Круглянскі Ян-музыка

0

Баяніста Яна Міцкевіча з вёскі Круглае, што ў чатырох кіламетрах ад Кучына, калі ехаць на Урычча, ведалі мо ў дзесяці ці болей навакольных вёсках, куды яго запрашалі іграць не толькі на вечарынках, а і на вяселлях — і ён нікому не адмаўляў.

Заказчыкі пасылалі па яго павозку, а калі зімой, то запрэжанага ў сані буланага. Дзядзька Ян па прыезду, калі вечарынка ладзілася ў вялікай хаце (бо клубы ў 40−70-я гады былі рэдкасцю ў вёсках) садзіўся на покуце, пад абразамі, схіляў да баяна галаву і, прыжмурыўшы адно вока, да глыбокай ночы рэзаў польку, вальсы, кракавяк, а то і гапака. Плацілі яму часцей не грашыма, якія ў кашальку бацькоў рэдка вадзіліся, а натурай — бутэлькай самагону-першаку, а ў прыдачу — брус добрага сала з кубла. Ды і за сталом вясельным ён быў сваім госцем, пад добрую чарку падыграваў застоллю, калі гучэла народная песня.

Дамоў, у Круглае, яго адвозілі на возе, засланым духмяным мурагом, ці ў санях — па пары года. Хіба што ў вялікія праваслаўныя пасты ў Яна не было заявак на ігрышчы: вяскоўцы трымаліся запаведзяў царкоўных.
Але было ў яго жыцці запрашэнне, якога Ян не чакаў - з блок-паста на шашы-«варшаўцы» паблізу Кучына. Гарнізон яго складаўся з уласаўцаў. Напярэдадні новага 1944 года ў Круглае на санях адтуль прыехала трое ўзброеных вінтоўкамі салдатаў у шынялях, на рукавах якіх значылася нашыўка «РОА» — Русская освободительная армия.
Няпрошаныя госці зайшлі ў хату і загадалі Яну ехаць з імі на навагоднюю вечарынку, што ладзіў іх гарнізон. Ён адказаў, што такая паслуга можа каштаваць яму і жонцы жыцця, калі даведаюцца аб гэтай паездцы партызаны, а яны часцяком ноччу, а то і днём наведваліся ў вёску. Салдаты запэўнілі, што ноччу яны прывязуць яго назад, дамоў. Ніхто і ведаць не будзе. Жонка ў адказ развяла перад Янам рукамі: маўляў, едзь, бо гэтыя з аружжам ад цябе не адчэпяцца, не для таго ехалі.
У зямлянцы, паблізу бункера, як распавядаў мне пры жыцці Ян, за накрытым сталом сядзела чалавек восем ці дзесяць уласаўцаў, усе размаўлялі па-руску. Загадалі яму іграць пад вядомую тады песню «Кацюша», самі падпявалі, потым адзін успомніў папулярную да вайны песню «Тры танкісты». Пілі самагонку, што сёй-той з гэтых людзей памятае тое лепшае, што захавалася ў памяці нават ва ўмовах нямецкага палону і службы на гэтым блок-пасту. А спявалі яны са слязамі на вачах. Потым, калі большасць салдатаў была на добрым падпітку, адзін з іх запрасіў Яна ў тамбур — на перакур. Пачаставаў цыгарэтамі, паведаў цішком, што трапіў у палон пад Вязьмай восенню 41-га, ледзь не сканаў ад голаду ў лагеры для ваенна-палонных у Бабруйску. А ў 43-м восенню іх, дахадзягаў, нейкі рускамоўны вербаўшчык угаварыў уступаць ва ўласаўскую армію, інакш, маўляў, падохнеце тут. І ён адважыўся. Ян убачыў на яго вачах слёзы. І спытаў, чаму б яму не перайсці да партызанаў, са зброяй у руках яны прымаюць, сам бачыў такога перабежчыка. Ён адказаў, што баіцца, каб не прыстрэлілі «асабісты». А ты, адказаў Ян, паспрабуй — можа, і павераць. Салдат прамаўчаў.
На досвітку два салдаты прывязлі яго на санях дамоў. То ён, як паведала мне пазней, пасля смерці мужа яго жонка Лізавета, усю зіму баяўся партызанаў, бо пра яго паездку на блок-пост у вёсцы ўсё ж ведалі.
Пасля вайны Ян Міцкевіч не раз выступаў на раённых і абласных аглядах лепшых баяністаў, браў прызы, адзначалі яго майстэрства і ганаровымі граматамі. І на вяселлі вясковыя, што тады ладзіліся ў хаце жаніха, яшчэ не адзін год запрашалі з баянам, а іх у яго было аж тры. Пасля смерці мужа Лізавета распрадала баяны, таму як дзяцей у іх не было сваіх. У хаце Міцкевічаў зараз гаспадар — настаўнік са Слуцка, дачнік. З колішніх старажыхароў вёскі, у якой пасля вайны было 22 двары, пражывае шэсць пенсіянераў.

Реклама

Міхась Тычына

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии