Адзнакі кніжных скарбаў

0
Реклама

Ва ўсе часы кніга з’яўлялася аб’ектам увагі як крыніца ведаў і як утрымальнік духоўных каштоўнасцяў. Іх збіралі. Унікальныя кнігазборы вядомы са старажытнасці. У гісторыі нашага краю таксама знойдзем цікавыя, вартыя нават асобнай размовы, сабранні кніг. Каштоўнасць некаторых рарытэтаў прымушала ўладальнікаў рабіць захады па забяспячэнню іх захаванасці, у тым ліку прастаўляць на старонках кніг адпаведныя адзнакі або надпісы.

У ліку колішніх мясцовых кнігазбораў на першым месцы стаяць бібліятэкі царкоўныя. Пад час перамяшчэння маёмасці праваслаўнага Троіцкага манастыра ў 1869 годзе са Слуцка ў Мінск была вывезена і бібліятэка. На новым месцы зрабілі яе апісанне. У Слуцку ж засталася нязначная колькасць кніг, каштоўнейшай з якіх было рукапіснае Евангелле Юрыя Алелькавіча. Гэта манастырская бібліятэка збіралася на працягу стагоддзяў. Першае яе апісанне было зроблена ў 1494 годзе, яна складалася тады з 45 рукапісных кніг. Захаваліся звесткі пра кнігі, што меліся ў гарадскіх Праабражэнскім і Ільінскім манастырах, пры буйных цэрквах. Царкоўнае кіраўніцтва клапацілася і аб забяспячэнні кнігамі храмаў і манастыроў краю. На працягу ХVІІ-ХVІІІ стагоддзяў гарадская кальвінская абшчына ўтрымлівала значны кнігазбор пры рэфармацкім храме і гімназіі. Не адставалі і мясцовыя манахі-езуіты — у ХVІІІ стагоддзі іх калегіяльная бібліятэка, што размяшчалася пры езуіцкім Троіцкім кляштары, па колькасці экзэмпляраў у краіне саступала толькі езуіцкай бібліятэцы ў Полацку.
Цікавасць уяўляюць княжацкія сабранні. У ХV-ХVІ стагоддзях гэта была бібліятэка князёў Алелькавічаў, у пазнейшыя часы — Радзівілаў. Меліся і іншыя прыватныя кнігазборы: у губернатара Слуцкага княства Казіміра Клакоцкага (ХVІІ стагоддзе), у кіраўніка Праабражэнскага брацтва і члена мясцовага магістрата Івана Скачкевіча (ХVІІ стагоддзе), у кальвінскага пастара Бергеля (ХІХ стагоддзе).
Для сучаснага чалавека паліца з кнігамі ўжо не рэдкасць. Дзеля задавальнення попыту чытачоў у горадзе і раёне дзейнічаюць ведамасныя бібліятэкі, Цэнтральная раённая бібліятэка і яе філіялы. Кнігі дзяржаўных або грамадскіх бібліятэк пазначаюцца адпаведным штэмпелем, прыватныя ўладальнікі часам адзначаюць кнігі ўласным надпісам. Але для паважаючага сябе бібліяфіла найбольш ганарова мець свой кніжны знак — экслібрыс.

Кніжны знак
Экслібрыс — гэта мініяцюрная графічная выява, у якую ўваходзяць тэкст і малюнак, з якіх можна даведацца пра ўладальніка кнігі і аб тэматычнай накіраванасці кнігазбору.
Правобразам экслібрыса трэба назваць надпісы, якія рабіліся на старонках кніг. Такія ўладальніцкія, а таксама дарчыя і ўкладныя запісы для даследчыкаў вельмі каштоўныя, бо дазваляюць прасачыць, асабліва пры наяўнасці некалькіх уладальніцкіх надпісаў, лёс кнігі, яе перамяшчэнне ў часе і прасторы.
Заможныя ўладальнікі для сваіх кніг маглі замовіць скураныя пераплёты з металічным рэльефным абкладам або з імітуючым яго арнаментальным рэльефным цісненнем на скуры, у тым ліку і са зробленым ціснёным кніжным знакам. Такія знакі звычайна ўтрымліваюць выяву родавага герба магната і размяшчаюцца на правым баку пераплёта, яны называюцца суперэкслібрысамі.
З ХVІІ стагоддзя на змену ціснёным суперэкслібрысам прыходзяць кніжныя знакі, аддрукаваныя на паперы. Такім з’яўляецца экслібрыс слуцкага князя Багуслава Радзівіла. Гэта размешчаная на фоне аркі з калонамі выява герба роду Радзівілаў: чорны арол, на грудзях якога шчыт з трыма ражкамі, а знізу — адпаведны надпіс. Зроблены знак у 1671 годзе, ужо пасля смерці князя, для адзнакі той часткі княжацкай бібліятэкі, якая па завяшчанню перадавалася пляменніку князя Фрыдрыху-Вільгельму, герцагу Прусіі, і павінна была знаходзіцца ў Кенігсбергу. Акрамя твораў багаслоўскага зместу, перадаваемы кнігазбор утрымліваў значную колькасць кніг па мастацтву, архітэктуры, гісторыі, філасофіі, медыцыне, матэматыцы. Бібліятэка князя Багуслава складалася з кніг, якія ён набываў у Еўропе. Уваходзілі ў яе і кніжныя фонды князёў Алелькавічаў, якія Радзівілам перайшлі ў 1612 годзе ў спадчыну.
Вышэй прыведзены экслібрыс цікава параўнаць з экслібрысам уладара Слуцка ХVІІІ стагоддзя Гераніма Фларыяна Радзівіла. Тут таксама бачым чорнага арла, з такімі ж ражкамі на шчыце на грудзях. Але адпаведныя новаму часу эстэтычныя погляды патрабавалі іншага падыходу да рашэння твора. Гэта ўжо не сімвалічная па характару рэнесансна-гатычная геральдычная выява, а сюжэтная кампазіцыя з рэалістычнай праўдападобнасцю вобразаў, што ўласціва мастацтву барока. Мы бачым, што арол ляціць па небу, пад ім прасціраецца даліна з двума гарадамі на гарызонце. Архітэктурныя матывы падаюцца спрошчана, аднак можна не сумнявацца, што адзін з іх абазначае Нясвіж — цэнтр роду Радзівілаў і месца, дзе нарадзіўся князь Геранім. Другі - гэта Слуцк, цэнтр уласных уладанняў князя, яго любімы горад, для працвітання якога ён будаваў грандыёзныя і нават фантастычныя планы. Можна думаць, што Геранім Фларыян Радзівіл, які надаваў увагу мастацтву, у тым ліку і літаратуры, меў значную бібліятэку, сведчаннем чаго з’яўляецца і зроблены для яе экслібрыс. Пасля смерці князя край дастаўся яго брату Міхаілу Казіміру Радзівілу, які перавёз бібліятэку са Слуцка ў Нясвіж.
Кніжныя скарбы, як бачым, не раз перамяшчаліся з аднаго месца ў другое. Напрыклад, у ХІХ стагоддзі наш горад пакінула вялікая колькасць кніг гімназічнай бібліятэкі. Заснаваная пры рэфармацкім храме гімназія тады стала дзяржаўнай, таму кальвінскі сінод пастанавіў сваю частку бібліятэкі перавезці ў Вільню. А кнігі Слуцкай дзяржаўнай класічнай гімназіі пачалі пазначацца пячаткай, дзе акрамя тэкста мелася выява расійскага двухгаловага арла.

Слуцкія экслібрысісты
Цікавым перыядам для экслібрыса можна назваць 1920−30-я гады, калі нараджалася новае беларускае мастацтва. У ліку яго стваральнікаў значыцца імя нашага зямляка Паўла Гуткоўскага. Займаўся ён прыкладной графікай, ілюстрыраваў і афармляў разнастайныя выданні. Разам з яшчэ трыма беларускімі мастакамі ў 1928 годзе стаў удзельнікам міжнароднай выстаўкі экслібрыса ў Лос-Анжэлесе. У ліку яго твораў - зроблены ў 2-й палове 1920-х гадоў знак для бібліятэкі Цэнтральнага Бюро Краязнаўства.
Пікам росквіту беларускага экслібрыса можна назваць 1970 — 80-я гады. Тады з’яўляліся прысвечаныя экслібрысу даследаванні і выданні. Актыўна дзейнічаў «Беларускі клуб экслібрысістаў». Мастакі ўдзельнічалі ў разнастайных выстаўках экслібрыса.
У тыя часы над серыяй экслібрысаў працаваў слуцкі мастак Уладзімір Садзін. Адзін з іх зроблены для слуцкага настаўніка і краязнаўцы Рыгора Родчанкі. Для стварэння вобразнага строю знака мастак улічыў актыўную літаратурную дзейнасць Родчанкі, а таксама адштурхнуўся ад яго літаратурнага псеўданіма — «Рыгор Лінкор». Зрабіў Уладзімір Сцяпанавіч экслібрыс для Слуцкай гарадской дзіцячай бібліятэкі, а таксама для літаратурнага крытыка Рыгора Шкрабы, гімнасткі Нэлі Кім, касманаўта Уладзіміра Кавалёнка, калекцыянера і кіраўніка Міжнароднага клуба экслібрысістаў прафесара Петэра Майера і шэраг іншых.
Звяртаюцца да экслібрыса былыя вучні-студыйцы Уладзіміра Сцяпанавіча, цяпер вядомыя беларускія мастакі Уладзімір Басалыга і Міхаіл Басалыга.
Сёння ў рукі могуць трапіць кнігі, якія раней належылі Вячаславу Міхасёнку. Аб прыналежнасці іх да збору гэтага слуцкага выкладчыка і паэта сведчыць наклеены экслібрыс, зроблены па яго замове выпускніцай Слуцкай мастацкай школы Таццянай Цэвянковай.
Сучасныя кніжныя знакі - гэта мініяцюрныя выявы, якія ствараюцца ў разнастайных тэхніках. Гэта пераважна сюжэтныя або сімволіка-алегарычныя кампазіцыі з тэкстам, сустракаюцца і чыста шрыфтавыя. Экслібрыс фактычна ператварыўся ў самастойны від графікі. З’явіліся яго прыхільнікі і калекцыянеры. Тым не менш прамое прызначэнне экслібрыса — прысутнасць у якасці невялікага ярлычка ў кнізе — не змянілася, таму сапраўдныя бібліяфілы ніколі не адмовяцца ад магчымасці займець для сваіх любімых кніг экслібрыс.

Реклама

Ігар Ціткоўскі

Реклама