Не забывайце сваіх матуль

0

Яшчэ мне верыцца,
Яшчэ мне верыцца…
Сяджу, чакаю ля вакна.
А толькі не! Ужо не вернецца
Ні днём, ні вечарам яна.
А.Пысін

У памяці кожнага з нас шануецца імя чалавека, а то і многіх добрых, паважаных нам людзей. Гэта нашы матулі, сёстры, жонкі, сяброўкі, настаўніцы. Навогул, усе каму мы вельмі ўдзячны за ласку і шчырасць, дабрату і падтрымку, увагу і далікатнасць.
Напярэдадні 8 Сакавіка ўслаўляем нашых жанчын. Кожнаму прыходзіць на памяць штосьці дарагое і знаёмае. Мама, матуля, маці! Колькі цеплыні, пяшчотнасці ў гэтых самых дарагіх словах на зямлі! Гучаць яны музыкай жыцця і самаахвярнасці. Сваім нараджэннем мы абавязаны ёй — Маці. Яна радавалася нашай першай усмешцы, першым гукам, першым крокам. Пацалунак маці, словы суцяшэння гаілі боль лепш за любыя лекі. З яе, бы з чысцюткай крыніцы, пачынаецца ўсё самае лепшае ў жыцці чалавека. Самае першае слова, вечнае слова — «Маці»! У гэтым слове сыноўняя і дачэрняя пяшчота і пакланенне перад штодзённымі і часам нябачнымі турботамі мацярынскай самаадданасці. Што можа быць больш свяшчэнным, чым імя Мама! Гэтае слова вымаўляе неўмаля амаль аднолькава на многіх мовах свету. Яно заўсёды гучыць ганарова, ласкава і пачэсна.
Для любога з нас: дзіцяці, падлетка, юнака, пасівелага дарослага — маці - самы родны, блізкі, паважаны чалавек на Зямлі, які падарыў нам жыццё. У матулі самыя ласкавыя і ўмелыя рукі, самае вернае, чулае сэрца ў якім ніколі не згасаюць павага і каханне. Мацярынскае сэрца заўсёды адклікаецца на кожны покліч, на кожную вестку і трывогу.
Нашы маці гатовы на самыя неверагодныя ахвяры для таго, каб дзеці былі здаровымі і шчаслівымі. Матуля не проста любіць сваё дзіця, слабое і дужае, спакойнае і крыклівае, бачыць яго ў шчасці і ў горы, у смутку і ў радасці, і калі жыццё жорстка абыходзіцца з ім. У цяжкія хвіліны сагравае промнямі сваёй любові; свеціць, калі цёмна; грэе, калі холадна; аддае апошні кавалак хлеба, калі голадна; закрывае грудзьмі, калі напаткае якая-небудзь небяспека.
Мне ніколі не забыць твае пяшчотныя вузлаватыя, мазольныя, але такія мяккія рукі, якія пахлі пустазеллем і жытневым хлебам, смачным прыемным сырадоем. Мне ніколі не забыць таго, як жала і вярталася з сярпом на плячы з поля; як пры керасінавай лампе прала кружаль, воўну, кудзелю, трасціла і сукала ніткі, снавала аснову, цыравала, вязала, сядзела за кроснамі. А якія смачныя пірагі гатавала! Запрашала пагасцяваць і, як птушка, увесь час у клопатах, увішная, пералятала з пакоя ў кухню, на падворак, каб дагадзіць госцю, тут жа прынесці яшчэ што-небудзь з кладоўкі - лепшае, смачнейшае. Мне ніколі не забыць таго, як шыла штаны, кашулі, абшывала нас і суседзяў. Праз гады і расставанні помню цёплыя рукі, помню кожную рыску і маршчынку, помню косы, помню родныя вочы, вусны, помню песні над калыскай.
Я ведаю, што ў яе жыцці было мала памылак, але я адно ведаю цвёрда: вышэй за ўсё і перш за ўсё была ў яе — чалавечнасць. Зараз, ужо даросламу чалавеку-пенсіянеру, надзвычай помніцца тое светлае маленства, а тыя казкі, песні і пажаданні гучаць у маім сэрцы праз многія гады-шляхі. На ўсё жыццё запомніў заклапочаны позірк, які прарочыў удачу, дапамагаў не хіліць галаву перад жыццёвымі перашкодамі і захоўваць веру ў людзей. Любае, дарагое, незабыўнае дзяцінства! Чаму ён, гэты навекі беззваротны час, здаецца больш светлым, багацейшым і святочным, чым быў у сапраўднасці.
Усімі сваімі поспехамі абавязаны мы матулі. І мы ў вечным даўгу перад ёю — рухавай, рупнай на працу, сціплай і строгай, акуратнай і цярплівай, самаадданай!
Вось цябе няма. Паўстаў надмагільны помнік і ўзгорачак зямлі. Больш не адчую пяшчотны рух спрацаваных рук, не ўбачу любы твар, лагодныя вочы…
Я захаваў у сваім сэрцы тваю веру ў людзей, шчырасць і тваю дабрату. Ты навучыла мяне распазнаваць, дзе дабро, дзе зло, навучыла папраўляць свае памылкі. У цяжкія часіны ты, маці, заўсёды побач са мною.
Паважаныя мужчыны! Шануйце сваіх матуль, бабуль, жанчын. Толькі дзякуючы ім, мы — мужчыны — дабіліся нейкіх поспехаў. У нашым досыць складаным жыцці трэба, каб заўсёды нас сагравала, свяціла цёплае сонейка. Адно патрэбна ім заўсёды — наша турбота і ўвага, каб не патухаў сямейны агеньчык. Шчырым словам дзякуем Вам, жынчыны-мадонны, за ўсё добрае і вялікае! Хвала Вам, нашы маці, жонкі, сёстры, дочкі і ўнучкі! Хвала Вашым цёплым сэрцам, усмешкам, стараннай працы! Зычым моцнага здароўя, шчасця. Будзьце заўсёды вясёлымі, прыгожымі, прывабнымі! Давайце не будзем забываць пра іх. Нашы жанчыны гэта заслужылі!

Прыгадаліся радкі паэта М. Рыленкова:

Реклама

Я помню руки матери моей, Хотя её давно уж нет на свете. Я рук не знал нежнее и добрей, Чем жёсткие мозолистые эти.
… Я помню руки матери моей.
И я хочу, чтоб повторяли дети:
«Натруженные руки матерей,
Святее вас нет ничего на свете!»

Міхась Масюк

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии