Бацькава віна

0

У пошуках грыбоў не прыкмеціў, як забраўся далёка ўглыб хвойніка ад дарогі, дзе стаяла легкавушка. Ціха ў лесе. Здаецца, усё застыла, вымерла. Пунсовае сонца ўзышло даўно. Проста не верылася, што быў апошні летні дзень — ціхі, сонечны, крыштальна-празрысты, з высокім небам і чыстым паветрам. Сонца свяціла поўнай сілай, але душнай гарачыні не было. Дзе-нідзе яшчэ блішчаць ад расы лакіраваныя лісточкі бруснічніку і лапкі елак, і нават нябачнае павуцінне, якое пакрыта бліскучай расой — пацеркамі.

Дождж прайшоў два дні назад, і ў ямках і нізінах блішчыць вада. Амаль тыдзень запар ішоў дождж. Церушыў і церушыў, быццам праз сіта. І вось зусім перастаў паліваць зямлю. Выбліснула сонейка. І ўсё навокал ажыло і павесялела. «Бабіна лета настала», — з замілаваннем кажуць аб гэтай пары восені.
Нішто жывое не траціць цяпер дарэмна гэтых залатых дзянькоў. Хто назапашвае на зіму кармы, што спяшаецца ўладкаваць цёплае жыллё, хто проста набіраецца сіл. Але кароткія залатыя дзянькі: лета — восень.
Пад нагамі звонка шамаціць лісце і мох. Цяжка перадаць тую бясконцую радасць і лёгкасць, якія ахопліваюць цябе дзе-небудзь на глухой лясной дарозе ці сцяжынцы і невялікай палянцы. Хочацца бясконца ісці і ісці на новыя сустрэчы з прыродай, удыхваючы паветра, прасякнутае водарам сасны, елкі, вераса, лясной сырасці і грыбамі, пахам лясных кветак. Вельмі добра крочыць у такі час у светлым бары з абсягамі квітучых верасоў, багульніка. Думаецца пра ўсё на свеце. Думкі ў лесе маюць іншую форму. Яны яркія, больш хутка змяняюцца адна за адной. Можа, гэта нават не думкі, а няпэўныя, няясныя адчуванні і летуценні. Лёгкая хваля, прыемная, падхоплівае, нясе, нібы на крылах, і ў гэтыя моманты знікае адчуванне часу, прасторы, душа нібы зазірае ў вечнасць.
Прыкметна хвойнік уступіў месца змешанаму лесу: бярозам, асінам, елкам, стройным кустам арэшніку. Здалося, што вельмі ж іду доўга маўклівымі зараслямі. Лёгкае хваляванне агарнула мяне. У незнаёмым лесе няцяжка заблудзіцца. Павярнуў назад і патрапіў на пратоптаную сцяжынку.
Сцяжынка прывяла на ўскраек лесу, побач віднелася прыбранае збожжавае поле. Непадалёку раслі старыя чатыры дубы, бярозы, клёны. Стаяла старая магутная яліна з асмаленым бокам.
Прайшоўшы некалькі крокаў па сцежцы, міжволі спыніўся: здалося, што дзесьці непадалёку нехта ўсхліпвае. Напружыў слых і зрок. І раптам за цёмным ствалом клёна ўбачыў постаць чалавека. Дакладней, толькі частку шэрай шапкі і чарнявы бок. Потым, угледзеўшыся, убачыў шэры прамавугольнік-помнік на жоўтым пясчаным курганчыку. Я зразумеў, што натрапіў на вясковыя могілкі каля дарогі, па якой мы прыехалі ўранку.
Пачулася яшчэ ўсхліпванне — працяжнае і глыбокае, змешанае з грудным цяжкім кашлем. Потым да слыху даляцелі словы, поўныя журбы і чалавечага мужчынскага гора: «Даруй, даруй, мая дачушка, мая крывінка…».
Варухнулася, нагнулася высокая чорная постаць, потым зноў застыла і зноў даляцела да слыху: «Даруй, родная дачушка, бацьку свайму…».
Асцярожна ступаючы, каб не пачуў маіх крокаў мужчына, я падаўся ў абход могілак і выйшаў на грунтовую дарогу.
А ў вушах, быццам абрыўкі малітвы, гучала страшэнным надмагільным голасам:
— «Даруй, родная, бацьку свайму …».
Я не ведаў, якую сцяжынку, які лёс напаткаў нябожчыцу, як звалі яе, дзе жыла і як памерла. Адно было зразумела: бацька ў нечым застаўся вінаватым перад дачкой сваёй. Да скону!..

Міхась Масюк

Реклама
0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии