Працэс ідзе

0

Сёння гэту гісторыю ўспамінаю з усмешкаю. А тады, сорак гадоў таму, я чуць не зрабіў памылку, але хапіла мудрасці ўстрымацца.Маладым інжынерам пасля атрымання вышэйшай адукацыі мяне прыслалі ў сельгаспадарку. Пачыналася мая першая жатва. Да яе стараўся. Як вынік маіх намаганняў, усе сем камбайнаў былі адрамантаваны і гатовы выйсці на «поле боя».
І наступіў той дзень. Камбайны выйшлі з машыннага двара, дайшлі да вёскі і сталі. Першым у гэтым баявым парадку ішоў на сваёй «Ніве» рыжы Сцяпан Кот са сваім памочнікам, таксама рыжым хлапчуком — практыкантам са Слуцкага вучылішча.
Аб тым, што камбайны стаяць, сказаў прыляцеўшы да мяне ў майстэрню аграном.
Ён быў таксама маладым спецыялістам, пасля службы ў марской пяхоце данашваў свае цяльняшкі і клёшы і мацюкаўся па-марскому, дзе трэба і дзе не трэба было.
«Стоят. Почему не заправил Кота компрессией», — запыхаўшыся мацюкаўся ён. Калі я падышоў да камбайна, хлапчук з хітрай усмешкай сказаў, што дзядзька Сцяпан пайшоў дамоў па кампрэсію.
Сярод Сцяпанавага двара быў з дошак збіты хлявушок, з якога цераз усе шчыліны ішоў дым. «Як працэс пачнецца, бярозавых дроў не кладзі», — павучаў жонку Сцяпан. Убачыўшы мяне, чужога чалавека, жанчына спужалася, а Сцяпан прадставіў мяне: «Гэта наш інжынер».
Калі выходзілі з дворышча, я сказаў, каб не забыў «кампрэсію». Сцяпан усміхнуўся, з сенцаў забраў торбу з жончыным абедам.
Мінула шмат гадоў. Я быў ужо гарадскім чалавекам, калі аднойчы пачуў знакамітую фразу: «Працэс пайшоў». Для сябе я тады адзначыў, што працэс і не спыняўся.
І вось праз сорак гадоў я іду знаёмай вуліцай. Вось яно Сцяпанава селішча, той хлявушок. І як сорак гадоў таму, праз усе шчыліны ідзе дым.
Састарэлая жанчына падкладае бярозавыя дровы. Усе як раней, толькі Сцяпана даўно няма. А працэс ідзе…

Уладзімір Дамель

Реклама
0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии