларускага сялянства часоў калектывізацыі.
Пераклаў на беларускую мову і апублікаваў найбольш значныя творы польскамоўных паэтаў Беларусі XIX-га стагоддзя, такіх як Адам Міцкевіч, Тамаш Зан, і польскамоўныя творы беларускіх паэтаў Яна Чачота і Уладзіслава Сыракомлі.
Паралельна працую над выданнем вялікай кніжнай серыі «Беларускі кнігазбор», якое вядзецца з 1996 года недзяржаўным Міжнародным грамадскім аб’яднаннем  «Белкнігазбор», стваральнікам і нязменным рэдактарам якога з’яўляюся.
Толькі што атрымаў 45-ы том пад назвай «Расстраляная літаратура», дзе апублікаваны творы  67 беларускіх пісьменнікаў, загубленых карнымі органамі бальшавіцкай улады на працягу 20-50 гадоў.  Сярод аўтараў назаву найбольш вядомых: Цішку Гартнага, Міхася Чарота, Максіма Гарэцкага і іншых.
У згаданай серыі мяркуецца выдаць усяго 200 тамоў лепшых твораў беларускай літаратуры, уключаючы і эмігрантаў, ад старажытнасці да сённяшніх дзён.

Реклама

Творчыя планы даволі ўнушальныя. Але Вы вядзеце і навуковую дзейнасць…
— Кандыдацкую дысертацыю я абараніў па творчасці беларускага паэта XIX-га  стагоддзя Уладзіслава Сыракомлі. Апублі-каваў пра яго адпаведную манаграфію.
Я задаволены, што хрэстаматыя «Літаратура Беларусі. Першая палова XIX стагоддзя «, якую я склаў і выдаў у 2000 годзе, дапушчана Міністэрствам адукацыі Беларусі ў якасці вучэбнага дапаможніка для студэнтаў філалагічных спецыяльнасцей ВНУ. Напісаў у форме апавяданняў і выдаў у 2004 годзе папулярную гісторыю Беларусі «Край легенд».
Працуючы навуковым супрацоўнікам у Акадэміі навук, падрыхтаваў адзін з  тамоў «Вяселле. Абрад»шматтомнага выдання «Беларуская народная творчасць». Вывучаў беларускую фалькларыстыку, у выніку чаго ў сааўтарстве з Леанілай Малаш і цяпер ужо нябожчыкам Генадзем Каханоўскім выдаў кнігу «Беларуская фалькларыстыка эпохі феадалізму». Прымаў удзел у шэрагу навуковых экспедыцый  па вывучэнні фальклору і этнаграфіі ў многіх кутках Беларусі,  у выніку , фальклорныя матэрыялы запісаны і ўвайшлі ў розныя тамы «Беларускай народнай творчасці».

На жыццёвым шляху Вы сустракалісь з многімі цікавымі людзьмі…
— Мне пашанцавала на сустрэчы з добрымі людзьмі, пачынаючы з педагогаў Залужскай школы і СШ №1 Старых Дарог. Яны прывілі мне ў дзяцінстве цягу да ведаў, жаданне вучыцца далей. Удзячны аднакурснікам, асяроддзю, у якім працаваў навуковым супрацоўнікам у Акадэміі навук, старшым рэдактарам выдавецтва «Юнацтва», рэдактарам аддзела паэзіі часопіса «Полымя», галоўным рэдактарам выдавецтва «Беллітфонд».
Сустракаўся практычна з усімі беларускімі пісьменнікамі, мно-гімі філолагамі-навукоўцамі, што адбілася ў адпаведнай ступені на маей дзейнасці ў літаратуры і навуцы.

Ці задаволены дасягнутым у жыцці?
— Напэўна, так. Хаця хочацца зрабіць больш. У прыватнасці, выдаць усе тамы «Беларускага кнігазбору», дапоўніць і перапрацаваць  з улікам заўваг чытачоў кнігу «Будзіла вёску берасцянка». Ёсць і яшчэ творчыя  задумкі, пра якія, лічу, рана гаварыць.

Што Вас непакоіць сёння ў нашым грамадстве, у тым ліку ў літаратуры?
— Хацелася б, каб і надалей умацоўвалася наша беларуская дзяржаўнасць.
У сярэдзіне сакавіка я прысутнічаў на пасяджэнні рады Саюза беларускіх пісьменнікаў, які складаецца ў асноўным з маладых паэтаў і празаікаў. Практычна ўсе яны пішуць на роднай мове, за выключэннем дваіх: адзін доўгі час жыў у Расіі, а другая — у Кіргізіі, рэдагавала нават творы Чынгіса Айтматава. Яны таксама спрабуюць цяпер пісаць на роднай мове.
Мяне, як і іншую творчую інтэлігенцыю, хвалюе  ў апошнія гады русіфікацыя беларускай культуры. Чаму хвалюе? Таму што мова — гэта народ. Знікне мова — знікне і народ, а з карты свету — дзяржава Беларусь. Зменшылася колькасць беларускіх школ, вучняў, якія навучаюцца ці хочаць вучыцца на роднай мове. І гэта вельмі  трывожыць.

Што б Вы пажадалі чытачам газеты «Кур’ер»?
— Пажадаў бы, каб не забывалі свае карані, каб цікавіліся роднай культурай, гісторыяй, чыталі беларускую літаратуру — памяталі, што яны беларусы. Не можа  называцца культурным чалавек, які не ведае сваю родную культуру.

Гутарыў Яўген Валін


Кастусь Цвірка: “Хацелася б, каб і надалей умацоўвалася наша беларуская дзяржаўнасць”

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии