Збройны арсенал

0

Кожнаму палетку, лужку, балоціне вакол нашай вёскі яе першыя насельнікі, што прыйшлі сюды недзе ў канцы васемнаццатага стагоддзя, далі пэўныя назвы — іх, як памятаю з даваенных часоў, набіралася дзесятка паўтара. Грудок гектара на два, дзе летам гусцела разнатраўе, падступаў да бліжэйшага лесу і называўся Бліжняе Клокава, крыху далей было і Дальняе. А да Бліжняга са сваім страечным братам Толем мы і падаліся ў адзін з першых ліпеньскіх дзён таго далёкага 1941 года — у лес, па чарніцы. А натрапілі на збройны арсенал: у траве пад кустом арэшніку ляжала пяць вінтовак-трохлінеяк з прымкнутымі штыкамі і адна новенькая вінтоўка СВТ, самазарадная, з магазінам на дзесяць патронаў.

Побач паблісквала латунню куляў кучка патронаў, у абоймах і россыпі мы налічылі 400 штук. У нас, хлапчукоў, што перад вайной скончылі сем класаў, дух захапіла ад такой знаходкі, бо яшчэ ніколі мы не трымалі ў руках баявой вінтоўкі. Да ўсяго ўбачылі на траве і шэсць працівагазаў у сумках, і чатыры каскі. Мы здагадаліся, што ўсё гэта скінулі адступіўшыя 26 і 27 чэрвеня з-пад Слуцка чырвонаармейцы. Праз нашу вёску яны ішлі яшчэ са зброяй. І кідалі яе хто ў жыце, а хто і ў лесе, узбоч прасёлачнай дарогі да вёскі Таліца. Дарэчы, дзве вінтоўкі я адшукаў у жыце паблізу сваёй вёскі і аднёс да таго ляснога арсеналу. Гэта было небяспечна, бо на трэці ці чацвёрты дзень пасля заняцця Слуцка немцамі нехта расклеіў у вёсцы на варотах і платах аддрукаваныя на лістах паперы — загады гарадской камендатуры з напамінкамі-пагрозамі, што кожнага, хто не здась знойдзеную зброю ці ўхавае яе дома, чакае расстрэл. Мы з братам тады па маладосці не бачылі асаблівай небяспекі ў тых загадах і рашылі схаваць знойдзены арсенал. Выкапалі на краю лесу траншэю-яму глыбінёй сантыметраў сорак, дома я скалаціў з дошак доўгую скрыню, ноччу мы яе з братам занеслі да той ямы, уклалі змазаныя папярэдне тавотам вінтоўкі і патроны і закапалі. Праўда, перад гэтым днём, калі над вёскай на вышыні метраў сто, не болей, праляталі нямецкія трохматорныя транспартныя самалёты Ю-52, мы з дзесяцізараднай вінтоўкі крыху пастралялі ў бок лесу, не задумваючыся аб тым, што гэтыя стрэлы, на выпадак прыезду ў вёску немцаў, могуць аддацца нам непрыемнасцямі ці каштаваць жыцця.
Позняй восенню аб тым арсенале я расказаў свайму бацьку, ён запрог каня ў драбінкі і вечарам прывёз з лесу тыя вінтоўкі і патроны, схаваў у гумне пад саломай. А пазней, вясной 1943-га года, перадаў знаёмым партызанам, ураджэнцам суседняй вёскі Паўстынь, дзе ён да вайны працаваў на палутарцы калгасным шафёрам.
Як сцвярджае ў сваёй кнізе «Ледакол» вядомы расейскі пісьменнік-эмігрант Віктар Сувораў, на акупіраванай у першыя месяцы тэрыторыі Беларусі, Украіны, Расіі, на месцах баёў і трапіўшых у акружэнне савецкіх армій засталіся кінутымі сотні тысяч вінтовак, звыш дзесяці тысяч гармат. І многія партызанскія атрады ў тыле ворага ўзбройваліся гэтым кінутым арсеналам.

Міхась Тычына

Реклама
0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии