Святло чырвоных рабін

0

Зіма. Моцна прыціснулі маразы, закружыліся сняжынкі, усё пакрылі беллю. Адзетыя ў іней дрэвы нерухома і ганарліва стаяць усцяж вуліцы, выхваляюцца серабрыстай прыгажосцю і ў той жа час як бы да нечага чуйна прыслухоўваюцца. Мусіць, баяцца ветру. Прачнецца той забіяка, засярдуе, і тады — снежнае футра. Асыплецца іней, галінкі зноў стануць безжыццёва-чорнымі, туж-лівымі.

Зіма. Моцна прыціснулі маразы, закружыліся сняжынкі, усё пакрылі беллю. Адзетыя ў іней дрэвы нерухома і ганарліва стаяць усцяж вуліцы, выхваляюцца серабрыстай прыгажосцю і ў той жа час як бы да нечага чуйна прыслухоўваюцца. Мусіць, баяцца ветру. Прачнецца той забіяка, засярдуе, і тады — снежнае футра. Асыплецца іней, галінкі зноў стануць безжыццёва-чорнымі, туж-лівымі.
Уздоўж дарог, канаў, у садах і прыгарадах ягады рабіны сабралі людзі, паклявалі птушкі, частку іх абтрос вецер. А вось гэта рабіна, што расце каля дома ў зацішку, сярод высокіх дамоў, стаіць у поўным уборы, ззяе сваім святлом каля вокнаў, па-ранейшаму чырвоная, і гарыць, разгараецца, нібы касцёл, запалены сярод снегу. Яна цяпер, зімой, захоўвае асаб-лівую прыгажосць, пунсавее на марозе спелымі ягадамі.
Я памятаю, як яна ціха, лагодна і пакорліва раскінула зеляніну, закіпела некранутым святлом узорных, тонкіх лісцікаў у маі, потым белымі кветкамі цвіла ў чэрвені. Уся белая, а ў паветры вакол яе стаяў мядовы водар -збірала пчол, вос, чмялёў. Потым памахвала жоўтымі гронкамі ў ліпені — жніўні. Улетку цяжкія гронкі не кідаюцца ў вочы, хаваюцца ў зялёным лісці. На зыходзе лета жоўта-буры колер лісця нікне ў чырвані ягад. Прыгожымі барвовымі кустамі сталі гронкі ў кастрычніку, чырванню ўзялося яе лісце ў лістападзе, а потым, карычнева-ахрыстае, са звонам апала, рассыпалася па зямлі, пакінуўшы на дрэве чырвоную сукенку паспяваючых гронак. Гарыць рабінавы пажар, пагойдваюцца аранжавыя гронкі, гудзе — спявае дрэва. Заўсёды міжволі запаволіш каля яго свой крок.
Ёсць нешта ўрачыстае ў тым, калі на «банкет» да рабіны злятаюцца лясныя госці, паклююць смачныя ягады, сагрэюцца каля дрэва, пашчабечуць. Весела працуюць, мітусяцца, стараюцца, паводзяць сябе ўпэўнена — на ўсё ёсць благаславенне рабіны. Сама ж запрасіла птушак паабедаць.  І цяпер, задаволеная, аддае ім свае дары. Дразды, амялушкі, снегіры скачуць па спелых гронках рабіны — сівой, стракатай ад інею. Раскляваныя ягады пунсовымі кроплямі падаюць уніз, разгараюцца на снезе. Неяк заўважыў стайку чубатых амялушак. На іх перка да перка прылягае, ніводнае бязладна не тырчыць. На крыльцах жоўтыя палоскі, на шыі — чорныя гальштукі. Вось на рабіне чародка снегіроў. Птушкі ў сонечных промнях то ўспыхвалі чырвоным полымем, то свяціліся блакітнымі агеньчыкамі, нібыта дэманстравалі прыгажосць свайго ўбрання.
Ціха струменіцца агонь рабінавы ў срэбранай снежнай цішы. Не згасне рабіна аж да цёплых дзён, іх многія плады не саб’юць завірухі і маразы, птушкі не паспеюць раскляваць, адгараць, адпаляюць яны паступова самі па сабе. Толькі з надыходам іх апошніх дзён гусцей будзе станавіцца палымяны колер. І вясной уцалелыя кутасы гронак ціха прывітаюць чалавека.
Зіма!.. Яна галосіць за нашымі вокнамі снегападамі і маразамі, шчабеча на вуліцах і ў скверах сініцамі, снегірамі, вераб’ямі, вабіць да сабе бялюткімі прасцінамі палёў, мяккай коўдрай, заінелымі дрэвамі. Падціскае марозік, калючым холадам дыхае свавольнік-вецер, рыпіць снег пад нагамі. Іскрыстая бель радуе сваёй чысцінёй і свежасцю. Дыхаецца лёгка-лёгка, здаровая чырвань кладзецца на шчокі.

Прыгадаліся радкі верша Пятра Глебкі:
… «А лес стаіць, маўклівы, ціха,
Не зварухне свайго галля…
Зіма, зіма… Бы ў цвеце ліпа,
У белым снезе ўся зямля.»

Реклама

Міхась Масюк

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии