Чалавек з планеты «Калыма»

0

Перад пад’ездам суседняга дома на дзвюх табурэтках стаяла закрытая дамавіна, вакол якой хадзіў малады дзячок. Трохі далей падковай стаяла некалькі жыхароў пад’езда — чалавек дзесяць. Асобна ад іх — трое не зусім цвярозых. На маё запытанне адзін з іх адказаў: «Памёр Калыма». Так сімвалічна, у памяць аб яго мінулым, называлі сябры і знаёмыя Міхаіла Фірсавіча Ісаева…

Першая мая сустрэча з нябожчыкам адбылася даўно, у час «перабудовы». У пакой салігорскай бальніцы, дзе я папраўляў пахіснуўшае здароўе, дзяжурная медсястра прывяла на свабодны ложак пажылога чалавека, чысценькага, пры гальштуку, у лакавых бацінках.
Ён неяк лёгка пазнаёміўся з намі - суседзямі па палаце, і склалася такое ўражанне, што я ведаю яго даўно. Толькі здіўляла адно: яго чыстая расійская мова густа перасыпана слоўцамі з лагернай зоны?
Значыць, разважаў я, ён былы вялікі начальнік сістэмы ўнутраных спраў, які доўга працаваў і жыў у асяроддзі, дзе гаварылі ўсе на мове лагера. Пра такое я ведаў: калісьці бачыў такіх, што лічылі сябе вольнымі, у зоне, і за зонай. Але ўсе яны размаўлялі на адной мове, якая панавала ў лагерах. Пазней я вырашыў, што ён з тых, хто мову вучыў на нарах.
Выбраўшы момант, калі ў палаце мы засталіся ўдваіх, я падышоў да свайго суседа і спытаў: «Мне здаецца, што расійскую мову мы з вамі вывучалі ў адной школе?». Міхаіл Фірсавіч здіўлена паглядзеў на мяне і адказаў: «Хоць я старэйшы за вас, але ўсё можа быць. У гэтай школе вучыліся тысячы тысяч людзей.» Пра асаблівасці расійскай мовы больш не ўспаміналі. Ён быў аматарам распавядаць розныя гісторыі. І стараўся гаварыць без лагерных слоўцаў. Але яму гэта не заўсёды ўдавалася.
Я даведаўся, што жыве ён у двухпакаёвай кватэры з жонкаю Кацярынай у суседнім доме, непадалёк ад майго, дзяцей не маюць. Таму былі ўсе падставы спадзявацца на наша далейшае знаёмства.
Аднойчы ў дзень аднога савецкага свята я напрасіўся ў госці. На парозе сваёй кватэры нас з жонкаю сустрэла Кацярына. Была яна немаладых гадоў, дужа ветлівая, у кожным яе кроку прасочвалася інтэлегентнасць. Уразіла чысціня кватэры, акуратнасць ва ўсім, а поўны стос тамоў Вялікай Савецкай Энцыклапедыі ўпрыгожваў бібліятэку, што змяшчалася на паліцах зашклёных шафаў.
Гаспадар стараўся на кухні… Пасля першай чаркі я адкрытым тэкстам сказаў, што на Калыме не быў, але добра знаёмы з савецкай сістэмай лагераў, бо давялося не адзін год адбываць там. Гэта некалькі зблізіла нас, і бяседа стала больш адкрытай. Было відаць, што гаспадар — аматар моцных напояў, але гаспадыня яго стрымлівала.
У час сямейнага знаёмства муж з жонкай паведамілі мне, што ў Салігорск яны прыехалі з Калымы, дзе Міхаіл Фірсавіч пражыў каля сарака гадоў, з якіх дваццаць чатыры гады і восем месяцаў - у лагерах, недалёка ад Магадана. Кацярына была цяжка хворая, і яна хвалявалася, што, калі памрэ, хто будзе даглядаць і ахоўваць Міхаіла ад любові да моцных напояў. Разышліся ў той раз як сябры. А скора Кацярына памерла.
Нашы сустрэчы сталі больш частымі. І з цягам часу я ўсё больш адчуваў, што перада мной быў чалавек з цікавым, але трагічным лёсам. Мне вельмі хацелася ведаць, з якім, але запытаць я не мог. І вось аднойчы за кавай Міхаіла Фірсавіча «прабіла» на адкрытую размову.
«Нарадзіўся ў сям'і заможнага селяніна на беразе Амура. У час калектывізацыі бацьку абрабавалі, сям’ю зрабілі жабрацкай. Таму часта чуў ад бацькі скаргі на Сталіна, на калгасную сістэму. У час вайны мяне прызвалі ў армію. У вучэбнай часці кармілі дрэнна. Я гаварыў байцам, што гэта вынікі калгаснай сістэмы. Пасля гэтага мяне выклікаў палітрук. Ён пытаўся адкуль я, якая сям’я, ці праўда тое, што я казаў байцам пра калгас. Размова скончылася тым, што мяне арыштавалі. Пасля быў суд і Калыма. Так, замест байца, абаронца Радзімы ў цяжкі час, я стаў ворагам народа.
На Калыме кармілі яшчэ горш. Не выканаўшы нормы, можна было легчы спаць галодным. Назаўтра ты быў непрацаздольным. Так каціўся чалавек да поўнай знямогі, да сваёй пагібелі. Працоўны дзень доўжыўся па дванаццаць гадзін. А то і больш. Дзяўблі кіркамі мерзлату, здабывалі золата.
На Калыме я першы раз сустрэўся з артыстам Вадзімам Козіным (Аб гэтым «Кур'ер пісаў у № 2 ад 8.01.2009 г. — Прым. рэд.). Праз год ці болей, калі ў нашу зону прыехала брыгада лагерных артыстаў, пасля канцэрта я падышоў да Вадзіма, былога знаёмага, і спытаў, ці магчыма ўладкавацца артыстам. Спецыяльнай адукацыі я не меў, але спяваў, іграў на гітары, баяне і гармоні. Гэта атрымлівалася ў мяне лёгка і, людзі казалі, нядрэнна. Так скора я трапіў ў агітбрыгаду. Маім казырным нумарам быў раманс «У парку Чаір».
Скора мяне сталі выпускаць у пасёлак накалоць дроў таму-другому начальніку. Папярэджвалі, што я не маю права размаўляць з членамі сям'і ахоўнікаў, заходзіць да іх у кватэру. Але большасць жанчын пасля выканання працы запрашалі мяне ў хату, частавалі і прасілі паспяваць. Жыццё маё па лагерным меркам стала блатным.
Ды ўсяму прыходзіць канец. Аднойчы паслалі калоць дровы начальніку рэжыма. Скончыў работу, сякеру ўдзёўбнуў у калодку, бушлацік кінуў на плечы і пакрочыў у бок зоны. Не адышоў дзесяць крокаў, як расчыніліся дзверы і выйшла гаспадыня. «Фірсавіч, куды? Вярніцеся!». Я крыху павагаўся, але не ўстрымаўся.
На стале стаяла пляшка гарэлкі, грыбы з нарэзанай цыбуляй. Другое мяне не ўразіла. Гарэлка была вялікай рэдкасцю, яе прывозілі з Вялікай Зямлі, таму мая ўвага была сканцэнтравана на пляшцы. Унесеная з марозу ў цёплую хату, пляшка запацела, па ёй сцякалі ручайкі. Хто ж ведаў, што гэта цяклі мае слёзы?
Я выпіў чарку, другую, закусіў смачнымі грыбамі з цыбуляй. Тут гаспадыня падала мне гітару і папрасіла паспяваць «У парку Чаір». Калі я спяваў, гаспадыня зняла з падушкі покрыўку, распятай трымала над галавой і кружылася ў рытме музыкі. Мы былі так захоплены, што не пачулі, калі ў хату зайшоў гаспадар.
Ён дзікім воўкам кінуўся на мяне, хапіў за горла. Я адчуваў, што задыхаюся. Каб неяк вырвацца з яго рук, грымнуў яго галавою аб грубку. Лейтэнанцік абмяк, а з майго горла пайшла кроў… Больш я не спяваю, бо зломана горла.
За лейтэнанціка Магаданскі выяздны суд прыгаварыў мяне да вышэйшай меры. Пасля Вярхоўны суд расстрэл замяніў на дваццаць пяць гадоў лагера. Так да майго «вораг народа» дапоўніўся артыкул «спроба» забіць начальніка рэжыма лагера. Таму хрушчоўская «адліга» мяне не закранула. Справу маю пераглядзелі пры Гарбачове і рэабітавалі. А ў Салігорск я прыехаў па рэкамендацыі знаёмага беларуса».
Не помню, горад святкаваў ці сорак, ці сорак пяць гадоў. Я прынёс Міхаілу Фірсавічу запрашальны білет на святочнае мерапрыемства. У Дварэц культуры ён прыйшоў першы раз, быў апрануты ў касцюм з дэпутацкім значком і лакавыя бацінкі. Яго суседкай была немаладая кабета, грудзі каторай упрыгожвалі некалькі медалёў. У Салігорск яна прыехала з першым дэсантам з Масквы, добра ведала будаўнікоў. Таму незнаёмец вызваў яе зацікаўленасць. На пытанне, дзе ён працаваў, незнаёмец бадзёра адказаў: «На будоўлях камунізму». Жанчына пасля такога адказу больш не пыталася.
Афіцыйная частка свята яго не цікавіла. Ён чакаў канцэрта, спадзяваўся за многія дзесяцігоддзі паслухаць сапраўдных артыстаў. І вось яно, свята, пачалося. Шырока адкрылася сцэна, выбег лёгка ў белым касцюме Якаў Навуменка з мікрафонам у руцэ, пакланіўся ў залу, якая напаўнялася ўсё грамчэй плёскатам рук, і пачаў сходзіць у залу. У гэты час раздаліся першыя гукі аркестра пад кіраўніцтвам Фінберга. Нешта трывожна знаёмае ў гэтых гуках музыкі балюча адазвалася ў скронях, сэрца ў момант закалацілася, у вачах пацямнела… Губляючы прытомнасць, Міхаіл Фірсафіч ужо не рэагаваў на аб’яву вядучай: «Старынны раманс «У парку Чаір».
…Апрытомнеў ён ад громкіх запытанняў суседкі: «Што з вамі?» Яна трэсла спужана яго за рукаў. Міхаіл Фірсавіч падняўся і пакінуў залу. Так скончыўся першы і апошні яго візіт у гарадскі Дварэц культуры…
* * *
І вось стаю я перад закрытай дамавінай і чую:
В парке Чаир распускаются розы,
В парке Чаир расцветает миндаль…
Але, на жаль, гэтыя радкі чую толькі я…

Уладзімір Дамель

Реклама

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии