Крышэнікі з казлякамі

0

Я не быў у вёсцы Палічын, што на Любаншчыне, амаль сорак гадоў. Вярнуўшыся з Казахстанскай цаліны ў 1967 годзе, працаваў тут галоўным інжынерам тры гады. На большае не хапіла ні маральных, ні фізічных здольнасцей, і я збег у горад.

Але ўсе гэтыя гады з удзячнасцю ўспамінаў працавітых людзей, добразычлівых і шчырых душою жыхароў саўгаса «Калінаўка».
Пасля цаліны здзіўляла, як людзі тут практычна толькі за тое, што запішуць дзень, каб у канцы года атрымаць працоўны мінімум для налічэння пенсіі, беглі на працу. А на цаліну дзяржава ў гэты час грошай не шкадавала.
Пакінуўшы аўто ў пачатку вуліцы, я іду пешшу, каб разглядзець змены ў вясковым жыцці. Іду па Палічыну да Паўла Богуша, былога брыгадзіра трактарыстаў. Да мяне і ў той час, калі я тут працаваў, ён быў усімі прызнаным Богам. Яго парад слухаўся галоўны аграном, дырэктар, а пра інжынера і гаварыць не трэба. Хоць вялікай адукацыі ён не меў, але бачыў далёка ўперад за нас адукаваных. Нездарма ў яго прозвішчы нешта ад Бога.
Дарога на Палічын заасфальтавана. Вядома, дапамог Чарнобыль. Злева, дзе пры мне быў пасаджаны сад, на яго месцы пабудаваны домікі па праграме адраджэння вёскі. Гэта ў селішчы, дзе не ведалі, чым заняць людзей. Зправа ад дарогі пужаюць чорнымі выбітымі вокнамі двухпавярховыя пабудовы, дзе раней жылі настаўнікі, трактарысты, шафёры.
Галоўная вуліца Палічына па-ранейшаму ўся ў пяску. Там-сям свецяцца вокны, большасць дамоў запусцела. Той, да каго іду, жыве ў канцы вуліцы ў цагляным доме.
Павел Богуш якраз вячэраў, і я трапіў на крышэнікі з казлякамі - смажаную бульбу з грыбамі. Ён даўно пенсіянер, але душою па-ранейшаму ў жыцці саўгаса.
«Тры дні не адвозіцца малако, бо няма рэмня вентылятара на малакавозе. Трактарыстаў прывозяць з Любані, за сорак кіламетраў, штодня на працу к дзесяці гадзінам раніцы. У майстэрні запусценне, — выказваў сваё гора былы брыгадзір. — Людзі, што засяляюцца ў домікі - чужакі. Большасць заглядае ў шклянку. Нешта ў нашым царстве не так — адным словам, крышэнікі з казлякамі».
Павел доўга абураўся на сучаснае жыццё ў вёсцы, на нізкія заробкі механізатараў і жывёлаводаў, гаварыў, што па гэтай прычыне лепшыя людзі не зацікаўленыя ў выніках працы і пакідаюць вёску.
…Ад'язджаў я з вёскі са змрочнымі думкамі: мінулыя трыццаць восем гадоў яна змагаецца за жыццё, але сілы яе пакідаюць. За два гады, з 2005 на канец 2007 года, колькасць вясковых жыхароў рэспублікі скарацілася амаль на 670 тысяч пры нязначным павелічэнні гарадскога насельніцтва.

Реклама

Уладзімір Амяльчэня

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии