Шоу Беларушчыны ў Слуцку

0

Студэнты сталічных універ-сітэтаў 4 снежня правялі ў Слуцку віктарыну «Шоу Беларушчыны», у якой прынялі удзел каля двух дзесяткаў мясцовых жыхароў. Зміцер Трафімчук і Сяргей Чарнавокі называюць сябе ды-джэямі Адраджэння — спецыяльнага праекта агульнанацыянальнай кампаніі «Будзьма», якую праводзіць беларускі адраджэнцкі рух. «DJ's Адраджэння — гэта тыя, хто разам з шоу, музыкай, конкурсамі і тэстамі з прызамі абуджае ў моладзі цікаўнасць да сваёй краіны, нацыянальную свядомасць», — патлумачыў карэспандэнту «Кур'ера» Зміцер Трафімчук, студэнт філфака БДУ.
Удзельнікі віктарыны адказвалі на пытанні па гісторыі, геаграфіі і культуры Беларусі. «Пошук адказаў на гэтыя пытанні ўплывае на свядомасць чалавека, які атрымоўвае інфармацыю пра фенаменальнасць і фантастычнасць нашай краіны, пра яе ўнутраныя асаблівасці і адасобленасць ад той жа Украіны і Расіі, тое, што сапраўды вызначае Беларусь як асобную краіну», — зазначылі ў размове с карэспандэнтам «Кур'ера» арганізатары імпрэзы.
Асобныя пытанні падаліся аўдыторыі нескладанымі. Случане адразу назвалі тры фірмовыя нацыянальныя культуры, для якіх найлепшыя менавіта нашыя глебы. Пра тое, што геаграфічны цэнтр Еўропы, знаходзіцца ў Глыбоцкім раёне на возеры Шо, ведалі не ўсе. Таксама, як і пра тое, што беларуская мова паводле спеўнасці і мяккасці займае другое месца ў Еўропе пасля італьянскай.
Па выніках віктарыны яе пераможцы атрымалі зборнікі Дастаеўскага на беларускай мове, аўдыёкасеты і іншыя прызы.

Таццяна Гусева

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии