Чорныя грузды

0

У нашых лясах расце тры віды груздоў: звычайны белы, чорны і жоўты. Апошні, праўда, досыць рэдка сустракаецца. Белы ўжо ў верасні знікае. А вось чорных груздоў можна назбіраць яшчэ і ў кастрычніку. Растуць яны звычайна па дарогах, лініях на нізкіх ельніках, дзе вільготная глеба шчыльна заслана апалым лісцем з падлеску.

Можна сустрэць іх і ў барах, бярэзніках, на ўскрайку леса. Шукаць чорныя грузды зусім нескладана. Гэта не летнія баравікі, што ногі стопчаш, бегаючы за імі па лесе. Яны, грузды, растуць кучна, альбо, як гавораць заўзятыя грыбнікі, слаямі. Знайшоў адзін — шукай побач. Вялізныя, з талерку памерам, з загнутымі ўгору краямі, яшчэ здалёк кідаюцца ў вочы. Але яны старыя, ломкія, і іх не чапаеш. А вось дыяметрам з кубак — гэта самы жаданы і дарагі трафей. Звычайна правяраеш, а потым што бракуеш, а што кладзеш у кошык. Такія грузды моцныя, крамяныя. Зрэжаш яго, дык з тоўстай кароткай ножкі так і пырсне вельмі горкая вадкасць.
Але ж не кожны і заўважыш у паблеклых асенніх фарбах, калі ён, гарэза, хітравата цікуе за табой, грыбніком, і хаваецца ў лістоце. Затое, калі знайшоў аднаго, будзь уважлівым. Побач пад лісцем звычайна хаваецца і шмат іншых.
Але назбіраць грыбоў - адна справа. Гэта, можна сказаць, — паэзія. А вось правільна прыгатаваць іх — гэта ўжо проза.
Прыйшоўшы дамоў, грыбы трэба старанна пачысціць ад ляснога смецця і пяску. Перабраныя пакласці ў вялікую ёмкасць, заліць вадою і двое-трое сутак вымочваць гаркату, мяняючы двойчы ў дзень ваду. Потым яе зліць, скласці грыбы шапачкамі ўгару ў бочачку, перасыпаць соллю, дадаць розныя спецыі. Наверх трэба пакласці драўляны кружок, на яго — камень-гнёт, затым паставіць посуд з грыбамі ў халоднае месца.
Ды не спяшайцеся іх пакаштаваць. Паўтара-два месяцы яны павінны будуць гатавацца, даспяваць там. У гэтым ёсць і свая прывабнасць.
Вось, як за вакном затрашчаць піліпаўскія маразы, загуляюць уздоўж вуліц сівыя мяцеліцы, акурат і паспеюць вашы доўгачаканыя дары лесу — грузды.
Ёсць і другі спосаб. Грузды трэба памыць, пачысціць. Праварыць першы раз хвілін дваццаць. Ваду зліць, грыбы зноў прамыць і паставіць другі раз на хвілін дзесяць варыць. Зноў зліць ваду і ўжо паставіць варыць хвілін дваццаць, дабавіць крыху вады, соль, укінуць укроп, перац, гваздзіку, лаўровы ліст і воцат. Грыбы астынуць, і ўжо на заўтра можна ўжываць у ежу.
І ў адно цудоўнае ранне ў талерцы з’явіцца на стале разварыстая бульба. Ад яе да столі ўзнімаецца густая цёплая пара. А побач з ёй урачыста ўсталюецца другая талерка — з грыбамі, прыпраўленымі алеем, цыбуляй ці часнаком. Побач паставяцца салёныя агуркі і нарэзанае кавалачкамі мёрзлае сала.
Смакоцце, я вам скажу, адмысловае!
За сталом вы, вядома ж, з прыемнасцю ўспомніце свае паходы ці паездкі па грыбы ў сыры, непрыкметны восеньскі лес, карпатлівае іх прыгатаванне. І халодны зімні дзень за вакном, які шмат каму зусім нямілы сэрцу, раптам здасца вам самым найвялікшым святам у годзе. Нельга расказаць, якая гэта прыгажосць — грыбы, «ціхае паляванне», якое даступнае ўсім. Гэта і асалода, і карысць.
Кожны грыбнік ведае: напаткала цябе ў лесе ўдача — не спяшайся пакінуць шчаслівае месца, паглядзі па баках, і твой кошык абавязкова напоўніцца. Апенькі, курачкі, казлякі, радоўкі, сыраежкі растуць звычайна сем’ямі. Грыбы не толькі смачныя, але і вельмі пажыўныя. Адным словам, не ўпусціце момант. Бо гэтай ураджайнай грыбной пары хутка давядзецца чакаць цэлы год.
Дзякуй за твае дарункі, шчодры лес!

Міхась Масюк

Реклама

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии