Анатоль Грыцкевіч: «Я гатовы напісаць новую кнігу пра Слуцк»

0

Імя Анатоля Грыцкевіча добра вядома амаль кожнаму случаку. Яго кніжка пра Слуцк «Древний город на Случи», выдадзеная ў 1985 годзе, ёсць на паліцы ў многіх сем’ях. Але нямногія ведаюць, што аўтар пісаў яе па-беларуску і пасля атрымаў загад перакласці сваю працу на рускую мову. Анатоль Грыцкевіч — першы даследчык падзей на Случчыне 1920 года, аўтар выданняў пра Слуцкі збройны чын і некаторых іншых. На гэтым тыдні, 31 студзеня, доктар гістарычных навук, прафесар Анатоль Пятровіч Грыцкевіч адзначае васьмідзесяты дзень нараджэння.

З гэтай нагоды карэспандэнты «Кур'ера» завіталі ў госці да знакамітага вучонага і даведаліся шмат цікавых гісторый з яго жыцця. Анатоль Пятровіч расказаў пра сваё генеалагічнае дрэва, пра тое, каму, па яго меркаванні, варта паставіць помнік у нашым гора- дзе, і пра самыя шчаслівыя моманты ўласнага жыцця.
Дома, на вуліцы Карла Маркса ў Мінску, мы засталі Анатоля Грыцкевіча захварэўшым, але бадзёрым.
«Гэта сямейная хваля грыпу, — патлумачыў гаспадар. — Я апошні хварэю. Да таго ж дадалася і пнеўманія, бо ездзіў працаваць у Нацыянальную бібліятэку, а там ў беларускай зале холадна «.

Пра дзень сённяшні
— Анатоль Пятровіч, чым вы жывяце сёння?
— На працягу 31 года я працаваў загадчыкам кафедры ва універсітэце культуры. Вось ужо два з паловай гады працую як шараговы прафесар. Гэта дало мне магчымасць падрыхтаваць да друку кнігу. Тыдзень таму здаў у выдавецтва «Харвест» кніжку на рускай мове «Западный фронт РСФСР 1918 — 1920 гг. Борьба между Россией и Польшей за Белоруссию». Чакаю выхаду яшчэ адной кнігі па беларускай гісторыі, куды ўвайшлі навуковыя артыкулы, якія друкаваліся ў газетах.
Я цяпер адыйшоў ад палітычных дзеянняў і грамадскага жыцця, бо проста няма часу і сіл, і я шмат у чым не згодзен з лідэрамі апазіцыі, якія ніяк паміж сабой не могуць дамовіцца. У 90-х гадах, нават на пачатку 2000-ых я быў арганізатарам многіх мерапрыемстваў, таго ж Дня волі. Мяне добра ведала мінская міліцыя. Часу засталося няшмат, так што лепей буду пісаць.

— Нас цікавіць ваша праца па гісторыі Слуцка і Случчыны. Ці ёсць у вас жаданне выдаць новую кнігу пра наш старажытны горад?
— У мяне такое жаданне ёсць. Але спачатку трэба дапісаць кніжку пра барацьбу за Украіну ў 1918−1920 гадах. Тым больш, што, хутчэй за ўсё, мая праца ва універсітэце хутка скончыцца. Вашу прапанову напісаць новую кнігу пра Слуцк я прыняў бы. Толькі мне трэба падумаць, на што звярнуць больш увагу, які аб’ём, план зрабіць. Так што мы з вамі будзем сувязь падтрымліваць. Дасць Бог здароўя і яшчэ гадоў жыцця, працаваць я буду.

Реклама

— Колькі гадзін вы працуеце дома?
— Як калі. Магу з самай раніцы з перапынкам на абед да самага позняга вечара, калі натхненне ёсць і не стамляюся, і калі ідуць матэрыялы і думкі. Перад тым, як штосьці пісаць, трэба ж усё зноў перагледзець: кнігі, выпіскі з дакументаў, тое, што нідзе не надрукавана.

— Ці шмат вы зараз падарожнічаеце?
— На жаль, няшмат, па дзвюх прычынах. Не заўсёды дазваляе здароўе, а самае галоўнае — не заўсёды дазваляе начальства. Каб ездзіць цяпер за мяжу, мне прыходзіцца браць водпуск, а не кожны раз яго даюць. Цікава, што аднойчы мяне не пусцілі ў Магілёў. Меркавалі, што я там мог сабраць мітынг апазіцыі. (Смяецца).

Вучу студэнтаў складаць свой радавод
— Анатоль Пятровіч, раскажыце, калі ласка, пра вашу працу ва універсітэце.
— Ва універсітэце скарацілі прадметы гістарычныя. Засталася адна гісторыя Беларусі. Цяпер і па гэтай дысцыпліне скарачаецца колькасць гадзін, як гэта было ў савецкі час. Зараз я выкладаю генеалогію для музейшчыкаў. Яны павінны ведаць, як складаць радаводы. Я распрацаваў нават сваю генеалогію.
Гістарычную сімволіку выкладаю, гісторыю канфесій на Беларусі. У якасці курсаў па выбары прапаную студэнтам «Гісторыю Расійскай імперыі».
На лекцыях у вялікіх аўдыторыях я стаю, бо сядзець не выпадае. Што самае цікавае, выкладчык як артыст. Нават, калі адчуваю сябе дрэнна, як толькі пачынаю лекцыю, пра ўсё забываю. І расказваю гісторыю Беларусі я па-свойму, хоць гэта, можа, не ўсім падабаецца.
— Якія яны, сённяшнія студэнты?
— Частка студэнтаў прыйшла ў вну, каб атрымаць дыплом. Ім не важна, што і як ты чытаеш. Ёсць і такія, якія цікавяцца. Некаторыя нават пытаюцца. Я дазваляю задаваць пытанні пад час лекцыі. Асобныя студэнты пішуць рэфераты, якія я б назваў амаль навуковымі працамі. Ведаюць Інтэрнэт. А ў Інтэрнэце ўсё можна знайсці. Гэта раней трэба было працаваць у архівах. (Смяецца). На маю думку, цяперашнія студэнты значна больш адукаваныя, чым іх папярэднікі.

— Вось калі б мы прыйшлі да вас у якасці студэнтаў, ці лёгка вам здаць залік?
— Мне здаецца, лёгка. Я не ганяю студэнтаў. Залік стаўлю, калі студэнт напісаў рэферат, выступіў на семінарах некалькі разоў. Таму яны вельмі радуюцца, калі я ў іх выкладаю.

Мае продкі перасяліліся на Случчыну з-пад Капыля
— Вы казалі, што распрацавалі сваю генеалогію. Да якога калена вы склалі свой радавод?
— Без перапынку з сярэдзіны семнаццатага стагоддзя. Хвілінку.
Суразмоўца выходзіць у кабінет, вяртаецца і разгортвае перад намі генеалагічнае дрэва роду Грыцкевічаў.
Мае Грыцкевічы перасяліліся ў 80-ых гадах XVII стагоддзя з-пад Капыля. Там яны былі дробнай шляхтай. На Случчыне сталі выбранцамі. У выбранцаў, у параўнанні са шляхтай, былі дадатковыя прывілеі. Яны не плацілі падаткаў. Цікава, што выбранцы нават на пачатку XX стагоддзя не жаніліся з сялянкамі.
— У XIX стагоддзі нашчадкі выбранцаў ужо не вялі вайсковую службу?
— Іх перавялі ў разрад дзяржаўных сялян, і яны плацілі дзяржаве грашовы аброк. Ужо, зразумела, зраўняліся з сялянамі, але вось ведаеце, з мухай у носе яшчэ заставаліся. Самае цікавае: аднойчы мой дзядзька, якога ўжо даўно няма на гэтым свеце, прыехаў у Мінск да дачкі. Сядзім мы ўтраіх на кухні: ён, яго сват з Капыльскага раёна і я. І раптам дзядзька звяртаецца да свайго свата: «Ты знаешь, кто мы, а кто ты?». Я яго не спыняю. «Ты мужык», — упэўнена зазначыў дзядзька. (Смяецца). …Дарэчы, калі я прыязжаю на Случчыну, то не на адміністрацыйнай мяжы, а дзесьці ўжо бліжэй да Слуцка, там, дзе пачыналася княства, мяне ахоплівае нейкі ўздым.

— Мабыць, адчуваеце аўру родную.
— Так. З’яўляецца добры настрой, і хочацца працаваць. Для мяне кожная паездка на Случчыну — гэта натхненне.

— Ці засталіся ў вас на Случчыне сваякі?
— Засталіся дваюрадныя сёстры і браты. Але мы даўно не сустракаліся, ніколі не перапісваліся, таму і агульных інтарэсаў цяпер няма.

Варта паставіць помнік слуцкім пісьменнікам
— Анатоль Пятровіч, як вы лічыце, каго з гістарычных асобаў альбо з дзеячоў культуры ці мастацтва варта ўшанаваць у скульптуры? Каму б вы паставілі помнік у Слуцку?
— Я добра ведаю, што Анатоль Белы са Старых Дарог намагаецца ўсталявання памятнага знаку слуцкім паўстанцам. Я гэтую ініцыятыву падтрымліваю. Случчына — радзіма многіх таленавітых пісьменнікаў. Іншыя з іх ужо адышлі. Некаторых я ведаў асабіста. Я думаю, што любому з іх варта паставіць помнік. Дастаткова ўзяць кнігу «Памяць», знойдзеце там шмат імёнаў, праславіўшых Слуцк. Іншая справа, што ўлады не кожнага шануюць. Перш за ўсё, не любяць тых, хто альбо ад’ехаў у 1944 годзе, альбо быў рэпрэсаваны.

— Дазвольце яшчэ пытанне з жанру фантастыкі. Уявіце сабе машыну часу, і калі б вы маглі рэальна, вось, як з намі, сустрэцца з нейкімі асобамі слуцкай гісторыі, то пра што б вы ў іх запыталіся?
— Калі б яны ведалі такое слова, як план, я спытаў бы: «Якія вашы планы?» Але тады такога слова не было.
Запытаўся б пра тое, як яны бачаць далей жыццё. Тагачаснае жыццё цягнулася вельмі марудна, і лічылася, што якое яно ёсць, так будзе заўсёды. Ніхто ж не думаў, што будзе праз сто, праз дзвесце гадоў. Што тычыцца мовы, я думаю, што дамовіўся б з усімі, калі б не па-беларуску, то па-польску.

Падарунак Папы Рымскага
У пакоі, які служыць Анатолю Грыцкевічу кабінетам, над ложкам вісіць распяцце, якое падараваў Ян Павел II. Мы не маглі не запытацца ў Анатоля Пятровіча пра сустрэчы з Рымскім Папам.
— У 1990 годзе мяне разам з Адамам Мальдзісам і яшчэ адным гісторыкам запрасілі на канферэнцыю ў Рым. Пасля канферэнцыі Ян Павел II падыходзіў да кожнага ўдзельніка, пару слоў гаварыў. Калі пабачыў маю плакетку з назвай краіны, сказаў: «О-о, з Беларусі. Я люблю вас». Я кажу: «Благаславіце нас, бо нам цяжка». Тады вось гэтыя падарункі атрымалі і пацеркі. Другі раз я прыехаў у Рым праз год. Тады я ўжо загаварыў з Папам па-польску. Яму гэта вельмі спадабалася. А трэці раз я прыехаў у мястэчка за трыццаць кіламетраў ад Рыма ў 1995-ым. Халаднавата там было — побач горы Апенінскія. Папа мяне хіба пазнаў: «Вось вы былі ў мяне ў Ватыкане, а як тут вам падабаецца?» Я кажу: «Зімно». Ён пачаў смяяцца. А потым нас сфатаграфавалі. На здымку мы абодва смяёмся.

— Вы сябе лічыце чалавекам веруючым? Ці належыце да якой-небудзь рэлігійнай канфесіі?
— Я вернік, але не актыўны. У касцёл хаджу рэдка. У бліжэйшы час пайду 15 альбо 16-га лютага, бо там ксёндз дае ў сутарэнні магчымасць сабрацца невялікай групе дзеячоў, каб мяне адзначыць. У касцёле яшчэ шмат можна зрабіць для беларускасці. Я да гэтага прычыняюся.

Як прафесар Грыцкевіч не стаў атаманам беларускіх казакоў
— Анатоль Пятровіч, сёння на Беларусі пашыраецца казацтва. У Слуцку існуе дзве казацкія арганізацыі, якія нават спрачаюцца паміж сабой. Адзін з кіраўнікоў слуцкага казацтва гаворыць, што казакі на Случчыне маюць даўнейшыя традыцыі і вядуць свой пачатак яшчэ ад Алелькавічаў. Як вы ставіцеся да гэтага і што вы можаце сказаць пра гісторыю казакоў у Слуцку?
— Наконт дзвюх казацкіх арганізацый, якія спрачаюцца паміж сабой, я думаю, што адны з іх — данскія казакі, а другія — кубанскія — смяецца Анатоль Пятровіч. — Казацтва — гэта расійскія казакі. На Беларусі такіх казакоў не было. У нас былі альбо казакі, якія прыходзілі з Украіны, альбо былі казацкія часткі са шляхты ў войску літоўскім. У нас была казацкая служба, але ў шляхты. Да мяне падыходзіў палкоўнік навуковага аддзела беларускай казацкай арганізацыі. Я яму патлумачыў, што казакі не гістарычны беларускі рух. Палкоўнік адразу замаўчаў, і болей яны мяне не запрашалі. А так, можа, я і палкоўніка атрымаў бы ці атамана? (Смяецца). Як мне здаецца, казацтва — гэта рух, які падтрымліваецца, перш за ўсё, Расіяй і ўладамі таксама, паколькі ўлада абапіраецца на іх.

Пра шчасце
— Анатоль Пятровіч, маглі б вы назваць самыя шчаслівыя моманты ў вашым жыцці?
— Перш за ўсё, гэта заканчэнне гістарычнага факультэта універ-сітэта, якое супала з жаніцьбай. Другі - гэта нараджэнне дачкі ў канцы 1958 года. Цяпер мая дачка — вельмі паважаны і кваліфікаваны лекар вышэйшай катэгорыі па дзіцячых хваробах. Шчаслівы я быў, калі абараніў дысертацыю. Да гэтага я атрымаў прафесію лекара, ад якой я адмовіўся, бо лепш быць добрым гісторыкам, чым сярэднім лекарам. Кандыдатская дысертацыя называлася «Сацыяльна-эканамічнае развіццё прыватна-уладальніцкага горада Беларусі ў XVI-XVIII стагоддзях (на прыкладзе Слуцка)». Праз ужо пэўны адрэзак часу я абараніў у Вільні доктарскую, таму я «летувас дактарас». Цяпер у мяне з літоўцамі не вельмі добрыя зносіны. Яны былі добрыя, пакуль мы ішлі да незалежнасці, а цяпер яны ўвесь час даказваюць, што ніякай Беларусі не было, а была адна Літва. Нават у падручніках не пішуць пра беларусаў. Я называю гэта імперыялізм малой нацыі. (Смяецца). Вяртаючыся да нашай размовы, маё шчасце сёння — гэта ўнукі, якія падрастаюць, — трое хлопцаў і адна дзяўчынка. Адзін унук нядаўна ажаніўся, скончыў універсітэт, працуе ў рэкламным агенцтве. Другі жыве ў Лос-Анджэлесе, заканчвае Лос-Анджэлескую мастацкую акадэмію. Трэці ўнук скончыў палітэхнічны інстытут у Пецярбурзе. А самая малодшая ўнучка на другім курсе медуніверсітэта. Усе прыстроеныя.

Размаўлялі Таццяна Гусева і
Ігар Ціткоўскі

Реклама

Комментарии: будем признательны за ваши отзывы.

Пожалуйста, авторизуйтесь чтобы добавить комментарий.