Бяссоніца

0

Адчуўшы, што ён не засне, узняўся, пад канапаю намацаваў пантофлі, лэпнуў па століку — узяў цыгарэты і запалкі. Пакрочыў паціху на кухню. Падышоў да вакна, адхіліў цюль.

Кухню заліло бледнае святло месячыка. У ёй і раней трымалася рэдзенькая шэрань і нядужа скрадвала абрысы. Цяпер шэрань зліняла больш і ледзь прымярэжвае іх. Восеньская цёплая ноч апранула зямлю і раскідала свае таемныя чары. Першыя зоркі вяснушкамі высыпалі, замігацелі то там, то сям. Іх шмат, і святло разнастайнае. Усталявалася старожская цішыня. Каля дома гуркнула машына, ды ў зусім іншым баку прагрымеў цягнік. Месяц паступова ўздымаўся, бляднеў і белаваты застаўся да канца ночы.
Ён дастаў цыгарэту, запалкі, але не стаў прыкурваць: абапёрся на падаконнік, прысеў на стул.
У спальні заварочалася жонка, цяжка ўздыхнула. Не спалася і ёй. З-за чаго яны пасварыліся вечарам, ніводзін не адказаў бы. Успыхнула яна. Ён не стрымаўся.
Спаць клаліся паасобку.
— Дакуль паўночнічаць будзеш? — раздаўся жаночы голас.
Муж не адказаў, крыху ссутуліўся.
— Чаго не спіш, пытаю?
Тое, што жонка загаварыла першай, яго ўцешыла вельмі.
— Нешта не хочацца, — адказаў ён.
Яна устала, падышла, села каля вакна.
— Адчыні фортачку.
Ён адчыніў, закурыў цыгарэту.
— Дай і мне адну цыгарэту.
Ён падаў цыгарэту, чыркнуў запалку. На кухні з крана раз-пораз падалі ў ракавіну невялікія лёгкія кроплі. Сцішаная і задуменная, жонка, бы дзеўчанё, падабрала пад сябе ногі. Па яе шчаках пакаціліся слёзы.
— Чаго плачаш? — не стрымаўся ён.
— Дым у вочы трапіў, — адказала яна.
Жонка няўмела прытушыла цыгарэту, прыкрыла фортку.
— Не сярдуй. Я вінаватая ва ўсім — нервы. Накінулася, пакрычала, пакудахтала…
Крыўду яго як рукой хто зняў.
— Я сам добры. Гэта я — порах, як гэтая запалка хутка ўспыхвае.
Аблітая бледным святлом, яна выглядала кволай, бездапаможнай і вельмі прыгожай. Муж не стрымаўся, прыгарнуў яе да сябе.
— Даруй мне, нястрыманаму, — прашаптаў ён.
Тым часам занімаўся золак. Радзела шэрань. Нясмела трымцеў світанак. Разам з цемраю, што запаўняла пад’езды дамоў і глухія закуткі, прападалі начныя шорахі. Зрэдку цішыню парушалі крохі або кароткі шоргат тугіх колаў легкавушкі ці «хуткай дапамогі».
Пачынаўся дзень. А яны ўсё сядзелі, гаварылі і гаварылі…
Чалавеку сяды-тады не шкодзіць пабываць сам-насам з сабою. І яшчэ з цішынёю. Пастаянна чалавек не можа жыць у радасці, бо той, хто ніколі не зведаў, што такое расчараванне, сум, боль і сумненне, мусіць, не можа быць ні радасным, ні шчаслівым: адкуль яму будзе знаёма тая змена настрояў ад балючага да прыемнага, якая, можа, ўжо сама па сабе і ёсць радасць. Шчасце — яно наперадзе, і гэта нешта недасягальнае. Яно ў радасці чалавека. Яго нельга ўзяць у рукі і разглядзець, бо шчасце — лінія гарызонту, а на яе не наступіш нагою.
Так і прасядзелі яны да раніцы, многа чаго ўспомнілі, памарылі… А думкі і мроі не пакідалі доўга абоіх.

Міхась Масюк

Реклама

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии