Cны ў калядную ноч

0

Інтэлігентная жанчына (а толькі такой лічыла сябе цётка Поля) збіралася пасля смачнай вячэры адыйсці да сну, ды толькі затрымлівала яе чаканне мужа: было невядома, прыедзе сёння, або заначуе ў брата. Выгнала яго раніцою з хаты дапамагчы на вёсцы ўвіхнуцца з кабанчыкам.

Праўда, мужаў брат у дапамозе не вельмі меў патрэбу, бо заўсёды на свяжыну прыязджалі два сыны, яны калолі вепрука, смалілі і разбіралі. Але цётка Поля ведала, калі там будзе прысутнічаць муж, дамоў з пустымі рукамі не вернецца. Пры такім успаміне яна адчула, як смачна пахне гарачая крывяначка. Чаму муж, недарэчны дзівак, не разумее такога дэлікатэсу, і яго заўсёды прыходзіцца проста выганяць у такі дзень да брата — во вёска неадукаваная!
За вакном пачуліся вясёлыя выкрыкі, зайграў гармонік. То ішлі калядоўшчыкі. Цётка выключыла святло. Чаго добрага, будуць стукацца да яе. На дармаўшчыну збіраюць, нічым не грэбаюць.
Яна забралася пад цёплую коўдру і ўяўляла, трохі зайздрос-ціла, як добра жыве ў вёсцы мужаў брат. Чаму на яго агародзе так усё добра родзіць, а на яе палове не расце, а кісне. Быццам усё так робіць, як братава, а вынікі зусім не тые. З гэтымі думкамі яна забылася.
Прачнулася праз некаторы час ад дзіўнага сну. Рве яна на братавым агародзе цераз плот спелую маліну, рве і баіцца, каб тыя не ўбачылі. Хоць у сне разумее, што на дварэ зіма, але ягады такія чырвоныя, ды такія салодкія, што толькі паспявае набіраць цэлыя жмені і кідаць у рот. Раптам скрыпнулі на братавай палове хаты ў сенцах дзверы.
Ад страху, што яе ўбачаць за гэтым, цётка Поля прачнулася. У роце перасохла, сэрца трымцела. Яна паднялася, у шклянку накапала карвалолу, паглядзела ў вакно. На вуліцы было ціха. У начной шэрасці цёмным сілуэтам віднелася царква. Як усе інтэлігентныя людзі, глянуўшы на царкву, цётка перахрысцілася і зноў палезла пад коўдру.
Яна не ўспела падумаць над тым, што азначаюць чырвоныя ягады, бо сон зноў адолеў. І снілася цёплае лета. Выходзіць яна на раннім досвітку па патрэбе на двор, а з поля на агарод наплывае такі цёплы лагодны туман, казыча яе голыя да паясніцы ногі. Ідзе яна па разорцы, што дзяліла агарод на яе і братаў, і бачыць, як на агародзе братавай памідоры вялікія, чырвоныя, у срэбных кроплях вільгаці. Не ўтрымалася, стала ірваць. Ад вільготнай прахалоды прачнулася.
Якая недарэчнасць, да лета яшчэ так далёка, а сны чамусьці летнія лезуць! Падумаеш, нарвала чужых памідораў! Унь, якія вялікія растуць у братавай, не збяднеюць. З гэтай думкаю павярнулася на другі бок і зноў заснула. Колькі спала б цётка Поля яшчэ, невядома.
Спала яна, смачна чмокала губамі. І сніцца ёй новы дзіўны сон. Зайшла яна на суседскі агарод, там чырвоныя перцы так і просяцца ў падол. Нарвала іх хуценька, толькі стала разгінацца, каб пайсці, а раптам братава такім пытлівым голасам: «А што гэта ты на чужым агародзе робіш?» Тады ў цёткі Полі дух захапіла. Вылупіўшы вочы глядзела на братаву. А тая павярнулася і пайшла к сабе дамоў.
Ад такога сну прачнулася цётка Поля. За вакном пачынаўся новы дзень. «Каб у царкву схадзіў?» — падумала цётка Поля. -" Бо сёння інтэлегентны чалавек хоць раз у тыдзень павінен зайсці туды. Вунь вялікае начальства ходзіць і крэсціцца. А яшчэ трэба патэлефанаваць у вёску братавай, папытацца, ці доўга думае там блытацца муж, а незнарокам пацікавіцца, якім насеннем агародніны запаслася яна".
На гэтым скончылася перадкалядная ноч. Каля салігорскай царквы нясмела дзінькаў бляшаны звон.

Уладзімір Амяльчэня

Реклама

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии