Рызыкоўны абмен…

0

У вёсцы Папоўка ў пачатку 30-х гадоў за прыналежнасць да суполкі евангельскіх хрысціян-баптыстаў былі высланы ў Сібір на пасяленне чатыры сям'і - Цімафея Калядкі, Сцяпана Калядкі, Самсона Калядкі (не сваякі, з аднолькавымі прозвішчамі) і Цімафея Масюка. З дзецьмі дашкольнага ўзросту. Усіх чатырох мужчын у гады вайны прызвалі ў дзеючую армію.

У ваенкаматах не звярталі ўвагі на іх веру — франты чакалі папаўнення штодзень. Цімафей Калядка трапіў пад Сталінград, дзе восенню 1942 года ўжо грымела-дымела шматлікімі пажарамі вялікая бітва. Рота, у якой стралком служыў ён, заняла абарону на паўночнай ускраіне горада на схіле высокага насыпу, па якім праходзіў чыгуначны шлях. Па другі бок яго акапаліся немцы. Снайперы з іхняга і нашага бакоў бралі на прыцэл кожнага, хто асмельваўся высунуцца паверх насыпу. Таму ў ход ішлі ручныя гранаты, імі абменьваліся абодва бакі.
У маім блакноце захаваўся запіс успамінаў Цімафея Калядкі, зроблены ў яго хаце, куды ён з жонкай і двума сынамі вярнуліся пасля вайны. Пашчасціла і астатнім траім вернікам — яны таксама з сем’ямі прыехалі ў родную вёску. Адзін эпізод з таго даўняга, пад Сталінградам, «абмену» гранатамі мяне ўразіў сваёй неардынарнасцю, адчайнай рызыкай. Вось змест таго споведу.
— Быў у нашым узводзе малады, можа гадоў васемнаццаці, салдацік невысокага росту, але вельмі рухавы. Ён рашыў, з дазволу камандзіра ўзвода, правучыць немцаў іхнімі ж гранатамі з доўгімі драўлянымі ручкамі, што часта рваліся ля нашай траншэі. Ведаючы, што ад выцяжкі чака да выбуху на зямлі ў яе запас восем секунд, ён лавіў гранату яшчэ на падлёце да зямлі, хапаў за ручку і шпурляў назад, дзе яна і рвалася. І гэтак разоў шэсць ці сем, а мо і болей. Мы чулі, як з-за насыпу даносіўся крык: «Русіш швайнэ!». А потым немцы ўсё ж разгадалі, што да чаго, і кінулі гранату з вытрымкай пасля выняцця чакі. Яна разарвалася ў руках таго смелага салдаціка ў англійскім кароткім шынялі. Мы яго і пахавалі ў траншэі. Болей смелых рызыкаваць так жыццём ва ўзводзе не знайшлося. Тым болей, што ноччу нам прынеслі свае гранаты Ф-1, у іх час ад выцягання чакі да выбуху быў усяго 5 секунд. То мы ноччу, час ад часу, закідвалі немцаў тымі «лімонкамі». Пазней мяне цяжка параніла, і я трапіў у шпіталь. Перамогу сустрэў у Германіі.
Гэты запіс мною быў зроблены незадоўга да таго, як 87-гадовага Цімафея Калядку радня і вяскоўцы праводзілі ў апошні шлях на вечны супакой.

Міхась Тычына

Реклама

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии