Мастак-акадэмік са Слуцка

0

200 гадоў таму, 9 сакавіка 1809 года, у Слуцку нарадзіўся мастак Кандрат Ільіч Карсалін. Як і многія яго калегі-паплечнікі, што ў тыя часы пісалі абразы для мясцовых жыхароў і цэркваў, ён мог бы так і застацца невядомым нам іканапісцам-багамазам.

Аднак на жыццёвы шлях Кандрата паўплывала некалькі падзей, якія паасобку падаюцца выпадковымі, тым не менш у паслядоўнасці якіх можна заўважыць лёсавызначальную заканамернасць. Таму сёння мы ўспамінаем Кандрата Карсаліна як аднаго з першых ураджэнцаў Беларусі, хто пабываў не толькі ў Сібіры, але і ў Кітаі, вынікам творчай працы якога стала атрыманне звання акадэміка партрэтнага жывапісу, а пазней і членства ў Савеце пецярбургскай Акадэміі мастацтваў - вышэйшай мастацкай установы Расійскай імперыі.

Імя Карсаліна часам можна сустрэць у пераліку імён славутых выхаванцаў слуцкай гімназіі. У аўтараў такіх матэрыялаў верагодна спрацоўвае стэрэатып, што ўсё значнае, што даўней меў Слуцк, не магло абысціся без знакамітых «Слуцкіх Афін». На самой справе, як засведчыў у аўтабіяграфіі сам мастак, выхаваннем ён абмежаваўся хатнім, якое магло быць пры недахопе сродкаў у бацькоў - небагатых слуцкіх мяшчан. Таму калі і гаварыць пра адукацыю мастака, то, хутчэй за ўсё, яна была сама- стойнай. З 12 гадоў ён заняўся іканапісам, а з 14 — пачаў працаваць памочнікам у мясцовых іканапісцаў. Калі было ўжо больш за дваццаць гадоў, пазнаёміўся з прыбыўшым у горад выпускніком Віленскай малявальнай школы Тамашам Гесам, які даў пачатковыя парады ў засваенні партрэтнага мастацтва.

Реклама

З сярэдзіны 1830-х гадоў Карсалін жыў у горадзе Арол, дзе зарабляў партрэтным жывапісам. Там, калі ў 1837 годзе прымаў удзел у мастацкай выставе, звярнуў на сябе ўвагу канферэнц-сакратара пецярбургскай Акадэміі мастацтваў, які тут аказаўся выпадкова, праездам на Украіну. Гэты чыноўнік параіў мастаку паступаць у акадэмію ў Пецярбург. На наступны год Карсалін быў вольна-слухачом Акадэміі мастацтваў, кіраўніцтва якой ацаніла яго як здольнага навучэнца. Аднак праз год, калі атрымаў званне пазакласнага мастака (ніжэйшая прыступка ў мастацкай атэстацыі, якая давала права на працу і вольнае пражыванне ў любым горадзе імперыі) працягваць вучобу з-за недахопу сродкаў аказалася немагчыма. Спроба звярнуць увагу цара на здольнага вучня з мэтай дапамогі была безвыніковай. Савет акадэміі прапанаваў Карсаліну працу мастаком пры Рускай духоўнай місіі ў Пекіне.

На жаль, гэта не прынесла чаканых матэрыяльных выгод — недапрацаваўшы абумоўлены тэр-мін, з-за хваробы, прыйшлося вяртацца ў Расію. Спачатку жыў у Іркуцку, а на пачатку 1850-х гадоў прыехаў у Пецярбург. За прадстаўлены ў 1855 годзе ў акадэмію партрэт обер-свяшчэнніка арміі і флатоў Кутневіча атрымаў званне акадэміка, а на пачатку 1860-х гадоў стаў членам Савета Акадэміі мастацтваў. У расійскай сталіцы працаваў да 1872 года. Як сведчаць архіўныя матэрыялы, у 1879−1883 гадах Кандрат Карсалін жыў у Слуцку. Апошняя дата верагодна з’яўляецца і годам смерці мастака.
На жаль, творчая спадчына нашага земляка вывучана мала. Самым вядомым творам сёння з’яўляецца пейзаж «Від на загарадны палац у ваколіцах Пекіна», які захоўваецца ў Рускім музеі ў Пецярбурзе. Акрамя пейзажаў, Кандрат Ільіч пісаў карціны на біблейскія сюжэты і абразы. Аднак найлепшым чынам яго талент раскрыўся ў партрэтным жанры.
У экспазіцыі Іркуцкага мастацкага музея можна ўбачыць напісаны ім партрэт аднаго з мясцовых чыноўнікаў. У беларускім Нацыянальным мастацкім музеі захоўваюцца яго тры невялікія акварэльныя пра-цы і адна, напісаная алеем. Несумненна, што некалі творы Карсаліна меліся і ў Слуцку.

Жыццёвы шлях Кандрата Карсаліна перасякаўся з мно-гімі цікавымі людзьмі. Адным з іх быў Тарас Шаўчэнка. Разам з будучым славутым украінскім кабзаром Кандрат паступаў на вучобу ў Акадэмію мастацтваў, у тагачасных акадэмічных паперах іх прозвішчы прыводзяцца побач. Другім стаў Іосіф Гашкевіч, які скончыў Мінскую духоўную семінарыю, потым духоўную акадэмію ў Пецярбурзе, а потым стаў вядомым даследчыкам усходніх культур. Яны разам уваходзілі ў склад Рускай духоўнай місіі ў Пекіне.
Пазней, калі Гашкевіч стаў рускім консулам у Японіі, то для царквы консульства, якое размяшчалася ў горадзе Хакадаце на востраве Хакайда, замовіў Карсаліну напісаць абразы «Нараджэнне Хрыстова» і «Уваскрасенне Хрыстова».

Мастак Кандрат Ільіч Карсалін — адзін з тых нашых таленавітых землякоў, чыя творчасць пераважна звязана з рускім мастацтвам. Ён быў адным з першых мастакоў, чые творы знаёмілі жыхароў Расійскай імперыі з краявідамі Кітая, выглядам жыхароў гэтай далёкай краіны і яе культурай.
Яго імя згадваецца ў ліку мастакоў - пачынальнікаў партрэтнага мастацтва ў Сібіры. Несумненна, што яго імя не павінна быць забыта і на радзіме.

Ігар Ціткоўскі


К. Карсалін. Від на пецярбургскую Акадэмію мастацтваў з боку ракі Нява


К. Карсалін. Від на загарадны палац у ваколіцах Пекіна. Фрагмент. 1860 год

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии