Вялікія клопаты малога горада

0

Летась у Капылі ў рамках рэалізацыі праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця горада было створана амаль тры сотні новых працоўных месцаў - на семдзесят дзевяць працэнтаў больш, чым прадугледжвалася заданнем. Па меркаванні эканамістаў, такое значнае пашырэнне рынка працы для райцэнтра, дзе за апошнія пятнаццаць гадоў ліквідавалі два буйныя прадпрыемствы — завод гумава-тэхнічных вырабаў і гравійна-сартавальны завод — мае надзвычай важнае значэнне.
Сваімі назіраннаямі на вырашэнне гэтага пытання ў Капылі дзеліцца пазаштатны аўтар «Кур'ера».

Асноўную колькасць новых працоўных месцаў у Капылі стварылі прыватнікі. Напрыклад, індывідуальныя прадпрымальнікі, у якасці якіх летась зарэгістравалася звыш паўсотні гараджан. Яны далі працу яшчэ тром дзесяткам чалавек — вадзіцелям, прадаўцам, тынкоўшчыкам.

Бізнес стварае працоўныя месцы
Падтрымку ў развіцці прадпрымальніцтва аказвала раённая служба занятасці насельніцтва: яна дапамагла набыць спецыяльныя веды і першапачатковы капітал для наладжвання свайго бізнесу шэрагу капылян, якія раней былі беспрацоўнымі.
Вельмі важкі ўклад у агульную справу ўнеслі і прыватныя ўнітарныя прадпрыемствы: яны стварылі звыш 130 новых працоўных месцаў.
Фірма «Айсберг» дала працу адразу сямнаццаці чалавекам, «Залатая галіна» — адзінаццаці, «Транс-Велес» і «Морач-транс» — сямі, «Санарына», «Далікатэсгандаль», «Слодэкс» і іншыя — пяці.
Сярод тых, хто атрымаў занятак, было шмат беспрацоўных. Дарэчы, сёлета на Капыльшчыне намераны павялічыць колькасць малых прадпрыемстваў.
Сур’ёзна выручыла капылян у плане працы і сталічнае адкрытае акцыянернае таварыства «Сармат», якое некалькі гадоў назад адкрыла ў райцэнтры свой філіял, каб наладзіць тут вытворчасць будаўнічых матэрыялаў. Летась «Сармат» прыняў на працу больш трох дзесяткаў мясцовых жыхароў. Сёлета на Капыльшчыне пачне дзейнічаць яшчэ і ААТ «Сармат Будаўнічыя Тэхналогіі» па выпуску прэміксаў і фарбы з гадавым аб’ёмам вытворчасці ў 30 мільярдаў рублёў. І сюды неабходны працаўнікі.

Реклама

Інвестыцыі ў развіццё
Пятнаццаць новых працоўных месцаў стварылі ў Капылі дзяржаўныя прадпрыемствы і ўстановы, такія, як камунальная служба, аддзяленне «Белаграпрамбанка», цэнтральная раённая бальніца, тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, дарожнае рамонтна-будаўнічае ўпраўленне. Усе згаданыя меры дазволілі знізіць узровень беспрацоўя ў раёне з 1,1 працэнта да 0,8.
Яшчэ на адну дзесятую знізіць гэты ўзровень намечана і сёлета. У тым ліку і за кошт рэалізацыі некалькіх значных інвестыцыйных праектаў. Адзін з такіх праектаў, напрыклад, пачало ажыццяўляць адкрытае акцыянернае таварыства «Капыльскі масласырзавод». У выніку, прадпрыемства асвоіць вытворчасць сухой сывараткі, дзеля таго ААТ набыло спецыяльную лінію. Частку абсталявання на суму амаль 4 мільярды рублёў завод атрымаў. Зараз чакае астатняе. Агульны ж памер фінансавых укладанняў пераваліць за 10 мільярдаў.
Новая лінія не толькі створыць дадатковыя працоўныя месцы. Яна дасць магчымасць пусціць у справу адходы (да ста тысяч тон у год) і зарабляць на тым някепскія грошы. Акрамя таго, ААТ плануе павялічыць вытворчасць асноўных відаў прадукцыі, а таксама пашырыць яе асартымент — асвоіць выпуск паўцвёрдых сыроў «Галандскі прэміум» і «Расійскі новы», біякефіра «Бадзёрасць», пастэрызаванага віта-мінізаванага малака «Добрай раніцы» і многага іншага. Каб здзейсніць такія планы, зноў жа неабходны дадатковы персанал.
Самавіты інвестыцыйны праект ажыццявіла летась і прыватнае ўнітарнае прадпрыемства «Капыльскі кааппрам». Тут было закуплена і ўстаноўлена новае абсталяванне ў цэх па вырабу каўбас. На гэта скарыстана звыш 260 мільёнаў рублёў. А ўвогуле на мадэрнізацыю вытворчасці прадпрыемства ў мінулым годзе затраціла больш 350 мільёнаў. Дадаткова тут разлічваюць выручыць звыш 450 мільёнаў рублёў. Справа, відавочна, знойдзецца і новым работнікам.

***
Дарэчы, нямала інвестыцыйных праектаў намечана рэалізаваць у Капылі і ў гэтым годзе. У горадзе намераны пашырыць тэлефонную сетку амаль на паўтысячы нумароў, пабудаваць у ЦРБ рэзервовую кацельню на мясцовых відах паліва, узвесці новы 40-кватэрны жылы дом, капітальна адрамантаваць мяккія дахі трох дамоў, два дамы падвергнуць цеплавой рэабілітацыі, рэканструяваць некаторыя дваравыя тэрыторыі, вуліцы і праезды.

Сяргей Любшын


Малады капылянін Андрэй Калацкі нядаўна зарэгістраваўся ў якасці прыватнага прадпрымальніка. Ён вырашыў заняцца пасажырскімі перавозкамі і ператварыў уласны легкавы аўтамабіль у таксі

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии