Не астудзі сваё сэрца

0

За вакном ішоў мелкі, імжысты, халодны восеньскі дожджык, а ў зале было цёпла і ўтульна.
Жанчына вязала шкарпэткі, хлапчук-першакласнік Андрэйка чытаў у голас казку.

— Эх, ну і задажджыла, а трэба ісці ў магазін, сёе-тое да вячэры купіць, хутка бацька прыйдзе з працы, — сказала жанчына, ад- кладваючы вязанне ў бок.
— Мамка, і я з табою, — падхапіўся хлапчук.
— Сядзеў бы дома, глядзі, што на вуліцы робіцца, — але хлапчук ужо нацягваў боты ля парога.
— Ну, добра, — згадзілася маці, — толькі ведай: цукерак сёння купляць не будзем, і каб не ныў у магазіне, бо грошай малавата, а да зарплаты яшчэ тры дні. Ідзі, вызывай ліфт, а я зараз іду, толькі куртку апрану.
Праз некалькі хвілін яны былі на вуліцы. Дождж трохі спыніўся, але ад рэчкі цягнула вільгаццю і прэлым апаўшым лісцем. Бярозы ля дома стаялі голыя і мокрыя, апусціўшы свае галінкі, як бы сарамліва прыкрываючы сваю нагату. У магазіне было яшчэ не шмат людзей, было толькі пяць гадзін. Андрэйка адразу ж памкнуўся да прылаўка, дзе прыгожымі, прываблівымі горкамі ляжаць цукеркі, але ўспомніў, што казала маці, спыніўся і паплёўся за ёю. Маці тым часам узяла, што ёй трэба, падышла да касы, каб разлічыцца, шукаючы вачыма малога.
Дзе ж ён падзеўся, гэты блазнюк, і ўбачыла малога ля вакна. Андрэйка стаяў і плакаў.
— Божа! — зашчаміла мацярынскае сэрца, мабыць-такі трэба купіць хоць некалькі цукерак. Разлічыўшыся, маці падышла да малога.
— Ну, што ты, сынок, хадзем, купім табе цукеркі.
Малы, ухапіўшы жанчыну за руку, яшчэ горш заплакаў.
— Мамачка, не трэба мне цукерак, не трэба.
— Можа ў цябе што баліць, — захвалявалася маці.
— Не, не баліць, — скрозь слёзы адказаў Андрэйка. Вунь, вунь, глянь, — ён паказаў на бабульку, якая ў адной руцэ трымала вузельчык, а другой рукой выцірала з твара слёзы. — Мамачка, родненькая, ёй не хапіла грошай на малако, хлеба яна купіла, а на малако не хапіла, а пенсію яшчэ не далі. Мамачка, дай, дай ёй грошай, — і вельмі моцна заплакаў, так, што некаторыя пакупнікі пачалі звяртаць на іх увагу.
— Добра, добра, сынок, чакай, я зараз. Жанчына дастала некалькі паперак, падышла да бабулі і, пагаварыўшы з ёй, дала грошы, затым пайшла да малога.
Андрэйка, ухапіўшы за руку маці, горача пацалаваў са словамі: «Дзякуй, мамачка, дзякуй, у бабулькі будзе сёння што есці!».
У жанчыны выступілі на вачах слёзы.
— Божа, дзякуй табе, што даў майму дзіцяці такое шчырае сэрца! Будзь усё жыццё такім і, калі вырасцеш, памужнееш, не астудзі сваё сэрца, сынок, — падумала пра сябе маці, употай выціраючы слязу.
А бабульку гэту жанчына ведала. У яе быў толькі адзіны сын, але той стаў алкаголікам і нідзе не працаваў, а матчыну пенсію прапіваў. Носіць жа зямля і такіх сыноў.
Але потым людзі гаварылі, што яго забралі на лячэнне, а бабульцы дапамагалі незнаемыя людзі.
Да вас звяртаюся, дзеці: «Не астудзіце сваё сэрца, рабіце дабро, і дабро да вас вернецца».

Мікола Корань

Реклама
0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии