Пад стрэхамі продкаў

0

За 30 гадоў слуцкая настаўніца назбірала болей за 400 старадаўніх рэчаў, якімі карысталіся нашы дзяды і прадзеды

Кажуць, калі Аляксандр Драко, старшыня Слуцкага райвыканкама, упершыню завітаў у этнаграфічны куток адной з мясцовых адукацыйных устаноў, ён выцер ногі аб палавік і звярнуўся да гаспадароў - дзеда і бабы: «Дзень добры, вам у хату!». І, калі яму не адказалі, здзівіўся. Лялечныя дзед з бабай выглядалі, як жывыя.
Калі вы трапіце ў этнаграфічны куток «Пад стрэхамі продкаў», які адкрыўся на мінулым тыдні ў Слуцкай школе № 10 імя Рубанава, вы таксама адчуеце жаданне выцерці ногі на ўваходзе і вачыма пашукаеце гаспадароў. Дарэчы, кутком назваць гэты пакой язык не павернецца. Гэта сапраўдная вясковая хата, у якой жылі нашы продкі ў XIX — пачатку XX стагоддзяў. Самае прыгожае месца ў хаце — ложак, які зрабіў каваль на пачатку XX стагоддзя. У калысцы, засланай вышыванкамі, некалі гадаваўся дырэктар школы Уладзімір Дулін. А ў куфры захоўваюцца ільняныя сарочкі, якім больш за сто гадоў.

З чаго пачыналася калекцыя
Каля 400 рэчаў, якімі карысталіся нашы продкі, збірала Ларыса Пшанічная, настаўніца беларускай мовы і літаратуры, на працягу амаль трыццаці гадоў. А пачалося ўсё з падараванага сястрой ручніка. «Калі я атрымала адукацыю медсястры і паехала ў Стаўбцоўскі раён на працу, сястра мне падаравала гэты ручнік, — успамінае Ларыса Пшанічная. — Я брала яго ў рукі і адчувала сувязь з домам, з сястрой. Праз некалькі гадоў мы з мужам прыехалі ў Слуцк, і я пасля заканчэння інстытута прыйшла на працу ў школу. Я падумала, што ёсць у школе розныя кабінеты: і матэматыкі, і фізікі, і хіміі, — а няма вось такога роднага куточка. Таму ў сваім кабінеце, у куточку, я павесіла ручнік і пачала збіраць рэчы, якімі карысталіся нашы дзяды і прадзеды».
Першыя экспанаты для сваёй калекцыі, якой зараз можа пазайздросціць іншы музей, Ларыса Пшанічная шукала на Стаўбцоўшчыне, дзе жыла яе свякроў. Пошукі былі ўдалыя: скарбніцу папоўнілі калаўрот, рабрысты пранік з качалкаю і чыгунны прас.
У канцы кожнага ўрока настаўніца звярталася да вучняў з просьбай пашукаць старыя непатрэбныя рэчы. Школьнікі адгукаліся і прыносілі. Нават калі здараліся праблемы са здароўем і Ларыса Іванаўна трапляла ў лякарню, і там яна працягвала пошукі экспанатаў для будучага музея. «Я прасіла пакласці мяне ў пакой да старэнькіх бабуль, думала, можа, яны не павыкідалі, можа, яшчэ на гарышчы чаго схавалі, — распавядае суразмоўні-ца. — І вось жанчына з Васілінак кажа: „Прыязджай, бяры, што хочаш. Што ў мяне ёсць — адддам“. Вось гэты станок Феня Сцяблянская аддала. Яна мне мноства рэчаў падаравала».
Ларыса Пшанічная не грэбавала ніякай работай, каб разлічыцца з людзьмі за экспанаты для будучага музея. Калі нехта прасіў: «Папрацуйце ў мяне пару дзянёчкаў», яна згаджалася. Даводзілася і падлогу фарбаваць і градкі палоць.
Калі ў класе з’явіліся прасніцы, вучні здзівіліся: «Што гэта за лапаткі такія?». Настаўніца патлумачыла: «Гэта прасніца. Памятаеце казку „Три девицы под окном пряли поздно вечерком“?». — «Не.» — «І я бачу, што дзеці не ведаюць нашага мінулага побыту, і мне яшчэ больш захацелася стварыць этнаграфічны куток, каб яны даведаліся пра тое, як жылі нашы дзяды».

Реклама

Кожны дзень у пошуках
З цягам часу ў класе стала мала месца для знаходак Ларысы Іванаўны, і частка іх захоўвалася на балконе яе кватэры. Муж настаўніцы часам пытаўся: «Калі ты ўжо ўсё гэта знясеш?». І вось, нарэшце, адміністрацыя школы адвяла для этнаграфічнага кутка асобны кабінет, і рэчы апынуліся на сваім месцы.
Жамчужынай кутка, па меркаванні яго стваральніцы, з’яўляецца ложак ручной работы, якому больш за сто гадоў. Мікалай Капцэвіч з вёскі Стары Рабак расказаў, што ложак належаў яго прадзеду. Калі той сабраўся ажаніцца, бацька яго спытаў: «А на чым ты спаць будзеш? У цябе ж ложка няма. Выкуй і тады жаніся».
Ларыса Пшанічная была ў пошуках кожны дзень. Яе апантанасць падзялялі калегі, якія імкнуліся дапамагчы. Тамара Мяцельская прынесла пакрышкі сваёй мамы, Валянціна Аляшкевіч — матуліны вышыванкі, а Уладзімір Дулін, дырэктар школы, — калыску, у якой гадаваўся. Пералічыць усіх, хто дапамагаў Ларысе Пшанічнай, немагчыма, але кожны наведвальнік зможа пра іх дазнацца: на экспанатах ёсць звесткі пра іх былых гаспадароў. «Вось рэшата для лоўлі ўюноў і калаўрот ад медсястры Валянціны Шух. А гэтую ступу з вёскі Дзесяціны Слуцкага раёна падаравала Таццяна Такалава, дырэктар Палаца моладзі, — праводзіць экскурсію Ларыса Пшанічная. — Драўляную біклагу падаравала Ніна Гадунова — наша завуч. Сюды налівалі ваду з калодзежа і бралі на поле. Вада ў біклазе на працягу дня не награвалася сонцам. Вось гэты ліхтар я знайшла на сваёй радзіме — у Манькова на Случчыне. Цяпер на карце гэтага пасёлка не існуе.
У вёсцы, як вадзілася, звычайна на сценах віселі фотаздымкі ў рамках. На гэтым фота — мая бабуля Арына Адамаўна Шахновіч, На жаль, ад яе застаўся адзіны здымак. Яна была граматная, чытала па-славянску. Яна і нас з сястрой навучыла таму, што сама ўмела».

«Мы даведаліся, як жылі нашы продкі»
На адкрыцці этнаграфічнага кутка выхаванцы Ларысы Пшанічнай частавалі гасцей свята дранікамі і блінамі і раздавалі рэцэпты нацыянальнай кухні. Шасцікласніцы Насця і Наташа вельмі хваляваліся перад прэзентацыяй, але ўсё прайшло як па нотах.
— Мы наведваем этнаграфічны гурток з пачатку навучальнага года, але ўжо шмат чаго даведаліся: як жылі раней нашы продкі, якое адзенне яны насілі… Ёсць цікавыя назвы, напрыклад, калаўрот.

— І што гэта такое? — запыталася я.
— Гэта прылада, каб прасці лён.

— Ці зайздросціце вы сваім продкам, якія жылі ў мінулым стагоддзі, альбо шкадуеце іх, бо ім прыходзілася цяжка працаваць?
— Не, яны жылі лепш, чым мы. Яны ўсё ўмелі рабіць, жылі сваёй працай і кожную дробязь успрымалі, як свята. Гэта было сапраўднае жыццё. Яны, у адрозненне ад сучаснікаў, шанавалі Бога і сваіх продкаў. І нам трэба ў іх вучыцца, бо без мінулага няма будучага.

— А калі б вам прапанавалі правесці вакацыі ў вёсцы і пасяліцца вось у такой хатцы, як гэта, дзе не было б тэлефона, тэлевізара, камп’ютэра, колькі б вы вытрымалі без гэтых рэчаў, не сумуючы?
Дзяўчаты задумаліся. «Не болей за тыдзень», — кажа адна. — «Месяц», — упэўнена яе сяброўка.
Іх настаўніца Ларыса Пшанічная шчаслівая, што ў канцы сваёй педагагічнай дзейнасці пакіне ў школе куток, які дапаможа дзецям адчуць сябе беларусамі. «Я перадам яго ў надзейныя рукі - сваёй калезе Наталлі Панчкоўскай. Яна такая ж апантаная, як і я», — кажа настаўніца.

Таццяна Гусева

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии