Алена Васілевіч адзначае дзень нараджэння

0
Реклама

Сёння споўнілася 86 гадоў вядомай беларускай пісьменніцы, заслужанаму работніку культуры Беларусі, нашай зямлячцы Алене Сямёнаўне Васілевіч.

Карэспандэнт «Кур'ера» павіншавала пісьменніцу і пазычыла ёй здароўя і шчаслівых дзён ад усіх нашых чытачоў. З самай раніцы імянінніцу паспелі павіншаваць Ніл Гілевіч і пляменніца са Старых Дарог. У размове з нашым журналістам Алена Сямёнаўна прызналася ў любові да роднага Слуцака і выказала шкадаванне, што не бачыла горад пасля «Дажынак».

Реклама

«Я ніколі не любіла свой дзень нараджэння, нават калі была маладая, — зазначыла пісьменніца. — Але святкаваць яго будзем, прыйдуць унукі, праўнукі». Шчаслівыя імгненні Алене Сямёнаўне сёння дораць кнігі. «Зараз чытаю „Імёны свабоды“ Уладзімера Арлова. Я ў палоне гэтай кнігі», — сказала яна.
На кнігах самой Алены Васілевіч выгадавалася не адно пакаленне беларусаў. Літаратурны крытык Ала Сямёнава піша пра Алену Васілевіч: «За свой пісьменніцкі шлях яна расказвала пра чалавека. Пра жанчыну. Пра дзяцей. Пра жыццёвыя дачыненні і калізіі. Пра ўзаемаадносіны людзей. Тонка разумеючы іх псіхалогію. Умеючы паглядзець на свет з добрым гумарам і разуменнем, з мяккай усмешлівай іроніяй. З вельмі адчувальным лірызмам».
Тэтралогія «Пачакай, затрымайся…» для многіх стала любімай кніжкай дзяцінства. А зараз апавяданні Алены Васілевіч паводле школьнай праграмы чытае яе родная праўнучка. Вось што расказала нам у тэлефоннай размове Алена Сямёнаўна: «На днях мая праўнучка Жэня, якая вучыцца ў трэцім класе, патэлефанавала мне і сказала: „Мы на уроке читаем твой рассказ „Калінавая рукавічка“. В учебнике твой портрет. Ты ведь там совсем молодая. Ты ли это?“. Калі я запэўніла праўнучку, што гэта я, для яе гэта было ўзрушэнне».
Па словах Алены Васілевіч, у будучым годзе у серыі «Беларускі кнігазбор» пабачыць свет яе кніга публіцыстыкі і апавяданняў. Для пісьменніцы гэта будзе найлепшы падарунак.

Даведка «Кур'ера»
Алена Васілевіч нарадзілася ў засценку Даманшчына (цяпер вёска Ліпнікі) Слуцкага раёна Менскай вобласці ў сям"і ляснога аб"ездчыка. Засталася без бацькоў на восьмым годзе жыцця. Выхоўвалася ў сваякоў. Скончыла Слуцкае педвучылішча, літаратурны факультэт Рагачоўскага настаўніцкага інстытута. У час Вялікай Айчыннай вайны працавала бібліятэкарам у шпіталі, пісарам страявой часці, начальнікам бібліятэкі. У 1946 г. скончыла філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працавала загадчыкам аддзела культуры часопіса «Работніца і сялянка», у выдавецтвах «Мастацкая літаратура» і «Юнацтва». Сябра Саюза пісьменнікаў СССР з 1947 г.
Узнагароджана ордэнам «Знак Пашаны» і медалямі. Аўтар кніжак апавяданняў, аповесцей, эцюдаў, эсэ, нататкаў.

Таццяна Гусева

Реклама