Вандроўка Парасачкі за Дунай

1

Адчувала сябе Парасачка так, быццам жыве не ў сваёй хаце. Яшчэ ўчора па тэлефоне сказала дачушка, што за ёю заедзе чалавек і адвязе да аўтобуса Мінск — Парыж. Каля двух тыдняў назад гэты чалавек прыязджаў, каб адвезці яе ў Германскую амбасаду на атрыманне візы. З той пары жыве яна, не знаходзячы супакою. Душа трымціць пабачыць унука і дачушку, нейкі страх за дарогу не пакідае яе.

Вось і снуецца па хаце, прыпамінае, ці не забыла чаго з пазначанага. Вялікая сумка на калёсіках стаіць з учарашняга вечара.
Ехала яна ў Германію другі раз, таму добра ўяўляла дом і падвор’е зяця. Але пра зяця ні цяпер, ні раней яна не турбавалася. Для сябе не раз спрабавала вызначыць, ці добры ён. Але адказу не знайшла. Калі на кухні яна займалася сваімі справамі, зяць не раз падымаўся з канторы, адразаў на машынцы добрыя дзве лусты хлеба, перакладваў іх каўбасой, моўчкі ёй усміхаўся і па лесвіцы збягаў зноў у кантору.
Падвор’е зяця не меншае за яе сядзібу, якая дасталася ў спадчыну ад мацеры ў весцы. На яе разуменне, яно было запушчаным. На схілах к Дунаю расла б добрая бульба, памідоры, але там былі кветкі і трава. Усе думкі круціліся вакол дачушкі і ўнука, якога ехала паглядзець.

Реклама

Дарога
Пасля таго, як гэты чалавек прывёз пашпарт з візай, страхоўку і білет, адправіліся ў Мінск. Аўтобус прымаў пасажыраў на пасадку. Вялікае багажнае аддзяленне проста заглынула Парасачкіну сумку. «Мо не згубіцца», — аддалася думкамі на волю лёсу. У аўтобусе месца заняла каля вакна. Дабрадзей, што прывёз дакументы, пажадаў шчаслівай дарогі і развітаўся.
За вакном аўтобуса браўся марозны світанак. Парасачку хвалявалі прыгоды надвор’я: зіма была па-вясенняму цёплай, а пачатак вясны марозны. «Ці не рана пасеяла памідоры?" — хвалявалася Парасачка. З думкамі аб тым, што будзе, яна ад’ехала ад вакзала.
На сядзенні за яе спіною ехалі дзве маладыя дзяўчынкі. Адной бясконца званіў тэлефон. Як зразумела Парасачка, ёй мама, мабыць, давала парады. Дзяўчыне нарэшце гэта надакучыла і яна пагрозліва адказала: „Ну і выйду. Ты за бацьку выйшла?!“ На гэтым іх размова скончылася.
Побач, цераз праход, сядзела пажылая жанчына, на руках трымала маленькага сабачку, апранутага ў жылет. З ахвотаю пагаварыла б з ёю, але збаялася: „Мусіць вельмі інтэлегентная?“. І супакоілася. Але жанчына быццам здагадалася аб жаданні Парасачкі і сама пачала размову. Калі Парасачка скончыла апавядаць пра цудоўнага ўнука ў Германіі, спытала жанчыну, куды едзе яна. „З дому ды дадому“, — адказала тая. Парасачка такі адказ не зразумела і папрасіла тлумачэнняў. „Два гады жыву ў Германіі. Тут пенсіянерам жыць лепш. Два гады не стаю ракам на дачы, не гроблю апошняе здароўе“, — адказала жанчына. — У Мінск прыязджала да сына, якому пакінула сваю кватэру». Жанчына яшчэ спрабавала расказваць пра тое, як добра жыць пенсіянерам у Германіі, але Парасачка гэтаму не верыла і слухала неўважліва, таму жанчына хутка змоўкла.
Праехаўшы яшчэ, Парасачка ўспомніла пра дзяўчат, што сядзелі за спіною. «Едзем у Мюнхен вучыцца», — адказалі яны. Парасачка пытліва паглядзела на дзяўчат і дадала: «Пяць гадоў таму сваю дачку адпраўляла вучыцца, а цяпер вось еду ўнука глядзець». Дзяўчына, што маме пагрозліва казала «Ну і выйду,» лагодна ўсміхнулася.
За вакном мільгацелі вёскі. Большасць з іх дажывала свой век. Ад гэтага шчыміла душа. Вось мільганулі на ўзгорку з паўдзесятка новых домікаў, пабудаваных па праграме адраджэння вёскі. Але ад гэтых домікаў нясло пустэчаю, бязлюднасцю горш, чым ад старых падвор’яў. Без прыгод аўтобус давёз да памежнага пераходу ў Брэсце. Калі не лічыць пляшкі самагонкі, што ляжала ў сумцы, то нічога з забароненага да перавозу праз мяжу Парасачка не ўзязла. Таму на пераходзе падбадзёрыла сябе і смела пайшла на кантроль. «Бог пачуў мае малітвы», — пасля шаптала сабе. Ды хіба гэта грэх пачаставаць зяця гарэлкаю свайго вырабу?
Польшчу праехалі ноччу. Парасачка смачна адсыпала за маркотную мінулую ноч. У Нюрнбергу сустрэла дачка.
Сустрэча
Аўтобус адышоў, а на краю прыпынка каля аўтавакзала засталіся некалькі чалавек з торбамі, што ехалі з Мінску. Сярод іх і жанчына з сабачкаю. На доўгім матузку яна вадзіла сваю спадарожніцу, шукаючы хоць бы лапінку голай зямлі, бо на брукаванай дарозе тая не магла выканаць сваю сабачую патрэбу. І жанчына вельмі клапа-цілася аб здароўі сабачкі, якая па-ранейшаму была апранута ў цёплы жылет. Знайсці голай зямлі, здавалася, немагчыма. І Парасачка сачыла, не адходзячы ад сваёй высачэзнай сумкі, ці выканае сваю патрэбу сабачка на бетоне. Але тут перад Парасачкай зашуршэла тармазамі аўто, і яна ўскрыкнула: «Дачушка!». Жанчына нават уздрыгнула і пацягнула на матузку сабачку бліжэй да машыны.
Мо ад нечаканасці Парасачка стаяла і насустрач не зрабіла ніводнага кроку. А дачушка ішла, шырока раставіўшы рукі, у кароткай расхістанай куртачцы, і доўгія, абхвачаныя абручом на патыліцы валасы, такія знаёмыя з маленства, гойдаліся па спіне. Стан яе быў тонкі і гнуткі, быццам не нарадзіла дзіцяці. «Мо жывецца не лёгка», — толькі і ўспела падумаць, як дачушка стала абдымаць ды цалаваць. Трошкі паплакаўшы, спытала: «Чаму адна?».
— Фрэдзі ў Італіі па будаўнічых справах, а Нікалі з суседкай, фрау Дорнер.
Дачушка лёгка падхапіла сумку і кінула ў багажнік машыны. Калі Парасачка стала садзіцца на задняе сядзенне, бліжэй падыйшла жанчына з сабачкаю. «Хочаце жыць — кідайце дачу», — на развітанне сказала Парасачцы.
Па дарозе дачушка расказвала, што Нікалі пачынае гаварыць, большасць слоў вымаўляе па-нямецку, але ўмее што-небудзь і па- руску. Любіць гуляць з Опа і Ома (дзед і бабуля) Дорнер. Тыя лічаць за шчасце з ім пайсці на шпацыр, бо дзеці і ўнукі Дорнер жывуць далёка і прыязджаюць рэдка.
Восемдзесят кіламетраў праехалі за размоваю вельмі хутка. Машына прыпынілася каля дома.
Фрау Дорнер, худая, загарэўшая ад сонца і ветру жанчына, апусціла Парасачкінага ўнука з рук на дол і кінулася цалавацца. Унук падазрона глядзеў на новую бабулю, адною рукою трымаючыся за фрау Дорнер. Калі Парасачка паспрабавала прыхіліць і пацалаваць унука, той адвярнуўся і схаваўся за фрау.
— Ома, ома, — тыкала пальцам у бок Парасачкі фрау, звяртаючыся да малога, але той хаваўся ад новай бабулі. Калі ў хату з высокаю сумкаю зайшла дачушка, фрау нешта прашчабятала і знікла за дзвярыма. «Мы яшчэ сустрэнемся», — азначала яе шчабятанне.

Адраджэнне вёскі па-баварску
Праблемы адраджэння вёсак ёсць у многіх краінах Еўропы. Яшчэ ў свой першы прыезд давялося пабачыць вёску пад Дрэздэнам, на тэрыторыі былой ГДР. Па радыё аб’явілі, што на дарозе некалькі кіламетраў аўтазатор. Каб аб’ехаць, зяць звярнуў на пасялковую дарогу і нечакана вывез да фермы. Гэта ферма калісьці была пабудавана па адным праекце з той, што будавалася ў роднай вёсцы ў Беларусі. І мелі яны вялікае падабенства: як беларуская, так і нямецкая разбураліся, трохпавярховыя катэджы недалека ад нямецкай фермы стаялі без вакон і дзвярэй. Зяць растлумачыў: «Як адкрылася на Захад мяжа, немцы ўсё кінулі і пабеглі. Не было каму карміць і паіць жывелу».
У Заходняй Германіі, у Баварыі, многія вёскі таксама адчулі заняпад, колькасць іх жыхароў змяншалася. Так вёска Martinskirche, што на адлегласці паўсотні кіламетраў ад Рэгенсбурга, на працягу двух стагоддзяў налічвала пятнаццаць дамоў, у якіх жыло ад 60 да 70 чалавек. За гады вайны, што вяла гітлераўская Германія, колькасць жыхароў гэтай вёскі скарацілася на трэць.
Імёны загінуўшых у гэтай вайне выпісаны на помніку перад кірхай. Ферма тут прыватная, таму не развалілася. Каля фермы працуюць два адкрытыя басейны для дзяцей і дарослых.
Але адраджэнне вёскі адбывалася паступова і зусім не ад будаўніцтва новых домікаў. А дапамагла ў гэтым адраджэнні канчаткова беларуская дзяўчына Таня з Віцебшчыны. Скончыўшы Віцебскі медыцынскі інстытут, выйшла замуж за нямецкага доктара. Малады муж пакінуў у горадзе працу, узяў крэдыт і за 300 тысяч еўра ў вёсцы купіў дом.
Калі нарадзілася другое дзіця, вёска адсвяткавала сваё адраджэнне: тут стала пражываць 65 жыхароў, што лічыцца сярэднім паказчыкам на працягу двух вякоў. Беларуская Таня лічыць сябе шчаслівай жанчынай і збіраецца працаваць асістэнтам доктара ў мясцовай бальніцы.

Садзік для мам
Якая бабуля не цікавіцца выхаваннем дзяцей, асабліва ўнукаў. Парасачка доўга не магла згадзіцца, што дачка тры разы ў тыдзень адвозіць унука ў дзіцячы садок да дзевяці гадзін раніцы, а ў адзінаццаць, праз дзве гадзіны, яго забірае. Яе ўражанні аб дзіцячым садку вельмі адрозніваліся ад успамінаў пра той, куды яна доўга намагалася аддаць сына, каб самой пайсці працаваць. Сорак пяць гадоў прайшло з таго часу. І вось едзе яна з унукам глядзець яго нямецкі садок.
Ад горада да вёскі Ailsbrun дванаццаць кіламетраў добрага асфальту. Дзіцячы садок арганізавала спадарыня Sabine Gropp, па адукацыі дзіцячая медсястра. Працуе на правах прадпрымальніка. У групе 12 дзяцей аднаго ўзросту і 12 мам. Дзве гадзіны медсястра выступае ў ролі казачніцы, а то і спявачкі. Калі добрае надвор’е, усе выходзяць у суседні лес. Абавязкова курсы першай дапамогі для мам на выпадак няшчасных здарэнняў з дзяцьмі, а таксама курсы масажа малым дзеткам. Галоўнае, каб дзеткі вучыліся дружна гуляць, а мамам прыемна збавіць час, бо ніхто з іх не працуе. За гэта мамы плацяць два еўра за гадзіну на рахунак аддзела моладзі мясцовай адміністрацыі. У медсястры некалькі такіх груп.


Рай, які нам не патрэбен
Раніца сонечнага дня. Вузенькія вуліцы ўжо чыста прыбраныя. Там-сям пачынаюць адкрывацца крамы. Аднекуль з ветрыкам прынесла пах смачнай кавы. Парасачка стаіць і дзівіцца на спазніўшуюся прыбіральшчыцу вокан. Раптам яе ўвага засяродзілася на пажылых мужчыне і жанчыне. Мужчына ішоў кульгаючы. Калі тыя падыйшлі бліжэй, мужчына громка сказаў жанчыне: «Зайдзі, паглядзі маме белы шаль». Жанчына пайшла ў расчыненыя дзверы магазіна, а Парасачка павіталася з мужчынам. У адказ той здзіўлена спытаў: «Вы з Саратава?- Далей сказаў: Во жывуць! Калі ёсць Рай на зямлі, дык ён тут! Але нам такі Рай не патрэбен». Парасачка здзіўлена спытала: «Чаго вы сюды прыехалі?» — «Лячыцца», — адказаў саратавец і шлёпнуў кульгавай нагою па бруку.
Парасачка так і не зразумела, чаму лячыцца тут неабходна, а жыць немагчыма.

Нямецкая арыфметыка
На вузенькай вуліцы Konigs Strasse перад магазінам жаночага адзення ўстаноўлены дзве дзіцячыя гушкалкі на спружынах. Покуль мамы ў магазіне, дзеткі забаўляюцца на вуліцы. У такім магазіне паспрабавала знайсці па сваім росце адзенне Парасачка.
Першы «прыкід» за пяць еўра вельмі спадабаўся. Толькі падумала, што варта ўзяць два, як прадаўшчыца сказала: «Возьмеце тры, прадам танней». — «Колькі будуць каштаваць тры?" — спытала Парасачка. У адказ пачула: «Чатыры еўра пяцьдзесят цэнтаў».
Як тут не купіць? Купіла тры.


Неспадзяваная сустрэча
У адным магазіне стала браць дачушка для мамы патрэбныя рэчы. Нагрузілі каляску з верхам. Стараецца Парасачка, кіруе багацце ў бок касы, як нечакана да яе звяртаецца старэйшы за яе мужчына: «Рус?» — «Найн, беларуска, Мінск», — адказвае Парасачка. І толькі паспела гэта прамовіць, як мужчына заплакаў і нешта залапатаў, чаго не магла зразумець Парасачка. І зусім нечакана той абхапіў за шыю рукамі і пачаў цалаваць. Пазвала на дапамогу дачушку.
Гісторыя зусім звычайная: у 1944 годзе рускія салдаты пад Мінскам расстрэльвалі новае папаўненне нямецкай арміі, як бараноў. Ён і яшчэ дваццаць сем аднагодкаў зрабілі «хендэ хох», здаліся ў палон. Праз некаторы час рускія салдаты напіліся і паснулі. А ён з двумя салдатамі ўцёк. Пяць месяцаў прабіраліся на Захад. Доўга дома баяўся паказвацца на людзі. І толькі калі скончылася вайна, вылез на свет. Запрашае да сябе ў госці, пытае, ці мае ў чым Парасачка патрэбу, і дадае: «Вельмі хочацца паглядзець Мінск». На гэта адказала: «Прыязджайце, пакажам».


Падарунак ад зяця
Чорнае аўто, што стаяла каля дома на ўзбочыне дарогі, будзе падаравана беларускай цёшчы. Аб гэтым ведала Парасачка ў дзень прыезду. І наступіў дзень, калі з ранку паехалі знаёміцца з нямецкай «бюракратыяй», як сказаў зяць, што азначала аформіць паперкі куплі-продажу аўто. У будынку, які не меншы за Салігорскі кінатэатр, на першым паверсе не менш паўтара дзесятка «нямецкіх бюракратаў». Над кожным вісіць выпісаны вялікімі літарамі нумар яго працоўнага месца. Пад нумарам «адзін» - сярэдніх гадоў мужчына: гэта бюро даведак. Калі ён убачыў наш беларускі пашпарт, адразу пачаў з намі гаварыць на добрай расійскай мове. На пытанне, дзе вучыў расійскую мову, адказаў: «Я жыву ў Германіі, таму павінен ведаць і расійскую мову». Пасля пераканаліся, што тут купляюць аўто людзі амаль з усяго свету, і ведаць мовы проста неабходна, каб працаваць паспяхова. На выпіску ўсіх неабходных папер спатрэбілася не болей пятнаццаці хвілін. У суседнім пакоі заплацілі і тут жа зрабілі транзітныя нумары на аўто, якія цёпленькімі нам і падалі. На ўсё спатрэбілася не болей трыццаці хвілін. Як працуе наша «бюракратыя», Парасачка даведалася пазней. Каб паставіць аўто на рэгістрацыю, у Салігорску спатрэбіўся для гэтага цэлы дзень.

Дарога дадому
Вечарам адсвяткавалі еўрапейскі Вялікдзень, каб раніцою ў панядзелак выехаць. Еўропа па-ранейшаму не працавала, таму на дарогах не было вялікагрузных аўто і мост цераз Дунай нязвычна маўчаў.
Загружаны паўнютка чорны аўтамабіль гатовы ў дарогу. Выехалі ў 9 гадзін раніцы. Нямецкія дарогі вядомыя ва ўсім свеце: гэта не меней двух радоў у адзін бок, на многіх участках хуткасць язды не мае абмежавання. Таму да польскай мяжы прыехалі яшчэ да наступлення цемнаты. У гэты час у бок Германіі ішло безліч легкавых аўто. Гэта вярталіся на работу палякі, якія працуюць на Захадзе.
У аўторак у дзве гадзіны ночы прыехалі на Брэсцкі пераход мяжы. З боку Польшчы нас затрымалі толькі на гадзіну, каб паставіць штамп у пашпарт. Першы ж беларускі пост на ўездзе праявіў да нас вялікую ўвагу. Больш за ўсё мытніка цікавілі чатыры аўтапакрышкі. Ён вельмі раіў нам выкінуць іх у яго на пасту, бо далей на тэрыторыі мытні іх выкінуць нам не дазволяць, а везці дадому мы самі адмовімся з-за вялікай дзяржпошліны. Пошліну давялося плаціць па два еўра за кіло пакрышкі. Хоць на мытні былі мы адны, нас пратрымалі з двух да пяці гадзін раніцы. Вось дзе праявіў сябе наш «бюракратызм».
Надвор’е к гэтаму часу сапсавалася зусім, але мы вырашылі ехаць далей. У 10 гадзін раніцы мы былі дома. Ні на тэрыторыі Германіі, ні Польшчы не бачылі ні аднаго паліцэйскага. Пільнасць жа дарожнай інспекцыі Беларусі іншым часам уражвала — прыпынялі даволі часта. Кожнага цікавілі транзітныя нумары і кожны патрабаваў паказаць дакументы. Многія пыталіся, з якога году аўто, колькі за яго адвалілі і дзе яно будзе зарэгістравана. Адзін з інспектараў прызнаўся, што мёрзнуць яны пад дажджом толькі таму, што ў сталіцы апазіцыя мае намер правесці мітынг з нагоды «Дня Волі».
Нам было не да гэтага. За плячыма былі 1600 кіламетраў, якія мы праехалі за 25 гадзін з усімі затрымкамі.

Уладзімір Дамель

1 Комментарий
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии