Як зарабіць грошы

0

Калі з такім пытаннем звярнуцца да людзей, большасць адкажа: цяжкай працай. Так усё жыццё думаў і я.

Субота — той дзень, калі жэняцца і гуляюць вяселлі. У адну такую суботу трапіў я, жыхар Салігорска, у парк на праспекце Пераможцаў у Мінску. Пасля гарадскога тлуму тут ціха і спакойна: над сцежкамі схіляюцца вербы, вакол прыгожыя мосцікі і трава-мурава. Не меней дзесятак пар маладажонаў у суправаджэнні гасцей гуляюць па парку. І раптам насустрач выходзіць казачны дзед-гусляр. У яго абліччы нешта рыцарскае. Каб не чорныя сучасныя акуляры, можна падумаць, што прыйшоў ён з гадоў Княства Літоўскага. Падходзіць і віншуе маладажонаў. Віншаванні добра вершаваныя. У гэтых вершах нешта Біблейскае і сучаснае. Заканчваецца віншаванне прапановай заплаціць. Плата калі рублямі, дык дзесяткамі тысяч, лепей плаціць зялёнымі, яны прыносяць большае шчасце. Атрымаўшы сваё, казачны дзед спяшаецца насустрач другім маладажонам. Казка паўтараецца.
На выхадзе з парку сядзіць другі кудзеснік. Ён апрануты звычайна па сённяшняму. Але пры ім клетка з галубкамі. А галубкі не прастыя. Калі пару галубкоў патрымаць у руках, а пасля выпусціць, маладажонам наканавана век жыць у каханні. Момант выпуску галубоў лепей сфатаграфаваць на фоне недалёкай царквы. І вечнае шчасце каштуе толькі пяцьдзесят тысяч беларускімі. Хто з маладажонаў не хоча сабе шчасця? Таму бяруць галубкоў, тыя з рук узлятаюць увысь і спешна вяртаюцца да гаспадара, каб зноў ашчаслівіць новую пару маладажонаў.
Калі шчасце тут купіць толькі дзесяць пар, прадаўцы маюць толькі па паўмільёна. А калі больш, ды чатыры разы ў месяц? Пра такія заробкі не марыць кузнец Мінскага трактарнага завода, які саправаджаў шчаслівую пару ў парку.
Калі маладажоны падняліся да сваіх аўто на праспект, каб ехаць далей, там іх чакаў патруль дзяржаўнай аўтаінспекцыі. Той шчасця не абяцаў, але грошы таксама ўзяў.

Уладзімір Амяльчэня

Реклама
0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии