Прабачэнне праз гады

0

У сярэдняй школе вёскі Пагост Салігорскага раёна 7-га лютага адбылася сустрэча выпускнікоў, якія скончылі школу трыццаць гадоў таму. На гэту сустрэчу прыязджалі як былыя вучні, так і іх настаўнікі, некаторым з якіх мінула за восемдзесят гадоў.

Бліжэй да дамоўленага часу да школы сталі падыходзіць аўто. Першымі прыехалі салігорскія шахцёры. Свае машыны перад школай паставілі ў рад. Па машынах можна было адзначыць, хто з былых вучняў сёння ёсць хто. І калі сабраліся амаль усе, каб дружна класам зайсці ў школу, пад’ехала машына, ад якой зайздросна ахнулі шахцёры. З машыны выйшла высокая кабета, з радаснай усмешкай пайшла да хлапцоў. І раптам нехта гучна здзівіўся: «Галя Прахорчык!».
У класе іх чакалі былы класны кіраўнік Валянціна Мікалаеўна, выкладчыца матэматыкі, Людміла Іванаўна, настаўніца гісторыі і арганізатар школьнага музея, Людміла Яўхімаўна, настаўніца біялогіі і хіміі, галоўны арганізатар палітычна-масавых мерапрыемстваў піянерважатая Лілія Пятроўна.
Калі скончыліся пацалункі і абдымкі, былыя настаўнікі прапанавалі саставіць сталы, сталі выкладваць хатнюю выпечку. Мне здавалася, што іх настаўнікі хацелі падкрэсліць, што і ў свае 70 і 80 гадоў яны яшчэ на многае здатны. Пачалася сяброўская размова. Класная прапанавала вучням расказаць пра сваё жыццё.
Большасць мужчын працуе ў шахтах Салігорска. Адзін — галоўным аграномам, другі будуе мінскае мятро, а яго жонка-аднакласніца працуе галоўным бухгалтарам будаўнічай фірмы, Галя Прахорчык, якая заставіла ахнуць шахцёраў ад свайго аўто, працуе фінансавым дырэктарам беларуска-еўрапейскай фірмы. Толькі адзін адмоўчваўся. Але і яго заставілі гаварыць.
— Школа, ваенны інстытут, ваенны завод, камсамол, беларускі універсітэт, абарона дысертацыі, амаль год стажыроўкі ў Германіі і касмічныя тэхналогіі. А пасля нікому гэтыя тэхналогіі сталі непатрэбнымі. Амерыканцы на падставе нашых распрацовак арганізавалі вытворчасць прыбораў і матэрыялаў, а мне прыйшлося гэта пакінуць. У 2003 годзе свая фірма па рэкламе і піару. Распрацавалі тры праекты Указаў Прэзідэнта, з якімі згадзіліся ў адміністрацыі Прэзідэнта. Цяпер займаюся піарам заводаў МАЗ і другіх. Маю сваю трохпакаёвую кватэру, жыву адзін, дзяўчына не дачакалася маёй жаніцьбы і пакінула мяне. Як эксперт па аўтапрому даваў нядаўна інтэрв'ю нямецкаму тэлебачанню… Але, мяркую, няхай лепей наша піянерважатая раскажа, як жывуць яе дзеці далёка за межамі Беларусі.
Мы любілі слухаць, калі расказвала яна нам пра жабрацкае жыццё дзяцей на Захадзе. А сёння яе дзеці жывуць у Еўропе, з імі я часта кантактую.
Паднялася жанчына, якой даўно мінула 70 гадоў:
— Прашу прабачэння за той падман, што на працягу доўгіх гадоў рабіла я не па сваёй віне: нам хлусілі, а мы вам. Цяпер вы лепш за нас ведаеце пра жыццё ў свеце, ды і я на старасці гадоў праехала, паглядзела. Яшчэ раз прашу прабачэння.
Лілія Пятроўна нізка пакланілася былым піянерам.

Уладзімір Амяльчэня

Реклама

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии