Чырвоны туман

0

Гісторыю гэту назваць шчаслівай неяк няёмка, бо за ёю гора, слёзы і шмат непрыемнасцей. На нешчаслівую яна зусім не цягне, бо ў яе шчаслівы канец. А было гэта так.

У адну сельскую гаспадарку, што побач з горадам, прыехаў малады хлапец, механізатар шырокага профілю. Кіраўнік гаспадаркі ўзрадаваўся новаму спецыялісту. Ішла вясна, і працоўныя рукі былі вельмі патрэбнымі, таму трактар, што даўно стаяў пад плотам, дастаўся яму без усякіх праблем. Першыя дні да яго ўсе прыглядаліся: загадчык майстэрні, калегі-механізатары. І калі ён адмовіўся ад распіцця ў майстэрні пляшкі некім прынесенага віна, палічылі дзіваком. А хутка ён прынёс на паказ трактарыстам поўную вялікага фармату папку фотаздымкаў, якія адразу разышліся па руках. На іх былі жаночыя партрэты, незнаёмыя краявіды. На адным — чырвоная кветка і магутнае кола наязджаючага трактара. Апошняе імгненне жыцця, якое будзе сцёрта тэхнікай. На чорна-белым фотаздымку чырвоныя ляпёстачкі выглядалі спужанымі. «Ненармальны», — падумаў пра яго загадчык майстэрні.
З пачаткам пасяўной працоўны дзень пачынаўся рана. Аднойчы ў такі час з ракі на бераг наплываў туман. Новы механізатар дастаў з кабіны трактара фотаапарат і пабег на бераг ракі. Усе атрымалі заданне і сталі выязджаць з двара, а яго ўсё не было. Вярнуўся на двор, калі той быў пусты. Тады ён першы раз пачуў, як умее мацюкацца кіраўнік гаспадаркі.
Прайшло тыдні тры, пасяўная ішла к канцу. Нецярпенне недавала супакою: як атрымаўся на фотаздымку туман. Завесіўшы вокны, ён узяўся за справу. Асабліва спадабаўся фотаздымак, на якім хвалямі ад ракі туман наплываў на здань старога млына. На дварэ стаяў дзень. Трэба было спяшацца на працу. Ён зноў спазніўся. Схапіўшы пуцявы ліст, памчаў на склад грузіцца пасяўным зернем. На полі яго чакаў экіпаж трактара з сеяльшчыкамі. Сеялку загрузілі, і яна пайшла ў поле, пакідаючы за сабою радкі. Яму заставалася чакаць, калі скончыцца зерне ў сеялцы. Тады памахаюць белым сцяжком сеяльшчыкі, і ён пад’едзе да іх на загрузку. Не спаўшы ноч, не заўважыў, як заснуў у кабіне трактара. І атрымалася так, што апусцеўшая сеялка стаяла на супрацьлеглым канцы поля, а ён спаў у трактары на месцы першай загрузкі. Колькі доўжыўся б гэты сон, каб не прыехаў на поле кіраўнік гаспадаркі, ён не ведае, мусіць, і сёння. Пра тое, як яго будзілі, нікому не расказваў, але на працу больш не пайшоў, хоць заяву на звальненне не прынялі. Так ён блытаўся некалькі дзён, покуль не прачытаў у газеце, што фотаклуб «Мінск» прымае на конкурс фотаздымкі.
Настрой адразу палепшыўся ад думкі, што свае «шэдэўры» пакажа знаўцам, а за адно пашукае сабе месца ў сталіцы. Вольны час прысвеціць фатаграфіі, і ніхто не будзе кпіць над ім за ягоную страсць. Над тым, што паказаць у Мінску, доўга не мучыўся, сярод іх абавязкова будзе чырвоны туман з сілуэтам старога млына, пра які толькі ведаў, што пабудаваны ён яшчэ да рэвалюцыі, у вайну снарады прабілі сцены. Пазней трапіў у зону затаплення пры будаўніцтве вадасховішча. Так і стаіць чорнай зданню сярод зараснікаў чароту. Але на фотаздымку галоўнае не ён — гэтая здань, а туман, які каціцца хвалямі ад ракі вышэй за чалавека. Яго чырвань быццам наліта крывёю, праз якую крыху праглядаюць сонечныя промні. Глядзіш — і становіцца жудасна. Страшная сіла ў гэтых чырвоных хвалях туману накаціць на цябе і захлыне, калі не ўцячэш.
У сталіцы без цяжкасці знайшоў патрэбны адрас. На замкнутых дзвярах вісела ад рукі напісаная аб’ява, што фотаздымкі прымаюцца на конкурс пасля семнаццаці гадзін. Ён выйшаў на галоўную вуліцу, прайшоў да маста, з якога падзівіўся на раку. Так і не зразумеўшы, як раку абклалі ў бетон, спусціўся ў сквер. Ля помніка Янку Купалу было шмат людзей. Не стрымаўся, дастаў свой «Ролейфлекс» і зрабіў сабе на памяць помнік паэта, прыцягнуўшы ўвагу пажылога чалавека. Таго цікавіла фотакамера, што была рэдкасцю, толькі ў «шчасліўчыкаў». На пытанне, чаму здымае на плёнку, наш герой адказаў: «Хіба ў калгасе заробіш на лічбавы?" — і расказаў пра свае планы ўладкавацца ў сталіцы. Пажылы незнаёмец паабяцаў дапамагчы не раней верасня, падаў візітку: «Мо, спатрэбіцца».
У фотаклубе за сталом сядзеў пенсіённага ўзросту чалавек. Ён выйшаў насустрач, падаў руку і назваўся. Госць назваўся такса- ма — Міхась. Пра гаспадара Міхась чытаў шмат разоў і ведаў, што сваё жыццё той пражыў фотакарэспандэнтам, лічыўся вялікім майстрам. Таму нейкі жах ахапіў Міхася, што яго фотаздымкі забракуе адразу. Але прагляд ішоў спакойна. Калі Міхась дастаў і паклаў на стол свой чырвоны туман, мэтр зацмокаў: «Нешта важкае», — і адклаў у бок ад усіх. Пакідаў сталіцу Міхась познім вечарам. Цень ад помніка Перамогі клаўся праз ўсю плошчу. Настрой быў бадзёры, абяцалі ажно тры фотаздымкі выставіць. Радавала знаёмства з прызнаным фотамайстрам.
На трактар Міхась больш не вярнуўся, працаваў слесарам у майстэрні. Тыдні праз тры яму патэлефанаваў знаёмы фотамастак, прасіў неадкладна заўтра прыехаць. «Твой «Чырвоны туман з усходу» хочуць купіць».
Калі назаўтра зайшлі ў выставачную залу, пакупнік быў там. Гэта была жанчына, узрост якой цяжка было вызначыць. Па першых прамоўленых словах Міхась здагадаўся, што яна нетутэйшая, помніць родную мову, але вымаўляе з цяжкасцю.
— Ві іст грос художнік?- спыталася ў Міхася, і па яе твары хвалей прабегла безліч маршчынак.
-Я ёсць трактарыст, — адказаў Міхась.
-Ві іст мастак-тракторіст, — і хваля маршчынак зноў прабегла па твары.
Калі жанчына прапанавала цану, мінскі маэстра адмоўна пахістаў галавой.
Жанчына назвала цану ўдвая большую. Міхась паглядзеў на мінскага фотамайстра. Той ніякіх знакаў не падаваў.
-Абяцайце, што ві прыедзеце да мяне і прывязяце фотаздымкі ўсіх пабудоў вакол млына, тады я заплачу вам яшчэ столькі, — гаварыла пакупніца.
Дамоў вяртаўся Міхась бадзёрым. У кармане ляжалі еўра. Іх было столькі, што за год не зарабіць. А яшчэ дамовіліся, што жанчына прышле запрашэнне і Міхась паедзе ў Еўропу.
Хутка пасля гэтага Міхась з вёскі знік. Мо, пра яго забыліся назаўсёды, ды прыехаў у вёску нечакана гадоў праз пяць на шыкоўным аўто. На грудзях красаваўся новы фотаапарат, якога ён зусім не саромеўся, а нават ганарыўся.
За час яго адсутнасці вёска значна пастарэла. А гаспадарка, кіраўнік якой так злобна будзіў яго, знікла зусім, стала брыгадай суседняга СВК. Майстэрня пуставала, і яе вароты гойдала ветрам. Цяпер ён добра ведаў гісторыю млына, гісторыю майстэрні. Калісьці яна была канюшней і стаялі ў ёй коні для выезду.
Прыйшоў новы час, і гаспадары вымушаны былі пакінуць гэты край. Цяпер усё ў заняпадзе. Невясёлыя здымкі будуць. Толькі стары млын заставаўся ўсё аднолькавым — непадуладным часу. І стары парк паміж майстэрняй і млынам выглядаў яшчэ больш забруджаным. І хоць чырвонага туману больш не было, ён бачыў туман яшчэ не вызначанага колеру, ад якога несла разбурэннем і цвіллю.

Уладзімір Дамаль

Реклама

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии