Нітачныя ўзоры

0

У мастацкай творчасці, сярод яе разнастайных відаў і тэхнік, непасрэдна жаночым відам дзейнасці прадстае менавіта вышыўка. Ствараемыя з дапамогай іголкі і ніткі выявы, што ўпрыгожваюць адзенне і іншыя прадметы быту, вядомы з самых даўніх часоў. Цесна звязаная з ткацтвам і шыццём, вышыўка ў мінулым не раз мела перыяды сапраўднага росквіту. Хаця і не ў той меры, як даўней, але запатрабавана яна і ў нашы дні.

Пра вышыўку можна гаварыць як пра дзейнасць прафесійную і як пра аматарскае, народнае мастацтва. У мінулыя часы прафесійная вышыўка задавальняла пераважна патрабаванні царквы і магнатэрыі. У параўнанні з народнай прафесійная дае вынікі больш дасканалыя, аднак яна ў значнай ступені і больш слабая па розных прычынах, перш за ўсё эканамічных і сацыяльных. І калі народная вышыўка, з яе адноснай сюжэтнай і тэхнічнай немудрагелістасцю і нескладанасцю, а таксама з арыентацыяй на традыцыі, існуе і сёння, то пра творы слуцкіх залаташвейнікаў цяпер мы можам даведацца толькі ў музеях і ў гістарычнай літаратуры.

Слуцкія залаташвейнікі
Некалі гэтыя майстры выконвалі адказныя заказы, працавалі з дарагімі матэрыяламі, у тым ліку з шоўкам, тафтой, атласам, аксамітам, парчой, якія прывозіліся з Заходняй Еўропы і краін Усходу. У карыстанні былі каляровыя шаўковыя ніткі, а таксама такія, якія мелі колер каштоўных металаў і таму называліся залотнымі. Акрамя нітак, у тым ліку залатых і срэбраных, асабліва ў эпоху барока, уключаліся перламутр, каляровы шклярус, бліскаўкі, жэмчуг. Побач са звычайнай вышыўкай па аснове з ХV-ХVІ ста- годдзяў вядома вышыўка             «у прыкрэп», калі пэўныя вышытыя дэкаратыўныя элементы нашываліся зверху. З ХVІІ стагоддзя пашыраецца высокарэльефная дэкаратыўная залотная вышыўка, якую называлі «вышыўка на чаканную справу» (нагадвала чаканены на метале ўзор). З ХVІІІ стагоддзя трывалыя пазіцыі займае вышыўка гладдзю.
З гістарычных дакументаў вядома, што ў канцы ХVІ — першай палове ХVІІ стагоддзяў слуцкія залаташвейнікі ўваходзілі ў аб’яднаныя цэхі разам з ткачамі, срэбранікамі, ювелірамі, рэзчыкамі па дрэве. Вышытыя імі ўзоры ўпрыгожвалі адзенне прадстаўнікоў заможных класаў і царкоўных іерархаў. У інвентары маёмасці Слуцкага Троіцкага манастыра, зробленым на пачатку ХVІІІ стагоддзя, прыводзіцца і апісанне царкоўнага адзення, у тым ліку можна даведацца пра чырвоную аксамітавую рызу, шытую золатам і жэмчугам, а таксама рызу, у якой па срэбным полі размяшчаліся кветкі. Згадваецца там шытая золатам і жэмчугам чырвоная аксамітавая мітра са срэбным пазалочаным крыжом зверху. У ліку шытых золатам і жэмчугам архіерэйскіх адзенняў мелася некалькі падораных Канстанцінопальскімі патрыярхамі, а таксама тыя, што стварылі мясцовыя майстры. Гісторыя не данесла імёнаў вышывальшчыкаў, аднак адно прывесці можна. Працы рук знакамітай слуцкай княгіні Сафіі Алелькавіч паданне прыпісвала старажытную рызу-фелонь з тоўстым срэбным шыццём, якая знаходзілася ў Троіцкім манастыры яшчэ на пачатку ХХ стагоддзя (да таго часу практычна ўсе манастырскія каштоўнасці ўжо былі перавезены ў Мінск). Захоўвалася ў манастыры епітрахіль ХVІІ стагоддзя, на якой залатой ніткай па срэбным фоне быў вышыты кветкавы арнамент з нарцысамі і цюльпанамі.
У адзенні, як правіла, пераважала вышыўка арнаментальная. Акрамя яе, сустрэнем вышыўку сюжэтную. Такая прымянялася пры стварэнні абразоў, царкоўных харугваў і знамёнаў рамесных цэхаў. У Слуцку, як і ў іншых месцах, рамесныя цэхі мелі сваё знамя (харугву) з сімвалічнымі выявамі прадметаў, што абазначалі сферу іх дзейнасці. У слуцкай Востраўскай Міхайлаўскай царкве яшчэ ў пачатку ХХ стагоддзя захоўваліся харугвы мясцовых цэхаў: ганчарнага (1833 года), сталярнага і стэльмахскага (1845 года). І хаця, у выніку знікнення многіх відаў рамеснай дзейнасці ды і саміх рамесных цэхаў, неабходнасць у стварэнні такіх харугваў да пачатку ХХ стагоддзя адпала, такое ўмельства спатрэбілася восенню 1920 года. Тады мясцовымі майстрыцамі на пачатку Слуцкага збройнага чына былі вышыты «Пагоня» і радкі з тэкстам на сцягу Першага Слуцкага палка.

Реклама

Папулярызацыя спадчыны
У другой палове-канцы ХІХ стагоддзя пачалі з’яўляцца музеі, дзе збіраліся прадметы даўніны і творы мастацтва. Складзены на пачатку ХХ стагоддзя інвентар Беларускага музея ў Вільні згадвае зробленае ў ХVІІІ стагоддзі ў Слуцку жаночае адзенне, у тым ліку гарсэцік з сіняга брокату, нашываны залатымі бляшкамі, а таксама гарсэцік з белага брокату «у кветачкі».
Цікавай калекцыяй традыцыйнага народнага адзення Случчыны можа ганарыцца этнаграфічны філіял Слуцкага краязнаўчага музея. Амаль усе7 экспанаты адносяцца да канца ХІХ- першай паловы ХХ стагоддзяў. Тут зацікаўлены наведвальнік  пазнаёміцца з разнастайнымі ўзорамі народнага ткацтва і вышыўкі. А іх прадстаўляюць не толькі адзенне, але і калекцыя рушнікоў рознага прызначэння, посцілкі, наміткі. На тэматычных выставах, якія перыядычна ладзяцца, можна было пазнаёміцца з калекцыямі, што захоўваюцца ў фондах. Трэба адзначыць, што краязнаўчы музей прапагандуе не толькі гістарычную спадчыну, але і творчасць сучаснікаў. Напрыклад, у філіяле краязнаўчага музея «Галерэя мастацтваў» з 10 лістапада 2006 года на працягу двух месяцаў дзейнічала выстава работ Зінаіды Паўлаўны Дубовік з вёскі Гацук, на якой у першую чаргу звярталі на сябе ўвагу вышытыя гладдзю мініяцюрныя партрэты выбітных дзеячоў сусветнай культуры. Некалькі месяцаў таму ў галерэі выстаўляліся выкананыя ў тэхніцы вышыўка крыжыкам абразы, якія прадставіла ўвазе гледачоў жыхарка Слуцка Надзея Аляксандраўна Халадкова.
Вышыўкай у нашым горадзе займаюцца і майстры Слуцкай фабрыкі мастацкіх вырабаў, аднак на аб’ём і асартымент фабрычнай прадукцыі цяпер уплывае каньюктура рынка. Той, хто працуе дома для сябе, або «на патрэбу душы», можа знайсці адзінадумцаў і калег у клубе народных умельцаў, што дзейнічае пры гарадскім Доме культуры, або ў створаных на раёне цэнтрах рамёстваў. Несумненна, што вышыўка як від мастацкай дзейнасці будзе развівацца і далей, і нас чакаюць новыя сустрэчы з мясцовымі майстрамі і іх творамі.

Ігар Ціткоўскі

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии