Падтрымайце мяне

0

Пра прапанову случанкі Ганны Варанцовай паставіць помнік удовам вайны мы пісалі 23.10.2008 г. у № 43. Тады ж рэдакцыя звярнулася ў Беларускі саюз мастакоў, каб высветліць працэдуру рэалізацыі гэтай ідэі. Сыходзячы з рэкамендацый Алены Хараберуш, старшыні секцыі скульптуры Саюза, Ганна Мікалаеўна пачала рабіць некаторыя канкрэтныя крокі з надзеяй рэалізаваць сваю прапанову.

«За час пасля публікавання, — расказала яна, — я сустракалася з актывам раённага савета ветэранаў, з прадстаўнікамі слуцкага казацтва, якія падтрымалі ідэю помніка. Поўнае разуменне сустрэла я і ў Слуцкай арганізацыі Беларускага саюза афіцэраў. А ў жаночым клубе „Калі ласка“ усе вырашылі ўнесці з пенсіі сваю лепту на пастаноўку помніка Удовам ВАВ».
Вельмі значнай лічыць ідэю будавання помніка Аляксандр Селязнёў, міністр архітэктуры і будаўніцтва РБ, з якім Ганна Варанцова сустрэлася, калі той наведваў Слуцк.
«Мне вельмі прыемна пазіцыя раённай арганізаціі БРСМ, — паведаміла яна „Кур'еру“. — Яны зазначылі, што ўжо заручыліся падтрымкай абласнога аб’яднання БРСМ і ЦК БРСМ. Мне паабяцалі, што арганізуюць суботнік і заробленыя грошы направяць на пастаноўку помніка».
Меры для рэалізаціі гэтай прапановы прымае і Слуцкі выканаўчы камітэт, які направіў хадатайніцтва ў Мінаблвыканкам з просьбай падтрымаць ідэю Ганны Варанцовай з тым, каб помнік стаў манументам рэспубліканскага значэння.
У сваю чаргу рэдакцыя «Кур'ера» звярнулася ў Міністэрства культуры Беларусі і расказала пра ідэю случанкі кіраўнікам некаторых яго ўпраўленняў. Нашы субяседнікі адзначылі, што да 65-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне прапанова Ганны Варанцовай вельмі актуальная. Але яе ўвасабленне патрабуе шмат часу.
У прыватнасці, Міхаіл Казловіч, начальнік упраўлення мастацтваў, у наглядзе якога і знаходзяцца пытанні будавання помніка рэспубліканскага значэння, патлумачыў, што каб паставіць помнік трэба вялікая арганізацыйная работа. «Калі рашэнне аб пабудове помніка такой значнасці будзе прымацца, то на ўзроўні, як мінімум, Саўміна, — зазначыў ён. -Ад рашэння да яго рэалізацыі пройдзе не адзін месяц. Трэба будзе выканаць вялікі аб’ём працы: вызначыць месца, распрацаваць праект, макет, усё ўзгадніць, зрабіць і ўстанавіць. Чалавеку незнаёмаму гэта складана ўявіць».
Міхаіл Казловіч падкрэсліў, што Ганна Варанцова, звярнуўшыся за падтрымкай да ўлады і грамадскіх арганізацый, дзейнічае правільна.
Сама ж Ганна Мікалаеўна 20 студзеня ў Слуцку сустрэлася з Аленай Атрашкевіч, членам Савета Рэспублікі Нацыянальнага сабрання Беларусі, і расказала ёй пра ідэю помніка і зробленых ёю дзеяннях. Алена Віктараўна абяцала падтрымаць прапанову случанкі і ўжо ў час сустрэчы вызначыла першыя канкрэтныя крокі. Вельмі важна тое, што яна збіраецца звярнуцца з прапановай у Савет міністраў групы дэпутатаў Нацыянальнага сабрання і Мінскага аблвы-канкама.
Бліжэйшая мэта Ганны Варанцовай — заручыўшыся падтрымкай рэспубліканскіх грамадскіх арганізацый, органаў улады, адкрыць рахунак у банку для збора грошай. Яна звяртаецца да чытачоў «Кур'ера»: «Давайце „зрушым“ камень з месца. Падтрымайце маю прапанову і, калі будзе рахунак, падтрымайце матэрыяльна!»
А жаданне ў яе адно: «Я хачу, каб кожны, каго кранула гора вайны, каго гадавала Матуля-Салдацкая ўдава, прыйшоў бы к помніку, усклаў кветкі, памаўчаў і ўспомніў сваю Матулю, Бабулю. Успомніў бы і пакланіўся Удаве салдата».

Леанід Грыгорыч

Реклама
0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии