Зімовыя забавы

0

Мне прыпомніліся снежныя зімы ў пару далёкай маладосці. Тады былі марозныя снежныя зімы. Завіруха бушуе ноч і дзень. Белая заслона закрывае будынкі, дрэвы.

Навокал гудзе, вые, скугоча вецер. На вуліцы, у дзвярах каля платоў ляжаць вялізныя гурбы снегу с самымі вычвярнымі паветкамі і прыгожымі ўзорамі і карнізамі, вуліцу перамяце ў некалькі мясцінах, нагоніць снегу да самых стрэх. Зіма галосіць за нашымі вокнамі снегападамі і завыямі, вабіць да сябе бялюткім заснежаным лесам і прасцінамі палеткаў. Снег апушыў стрэхі, выбеліў дарогі, павіс на голлях дрэў баваўняным камяком. Зашчабяталі на вуліцах у садах сініцы, снегіры… Якая прыгожая марозная ноч перад Новым годам! Ясныя зоркі гараць на чорным небе. Іх шмат, і святло іх разнакаляровае. Плыве ноч над заснежанай зямлёй, маўчыць, спіць урачыстая ціш, звонкая і чуткая, суправаджае павольны лёт ночы.
І вось, як па заяўцы, пад звон курантаў ціха закружыўся белы мяккі сняжок, залёталі белыя халодныя матылькі зімы. Ціха, нячутна, амаль невагома, апускаюцца на далонь сняжынкі. Якая вытанчанасць, якая далікатнасць! Які спакой, якая вечнасць і трываласць у дакладных правільных лініях і фарбах!
Зімою старэйшыя хлопцы за вёскай рабілі круцёлку. Тады вакол вёскі было многа заліўных замёрзлых лугоў. На катку забівалі тоўсты лом, адзявалі драўлянае кола, прымацоўвалі доўгую жэрдку, а канцы яе — санкі. Калі хлопцы добра раскруцяць, рэдка хто ўтрымліваўся на санках, ляцеў-поўз метраў дваццаць-трыццаць па лёдзе, толькі гусікі трашчалі. Тут да цямна было весела: гамонка, смех, жарты і слёзы… Як цікава, прыемна было прыехаць на тройцы коней, запрэжаных у прыгожыя сані-кібітку, праімчацца ў санях на маладым коніку па заснежанай дарозе.
А якія былі цікавыя зімнія святы: Каляды, Шчадрэц. Гэтыя святы мы, маладыя, чакалі з нецярплівасцю, хоць тады да такіх народных святаў афіцыйныя ўлады ставіліся негатыўна, нават і забаранялі іх.
Рыхтаваліся да свята загадзя, рабілі касцюмы, майстравалі, упрыгожвалі «звязду» і сані. Дарослыя і мы, дзятва, хадзілі па хатах калядаваць. Гэта быў асаблівы вечар-шчадрэц. Выйдзеш, бывала, у зімовы вечар на вуліцу і чуеш, як на розныя галасы ва ўсіх канцах вёскі гучаць калядныя песні, жарты, музыка. Нам давалі за песні і віншаванне пернікі, цукеркі, часам запрашалі ў хату, а дарослым, вядома, — булку, сала, каўбасу, часам — бутэльку. А ўвайдуць у хату — гоман, смех, спевы. Усім весела, цікава, цудоўна. Тут і «казка», і «мядзведзь», і «зорка». Дзяўчаты гадалі, а хлопцы стараліся з хаты дзяўчыны «украсці» падушку і аднесці да хаты хлопцу. Больш гарэзлівыя хлопцы стараліся зрабіць «шкоду-жарт»: то веснічкі знімуць, то дзверы завяжуць, то сцежку высыплюць попелам ці пальюць чарнілам, то закрыюць шклом комін у хаце. У вёсцы тады шмат было моладзі. На святы на два дні нанімалі музыкаў. Яны гралі вечарамі. Вядома, дзяўчаты талакой гатавалі вячэру, а хлопцы — квас, напіткі.
… У маленстве, калі вяртаўся з коўзянкі ці круцелкі мокры, маці - па-свойму незаслужана — сустракала пякучымі махрамі фартуха. І ты найчасцей забіраўся на печ. Гэта была нібы крэпасць, дзе ў далейшым мог лічыць сябе амаль зусім недасягальным. Чамусьці далёкае дзяцінства зімою прыгадваецца не ў змрочных, а больш у светлых фарбах, у запамінаючых забавах.
Аднак часы мяняюцца. Ды і няма ў Калядах нічога, што было б звязана з ідэалогіяй, шкоднай у маральным і эстэтычным аспектах. Дык чаму ж нам, беларусам, не заспяваць на Каляды добрую песню, што імітуе непарыўную сувязь чалавека з наваколлем, сонцам, жыццём прыроды, звязана з яго верай у шчаслівую будучыню? Гэта было асабліва святое і цягнулася аж да Вадахрышча — 19 студзеня — апошняга свята каляднага цыкла. Народ верыў у цудадзейную сілу асвячонай вады і выкарыстоўваў яе пры розных бытавых выпадках і здарэннях: яе давалі выпіць хвораму, ёю апырсквалі новую хату перад засяленнем, вуллі. Цяпер хрышчэнскай вадою многае што асвячаюць.
На святы забівалі свінню, ці рэзалі барана, рабілі каўбасы, гатавалі прасняную кашу. І яна, як самы пачэсны госць, заўсёды стаяла на покуце, да канца свят.

Прыгадалася песня, якая запомнілася:
На новае лета,
Хай родзіць жыта.
Шчодры вечар,
Добры вечар!
Жыта-пшаніца.
Шчодры вечар,
Добры вечар!
Даў табе, слаўны
Пане-гаспадару,
Шчодры вечар,
Багаты вечар!
Залезь на бяляску,
Дастань каўбаску.
Шчодры вечар,
Добры вечар!

Реклама

Міхась Масюк

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии