Хадзіў па вёсках ліст да «правадыра»

0

Летам 1936 года, перад жнівом, па ўсіх вёсках хадзілі калгаснікі, падабраныя ўладамі з ліку «благанадзейных», і збіралі подпісы пад «лістом беларускага народа вялікаму Сталіну». У нашай вёсцы выбар выпаў на маю бабулю Юлю, з якой я, дзевяцігадовы хлопчык, пражываў з вясны.

Памятаю, як яна хадзіла пад вечар па хатах пасля нялёгкай працы ў полі і збірала подпісы. Не ўсе вяскоўцы ахвотна ставілі іх. Асабліва ў хатах сваякоў раскулачаных сялян. Такіх у вёсцы было восем сем’яў, усіх іх з дзецьмі выслалі за Котлас, у тайгу.
Я тады, вядома, не ведаў, хто быў аўтарам таго пісьма. Не ведаў, і аб чым думала бабуля, ходзячы па хатах: у тыя часы вяскоўцы дзяліцца навінамі-развагамі адзін аднаму баяліся. Проста яна ў свае 52 гады добрасумленна адпрацоўвала наказ старшыні калгаса, хоць той ведаў, што два родныя браты бабулі, Андрэй і Ёсіп, былі таксама высланы як кулакі, хоць мелі па восем гектараў зямлі.
Толькі пасля распаду СССР, калі Беларусь набыла незалежнасць і прыадчыніліся архівы, сталі вядомыя прозвішчы людзей, якім было даручана скласці той ліст. У ім, дарэчы, былі і такія вершаваныя радкі, звернутыя да «вождя всех народов»:
Раскажам табе мы праўдзіва быліны
Аб тым, як жылі мы і сталі мы чым,
Як мы разагнулі прыгнутыя спіны,
Сагрэтыя чулым прыглядам Тваім.
Аўтарам гэтых і іншых вершаваных радкоў ліста, як сведчыць гісторык Юрый Кур’яновіч у літаратурным рэспубліканскім часопісе «Дзеяслоў», былі Янка Купала, Якуб Колас, Андрэй Александровіч, Пятрусь Броўка, Пятро Глебка і Ізі Харык. Пісьмо «вялікаму Сталіну» было вышыта шоўкам і перададзена 28 лістапада 1936 года ў прэзідыум Надзвычайнага ўсесаюзнага з’езда Саветаў, на якім была прынята «Конституция победившего социализма».
Аўтары пісьма за «выдатную работу» былі адзначаны граматамі ЦВК і СНК БССР. Гэта аднак у небезвядомым 1937 годзе, калі краіну захліснулі масавыя арышты, не ўберагло Ізі Харыка ад расстрэлу ў ліку 26 беларускіх пісьменнікаў у кастрычніку таго года.
І Якубу Коласу тады жыць і працаваць было сапраўднай трагедыяй духу. Варта напомніць, што незадоўга перад тым заказам «письма вождю» НКУС БССР перадаў тагачаснаму першаму сакратару ЦК КПБ Панцеляймону Панамарэнку кампраметуючыя матэрыялы на Якуба Коласа і Янку Купалу, у якіх абодва называліся «нацыянал-фашыстамі і польскімі шпіёнамі». Панамарэнка паехаў у Маскву і перадаў той данос Сталіну. Прачытаўшы, ён памаўчаў і сказаў: «Вместо ордеров мы им дадим ордена». Іх узнагародзілі ордэнамі Чырвонага Працоўнага сцяга, яны былі ўшанаваны дзеючымі ўладамі. Апошнія не сумняваліся, што, каб апраўдаць такое «шанаванне», абодва паэты не адмовяцца ад аўтарства ў складанні ліста.
Лёс наканаваў ім жыць і працаваць у такім грамадстве, дзе трэба было спяваць, пісаць і нават думаць так, як загадвае правячая партыя. І ўсё ж Якуб Колас верыў, як ён прызнаўся сваяку Д. Касмовічу ў 1939 годзе пасля яднання Заходняй Беларусі з БССР, у надыход пары, «калі пад націскам сусветных падзеяў родная ніва зазелянее і наш народ атрымае новы пакорм, які дасць яму сілу красавацца ў свеце». Паэт зазначыў, што «пакуль мусім свае думкі і жаданні трымаць глыбока ў сэрцы, мусім гэты цяжкі час вытрываць».
У народзе беларускім імя Якуба Коласа засталося і па сённяшні дзень самым паважаным ва ўсёй пісьменніцкай суполцы, да якога саюзу яна б не належала.

Міхась Тычына

Реклама
0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии