Свінаматкі і свінататкі

0

У мінулым годзе для адкрытага акцыянернага таварыства «Слуцкі мясакамбінат», паводле слоў намесніка дырэктара ААТ па сельскай гаспадарцы Сяргея Сасноўскага, уласны комплекс па адкорму свіней паставіў звыш дзвюх тысяч тон свініны — амаль на трыста тон больш пазалеташняга ўзроўню. Акрамя таго, жывёлаводы маюць самавіты плюс па валавых прывагах сваіх кормнікаў, па выхаду парасят і па іншых паказчыках.

Гэты комплекс (ён належаў калгасу імя Дзяржынскага, які крыху пазней ператварыўся ў СВК «Наша ніва») ААТ прыняло пад сваю апеку ў дзвюхтысячным годзе. Тады тут размяшчалася ўсяго чатыры тысячы свіней, яшчэ тысячу з якіх давялося выбракаваць. Зараз свіное пагалоўе дасягнула амаль пятнаццаці тысяч. Яны ўтрымліваюцца ў чатырнаццаці капітальна адрамантаваных памяшканнях. Сёння комплекс пастаўляе амаль чацвёртую частку сыравіны, патрэбнай мясакамбінату для перапрацоўкі.
Прычым, каштуе тая сыравіна танней. Каб дабіцца максімальнай эфектыўнасці ў адкорме свіней, прадпрыемства не толькі дакладна адладзіла саму тэхналогію догляду пагалоўя, збалансавала рацыёны для кожнай групы жывёл, а і закупіла ў Літве ды Польшчы кныроў надзвычай высокапрадукцыйных парод «ландраст» і «іаркшыр» (за кожнага, дарэчы, заплочана па тысячы еўра), удасканаліла працэс адбору семяннога матэрыялу і штучнага асемянення свінаматак. Гэтыя ды шэраг іншых мер і прывялі ў рэшце да поспеху.
Спыняцца на дасягнутым тут не збіраюцца. Летась на комплексе ўзвялі адразу два новыя памяшканні, дзе ўжо сёлета мяркуюць размясціць сем тысяч свіней. Тыя памяшканні зараз актыўна начыняюць самым сучасным абсталяваннем нямецка-польскай вытворчасці. Там будуць і падлогі з падагрэвам, і механізаваная падача кармоў, і сістэма, аўтаматычна рэгулюючая мікра-клімат, і многае іншае. Пастаўшчык гэтага абсталявання выйграў тэндэр, у якім удзельнічала дзевяць айчынных і замежных фірм. Усё разам «пацягнула» больш чым на два мільярды рублёў. Але справа, на думку кіраўніцтва камбіната, таго каштуе.
Зразумела, што з такім самавітым ростам пагалоўя значна павялічыцца і расход камбінаваных кармоў. Яшчэ нядаўна зерне — адзін з галоўных кампанентаў для вытворчасці (яна на комплексе і наладжана) такіх кармоў - ААТ закупала ў гаспадарках раёна. Дык вось, летась патрэба ў закупе амаль поўнасцю адпала. Камбінат сам пачаў вырошчваць зерневыя культуры на землях далучанага да прадпрыемства СВК «Леткаўшчына».
Менш чым за год ААТ давяло далучаную гаспадарку (а гэта звыш пяці тысяч гектараў сельгасугоддзяў), якая апошнім часам апынулася ў ліку нізкарэнтабельных, да ладу. Буйныя фінансавыя сродкі камбінат уклаў у набыццё новай сельгастэхнікі і прычапнога інвентару, у пакупку мінеральных угнаенняў і іншых хімікатаў. Аддача не прымусіла сябе доўга чакаць: летась ураджайнасць каласавых пераваліла тут за сорак восем цэнтнераў на круг. Някепска ўрадзіла і кукуруза: прадпрыемства назапасіла амаль паўтары тысячы тон высушанага зерня згаданай культуры. Такім чынам ААТ стварыла надзейную сыравінную базу для ўласнай камбікормавай вытворчасці.
Гэты накірунак дзейнасці сваёй падсобнай гаспадаркі таварыства будзе развіваць і далей. Ужо, скажам, сёлета пасевы той жа кукурузы ў «Леткаўшчыне» мяркуецца павялічыць на трэць і давесці да васьмісот гектараў. Дзвесце гектараў культуры намечана ўбраць на зерне, астатнія — на сілас. Каб хутка і якасна спраўляцца з такой работай, ААТ у мінулым годзе набыло спецыяльны імпартны камбайн. Павялічацца плошчы і пад каласавыя (дзеля якаснай дапрацоўкі вялікіх аб’ёмаў збожжа тут сёлета плануюць зманціраваць новую сушылку), а таксама пад цукровыя буракі - вельмі прыбытковую для вяскоўцаў культуру.
Не шкадаваў мясакамбінат грошай і на рэканструкцыю кароўнікаў (у «Леткаўшчыне» маецца пяць ферм, дзе ўтрымліваецца буйная рагатая жывёла), і на абнаўленне трох мясцовых садоў (агульная іх плошча каля трохсот гектараў). Даволі значныя сродкі патраціла ААТ, каб запусціць у работу цэх па перапрацоўцы садавіны, які да гэтага амаль пяць гадоў прастойваў. Той цэх ужо выпусціў звыш дзвюхсот васьмідзесяці тон яблычнага пюрэ, што ахвотна набываюць і «Камунарка», і «Спартак», і іншыя вытворцы цукерак ды пячэння.
Такі «трыўмвітар» — камбінат, комплекс, гаспадарка — здольны, як упэўнены ў ААТ, супрацьстаяць праявам сусветнага фінансава-эканамічнага крызісу: нават у такіх умовах харчовыя тавары, у якія ператвараецца свініна, у тым ліку і вырашчаная ўласнымі сіламі, на складзе не заляжацца.

Сяргей Любшын

Реклама


Зараз свіное пагалоўе на ўласным комплексе па адкорму свіней ААТ «Слуцкі мясакамбінат» дасягнула амаль пятнаццаці тысяч

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии