Чырванее «клюква» на рынку

0

Сёлета журавіны ўрадзілі, як ніколі: і шмат наспела, і памерам ягады, нібы спелыя вішні.

Ды і цана ім, з улікам вельмі спажыўных якасцей, на рынку нетанная. За літровы слоік гандляры, пераважна людзі пенсіённага ўзросту, просяць 5 000 рублёў, за пяцілітровае вядзерца — 25 000 рублёў. А гандляроў тых у нядзелю на слуцкім рынку я налічыў аж 22 чалавекі. Паколькі цана стрымлівае пакупнікоў з нізкімі заробкамі, то гандляры запрашаюць іх поклічам «Покупайте клюкву!». З-за старэчай бяззубасці ў асобных бабуль апошняе слова гучыць «клюка». Спыняюся ля дзвюх немаладых, але па выгляду бадзёрых жанчын, трэці сярод іх — мужчына пад пяцьдзесят. Ля ног у кожнага па вялікаму вядру журавін. Прыкідваюся гэтакім нязнайкам і пытаюся:
— Як вашы ягады завуць?
— Клюква! — у адзін голас адказваюць усе трое, паглядаючы са здзіўленнем на мяне.
Пацепваюць плячыма.
— Наверно, тоже клюква, — дадае крайняя злева жанчына.
— Не, шаноўныя, вашы маці, бабулі звалі іх журавінамі, — падказваю ім.
— Всё равно буду называць клюквой, — з выклікам адказвае старэйшая з жанчын.
Не падумайце, што яны завіталі з навакольных вёсак, таму як на тэрыторыі Слуцкага раёна балотаў журавінных, пасля прайшоўшай у 60−70-я гады мінулага стагоддзя меліярацыі, бадай не засталося, ехаць трэба дызелем за Старыя Дарогі, да Фаліцкіх балотаў, а туды добрых 60 кіламетраў. Сельскаму пенсіянеру, без ільготаў на праезд, накладна. Едуць туды пераважна людзі гарадскія — і не толькі пенсіянеры.
Абыйшоў усе 22 журавінныя «кропкі», і амаль усюды на пытанне пра назву ягад адказ быў тыповы для абруселых слуцакоў - клюква. Толькі адна маладзіца пацешыла «нашаскай» назвай. Некаторым з гандляроў тлумачыў, што слова «клюква» прыйшло да нас з Расіі, дзе спрадвеку гэту балотную ягаду хадзілі збіраць бабулі з кіямі-клюкамі на выпадак, калі багна ці заімшэлая мгла зацягвае ногі, то яны абапіраліся на тую палку. А беларусы, народ болей рамантычны, схільны звязваць многія зямныя крыніцы-абшары з нябеснымі, далі гэтай ягадзе вельмі пявучую назву «журавіны». Ад таго, што журавы пасля вяртання вясною з выраю, згаладалыя за час лёту, садзіліся для папаскі на балотах, дзе чырванелі гэтыя перамерзлыя, але смачныя ягады, — набіраліся сілы для далейшага лёту да месцаў гнездавання.
Каб жа рынак забыў толькі гэтае роднае слова. Улетку там не пачуеш, каб хтосьці з жанчын ці мужчын, гандлюючы ягадамі, гаварыў «суніцы», «чарніцы», «буякі», усе, нібы згаварыўшыся, называлі іх па-расейскаму: «земляника», «черника», «голубика».
Што ж, калі ідзе ў апошнія трынаццаць гадоў няспыннае, не стрымліваемае ўладамі адміранне роднай мовы, перараджэнне нацыі ў насельніцтве, чакаць, што загучыць беларускае слова, справа безнадзейная.

Міхась Залескі

Реклама

Пенсіянерка Ніна Амосава вядома на Слуцкім рынку як запраўскі аматар збору журавін. «Збіраю ў адным з вугалкоў Брэстскай вобласці - ёсць там у мяне свае стаянкі. Бывае, працую там па трое сутак», — гаворыць яна ў размове з карэспандэнтам «Кур'ера». Сёння літровы слоік журавін каштуе ў яе пяць тысяч рублёў

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии