Ёсць на Віленскай храм рукатворны

0

Наведванне царквы святога Аляксандра Неўскага, узведзенай у маі 2006 года па вуліцы Віленскай, стала для мяне дарункам радасці і спакою. Драўляны будынак з роўных па дыяметру бярвенняў за шатамі густых дрэў з вуліцы не праглядваецца. Але ад аўтобуснага прыпынку да яго не болей ста метраў.

Я якраз трапіў на пачатак ранішняй літургіі, дзверы ў царкву былі расчынены, чулася ўзнёслае песнапенне хору. Пераступіў парог і ўбачыў непаўторнай прыгажосці іканастас, вышынёй метраў дзесяць. Наведаў у свой час не адзін праваслаўны храм ў вёсках, малых гарадах, але такога не сустракаў. Ад нечаканасці ўбачанага цуда затаіў дыханне.
З расстаўленых на іканастасе вялікіх і малых ікон сыходзіла штосьці незямное, столькі праглядвалася таго, што, як пісаў у свой час святы Іаан Кранштацкі, «павучае нас, ачышчае, лечыць душу, умацоўвае таямніцамі». З ікон пазіраюць лікі Ісуса Хрыста, Маці Боскай, усіх апосталаў, святых цудатворцаў праваслаўнай царквы розных эпох.
Парадавала ўтульнасцю і ней-кай «хатняй» блізкасцю для душы малітоўная зала, памерам ад іканастаса да ўваходных дзвярэй метраў восем, ушыркі - крыху больш за дзесяць. Таму, калі з алтара ці на выхадзе з яго малады святар у срабрыстым аблачэнні чытае малітвы з Евангелля пад песнапенні хору, то прыхажане чуюць кожнае слова, што і стварае тую духоўную аўру, ад якой забываюцца нашы жыццёвыя нягоды, крыўды, бытавая мітусня.
Зрэдку ў храм заходзяць вайскоўцы з брыгады чыгуначнікаў, на тэрыторыі якой храм і размешчаны, маладыя маці з немаўлятамі на руках, дзяўчынкі школьнага ўзросту. І кожны пазнае радасць ад усяго пачутага тут і ўбачанага.
Не лішне напомніць, што ініцыятарамі ўзвядзення гэтага храма былі тагачасныя камандзір чыгуначнай брыгады палкоўнік Сяргей Данькоў і яго начальнік штаба палкоўнік Мікалай Гарбацэвіч. Актыўны ўдзел у буданічых работах прынялі прапаршчыкі Уладзімір Сакалоўскі і Іван Заяц.
А сваё высокае майстэрства разьбы па дрэве пры ўзвядзенні інакастаса праявілі старшы прапаршчык Юрый Сударкін і старшына Аляксандр Саламацін, за што Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт узнагародзіў іх медалямі Рускай праваслаўнай царквы імя Сяргея Раданежскага.
Даехаць сюды аўтобусам не праблема. А жыхарам мікрараёна, што вырас і праглядваецца дзевяціпавярховымі гмахамі дамоў паблізу трох буйных прамысловых прадпрыемстваў, аўтапаркаў, і навогул выгада — адтуль да храма можна пешшу дайсці за нейкіх пятнаццаць хвілін.
На жаль, яго пакуль не спяшаюцца адкрыць для сябе і свайго сэрца многія жыхары таго селішча.

Міхась Залескі

Реклама
0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии