Нечаканая сустрэча Калымы

0

Гэты дзень не абяцаў нічога дзіўнага. Над Салігорскам шапацеў халодны дождж, і пасля смачнай вячэры хацелася супакою і цішыні. Адыходзіў у нябыт дзень 13 лістапада 2008 года.

Але раптам тэлефонны званок разарваў супакой. Прасіў хуценька прыйсці мой даўно знаёмы пенсіянер, які жыве адзін у суседнім доме. Усе яго ведаюць і завуць па мянушцы — Калыма. У дзень атрымання пенсіі ў двор сходзяцца бадзягі горада, каб правесці яго да ашчаднай касы. Бо так павялося, што ніхто не будзе абдзелены ў гэты дзень, усіх пачастуе ён «чарнілам».
Яго двухпакаёвая кватэра па чысціні можа спрачацца з кватэрамі гаспадынь-чысцюнь. Засталося гэта ад жонкі Кацярыны, з якой яны прыехалі з Магадана ў час «перабудовы». Хоць Калыма жыве даўно адзін, але чысціню трымае, як пры жывой жонцы.
… Калі я да яго прыйшоў, на белай сурвэтцы століка, які стаяў пасярэдзіне залы, ляжала гарбушка чорнага хлеба і стаялі два хрустальных шкалікі ды пляшка гарэлкі. Гаспадар спяшаўся пасадзіць мяне за стол. «Праз тры хвіліны прыйдзе дарагі госць», — сказаў ён. Я быў здзіўлены: трэці госць, а на стале толькі два шкалікі.
Калі радыё са сцяны аб’явіла, што пачынаецца перадача пра караля раманса Вадзіма Козіна, гаспадар падняўся з чаркай у руцэ. І тут я зразумеў, каго чакаў ён да сябе ў госці.
А Калыма паведаў гісторыю… «Гэта было зімой 1945−46 гадоў. Прайшоў слух, што ў зону прывезлі знакамітага артыста, які спяваў на Тэгеранскай канферэнцыі па просьбе самога Чэрчыля.
Золата не ішло, таму кіраўніцтва лагера вельмі лютавала. На працу выганялі ўсіх, хто мог перастаўляць ногі. У шурф па лесвіцы апускалі чалавека з матыкаю, лесвіцу вымалі. У канцы працоўнага дня, калі табе шанцавала і ты надзёўб з мерзлаты план, лесвіцу апускалі і цябе падымалі наверх.
У адзін з такіх дзён пасля 12-гадзіннай працы зборшчыкі золата ў пагонах запыталіся ў золатаздабытчыка, ці выканаў той план. З глыбіні калодзежа зэк бодра адказаў: „Радзіма, прымі маё золата!“
Паднятае вядро з шурфа страшна разазліла золатапрыёмшчыкаў. Такога яны яшчэ не бачылі. На дне вядра замест здабытых самародкаў ляжаў замёрзлы чалавечы кал.
Падняўся страшны вэрхал. Ваенныя абяцалі арыштанта жывога замарозіць у шурфе. Скора з шурфа стаў падымацца дымок і запахла палёнай бавоўнай. Гэта значыла, што арыштант паліць сваю ватоўку. І раптам з глыбіні данеслася песня: „Мой костер в тумане светит, искры гаснут на ветру…“.
Каля шурфа збіраўся натоўп, але ніхто не падаваў голасу: і ваенныя, і зэкі былі зачараваны голасам. Арыштанты, якія мелі пры сабе самародкі, сталі кідаць іх у вядро золатазборшчыкаў.
Гэта была мая першая сустрэча з Вадзімам Козіным. Казалі, што за той учынак ён доўга сядзеў у карцэры. Пасля мне лёс наканаваў не адну сустрэчу са спеваком, — расказваў гаспадар. — І вось нечаканая сустрэча, якую падарыла мне радыё».
Калыма трыццаць хвілін стаяў, пакуль ішла радыёперадача, з чаркаю ў руцэ і плакаў, не саромячыся сваіх слёз… Плакаў мужчына, які размяніў дзявяты дзесятак гадкоў, з каторых дваццаць чатыры гады і дзесяць месяцаў правёў вакол Магадана. Толькі развал Савецкага Саюза даў яму магчымасць вярнуцца на Вялікую Зямлю, быць рэабілітаваным і атрымліваць ваенную пенсію.
Уладзімір Дамель

Реклама

P.S. 12 снежня 2008 года, калі гэты матэрыял рыхтаваўся да друку, Міхаіл Фірсавіч Ісакаў (Калыма) пайшоў з жыцця.
Рэдакцыя раскажа пра яго лёс у адным з бліжэйшых нумароў «Кур'ера».

Кароль раманса
Вадзім Аляксеевіч Козін нарадзіўся 21 сакавіка 1903 года ў Санкт-Пецярбургу. Музычнай адукацыі не меў, аднак у 1924 годзе здаў экзамен на права займацца канцэртнай дзейнасцю. У 1936 годзе пераехаў у Маскву і адразу стаў карыстацца вялікім поспехам. На яго пласцінках стаяў штамп «Пераплаўцы не падлягае».
На Тэгеранскай канферэнцыі ў 1943 г. па просьбе прэм’ер-міністра Англіі У. Чэрчыля выступаў перад кіраўнікамі трох дзяржаў. Потым Берыя спытаў, чаму ён не спявае песен пра бацьку Сталіна. «Я спявак лірычны», — адказаў Козін. У 1944 году быў арыштаваны, а у лютым 1945 года атрымаў 8 год Калымы.
Пасля вызвалення дэманстрацыйна адмовіўся вярнуцца ў Маскву. Да яго прыляталі Кабзон, Высоцкі і другія знакамітасці, каб угаварыць на вяртанне. Але Козін застаўся назаўсёды на Калыме. Памёр ён у Магадане 19 снежня 1994 года.
На дошцы Гонару спевакоў ля канцэртнай залы «Россия» яго імя высечана пад нумарам 3. За сваё жыццё Вадзім Козін выканаў больш за тры тысячы песен, з якіх больш за 200 напісаў на Калыме.

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии