Веправыя выхадкі з мурашнікам

0

Перад раніцай прашумела навальніца. На світанні яна суціхла. Дождж сышоў на ўсход, а за ім хутка сплылі хмары. Над вымытымі вадой палеткамі засінела чыстае неба і зазіхацела яркае сонца. І неба, і сонца, пераліваючыся вясёлкавымі колерамі, адбіваліся ў незлічоных буйных кроплях, што былі шчодра рассыпаны на траве і лісцях дрэў.

Пасля цёплага начного дажджу з ліўнем зямля мілуецца разам з ранішнім сонцам. Усюды раса ззяе, пераліваецца, іскрыцца. Я падняўся, ледзь развіднелася, і накіраваўся ў знаёмае лясное ўрочышча. Цішыня вакол. Нішто не парушала ранішняга спакою прыроды. Раніца была прыгожая, свежая; маленькія перыстыя хмаркі дзе-нідзе стаялі на бледна-ясным блакіце. Па роснай траве слаўся туман. Вільготная цёмная зямля, здавалася, яшчэ захоўвала след зары. Ранне дыхае свежасцю і ласкавай цеплынёй. Сонца павольна ўзнімаецца вышэй. Вось я ўжо прабіраюся ўскраінай бярозавага гаю, белага, быццам аблепленага снегам. Далёка над ім — вострыя цёмна-зялёныя вярхі ёлак.
Прачынаецца птаства. У мяккай зеляніне беластвольных бяроз звонкім срэбрам сыплюцца галасістыя берасцянкі. Пяшчотнай флейтай пасвіствае лясны жаваранак. Ніжэй весела распяваюць пеначкі, валасянкі, сініцы, дразды, шчабеча цвірку-зяблік, заліваецца заранка, стукае дзяцел. «Ку-ку! Ку-ку», — гучна разносіцца спеў зязюлі. І ад гэтага мілага сэрцу ляснога галаска ў гаі робіцца яшчэ святлей і празрысцей. Захацелася крыху адпачыць дзе-небудзь у засенні дрэў. Выбраў падыходзячае месца ля ствала гонкага клёну і прысеў на купіну, пакрытую дываном цёмна-зялёнага мяккага моху. Сонца ўжо стаяла ў зеніце. Утульна і суцешна ў спякотны дзень, быццам і жыцця ў ім няма. Пад яго гарачымі промнямі млела лістота бяроз і асін, салодка драмалі лясныя кветкі. Я ўжо збіраўся ўставаць, як нечакана непадалёк пачуліся нейкія невыразныя гукі. Стваралася ўражанне, што хтось плюхаецца ў лужыне з вадой з правага боку. Ціхенька ўстаўшы, бясшумна пакрочыў туды. Вельмі зацікавіла мяне. Крыху не дайшоўшы да лагчыны, убачыў: купаўся здаравенны дзік. Паляжаўшы на адным баку ў вадзе і гразі, вепр прыўзняўся на пярэднія ногі, хлябнуў вады і апусціўся на другі бок. Відаць, секачу было вельмі прыемна, бо ён ад задавальнення павыцягваў ногі і толькі зрэдку варушыў вушамі.
Я паціху пакрочыў назад, не трывожачы дзіка. Пасля, бываючы ў бярэзніку, я амаль кожны раз наведваўся да забалочанай палянкі. І кожны раз на гразі былі свежыя адбіткі капытоў, большыя і меньшыя. А логавы на гразі сведчылі аб тым, што дзікі рэгулярна наведвалі сваю купальню.
У пошуках грыбоў часта бываю ў сасонніку. Тут ёсць невысокі пагорачак-пятачок дробненькага, сівата-белага пяску. На самай мякаццы пагорачка-лысіна — голы пясок. Вакол яе — пояс густога пакручастага бура-зялёнага верасу. За верасам стаяць кашлятыя елкі, асіны, бярозы. Сям-там трапляецца алешына. Вакол сасонніка вельмі грыбны лес. Растуць танканогія бабкі, аранжавыя падасінавікі, зялёныя і чырвоныя сыраежкі, а ў верасе сядзяць пузатыя баравікі. Трохі далей за змешаным лесам высыпаюць залаціста-жоўтыя лісічкі. Ды не мне аднаму спадабалася лясная мясціна. Прыйшлася яна «да душы» і дзіку. Я хаджу сюды ў дзень збіраць грыбы, а ён гаспадарыць уночы. Што ноч — новая бяда. Так пераверне мох і ігліцу, што не пакіне жывой лапіны, выбірае якраз тыя куточкі, дзе лепей за ўсё растуць грыбы.
Непадалёку ад палянкі, пад старой ёлкаю, стаіць вялікі мурашнік. Конус яго невысокі. І вось ноччу прыйшоў сюды дзік. Разрыў яго, зруйнаваў, перамяшаў ігліцу з пяском. Зімою ляжаў тут. Як толькі растаў снег, мурашкі аднавілі свой домік. Улетку дзік перакапаў лясны дол, а мурашнік не чапаў. Яго абгарадзілі.
Зімою дзік таптаўся вакол конуса, але не асмельваўся лезці за агароджу, баяўся. Веправыя выхадкі з мурашнікам скончыліся.

Реклама

Міхась Масюк

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии