Сад на радасць людзям

0

Шчодра цвіў вясною сад. Спачатку вішні і грушы, потым яблыні. Усе дрэвы стаялі, як белыя, ружаватыя воблакі. Млелі пяшчотныя, цудоўныя рахі. Водар поўніў сад, вуліцу. Звінелі пчолы: было падобна, быццам дзівоснае цвіценне звінела, спявала.

Потым было бела на зямлі, траве, а затым — руда, іржава. Краса квецені жыла ўспамінамі, шкадаваннем, што ўсё мінулася. На змену гэтай красе прыйшла новая: завязаліся, дзень ада дня раслі, наліваліся вішні, слівы, яблыкі, грушы…
Сад напоўнен цішынёй. Абрысы дрэў расплываюцца ў цемры. Яны выглядаюць шырачэзнымі і магутнымі. Калі сонца залівае сад ласкавай цеплынёй, ён пераліваецца ў пярэстых колерах. Акаймаваныя пашарэлым лісцем вісяць яблыкі: пачырванелыя пепенкі, ружавашчокія цганкі, налітыя сокам, залатыя, жоўта-белыя антонаўкі. Цудоўная восень песціць вока небывалым ураджаем. Пад цяжарам пладоў апусцілі на падпоры сваё зялёнае крылле сады. Унадзіцца ў сад моцны вецер: пашастае, паходзіць, паносіцца між дрэў. Адразу заўважаеш змену: раней было светла ад яблык, а цяпер кроны парадзелі, затое на зямлі бела. Ды нават і без ветру ў сад прыходзіць той час, калі дрэвы вызваляюць галіны ад цяжару.
Спелая антонаўка важна ляжыць на маёй далоні. Праводжу па ёй рукой, каб абцерці. Божа мой, як свежа яна рапіць! Раблю звонкі надкус, сок залівае рот, пырскае на пальцы, прагна смакчу кіслую вільгаць. Люблю асенні сад, спелы, які багата ўвабраў у сябе і захаваў фарбы, пахі, нябачную сілу зямлі, успыхнуў румянцам спелых пладоў, якія вабяць вока, і тыя, што вісяць на галінах, і тыя, што апалі, ляжаць урассыпную на зямлі.
Прыгожа выглядае сад днём. У ім выразна праглядваюцца элегічныя фарбы залатой восені, асабліва ў сонечнае надвор’е. Стомлена, але шчодра, урачыста-упэўнена сустракае ён надвячорак.
Вось стала цямнець, яблыкі велічна і ганарліва ўсё больш паглыбляюцца ў зацянутую маўклівасць. Вакол дрэў таксама пануе мёртвая цішыня, не чуваць, як ледзь калыхаецца лісце. Вось у нетрах разланістай кроны антонаўкі, якая бліжэй да хаты, нешта раптам заварушылася. Энергічна ўздрыгнула некалькі галінак, потым раздаўся глухі стук аб тоўстую галіну, і на зямлю, бліснуўшы белымі бакамі, упалі з шумам спелыя антонаўкі. Грукат ствараецца такі, як быццам хто страсянуў гэта дзівоснае перапляценне галін. Ён радасна і трывожна адгукнецца ў сэрцы, якое салодка замірае, калі ў вячэрняй цішыні чуюцца рэдкія ўдары аб зямлю.
Як проста творыць дрэва сваё прызначэнне, тое, што яму суджана часам, прыродай. З замілаваннем і гаспадарлівасцю аглядае чалавек шырокую крону антонаўкі, на якой яшчэ свецяцца, нібы лямпачкі, спелыя яблыкі, слухае лёгкае шапаценне лістоты, і на стомленым, удумлівым і сур’ёзным яго твары не знікае задавальненне.
Успрымаеш як нешта заканамернае: удар спелай антонаўкі па плячы, а часам і па галаве, бярэш яе ў рукі і надкусваеш. Кіславата-салодкі сок прыемна разліваецца ў роце. Гэтыя беларускія цудоўныя яблыкі вядомыя на ўвесь свет. Яны паляжаць, даспеюць, набяруць адмысловы смак і пах. Смачная антонаўка і мачоная.
Зараз стаяць кароткія дні. Сонца плыве над гарызонтам і рэдка ўздымаецца над вершалінамі дрэў. Нізка над зямлёй плывуць цяжкія асеннія хмары. Усё часцей пачаў напаўзаць сыры туман. Адчапіўшыся ад галінак падаюць лісты. Са смуткам аднойчы ловіш сябе на думцы, што ўжо не чуваць голасу лясной варажбіткі - зязюлі. У другі раз пераконваешся, што не вісіць у небе званочкам жаўрук. Пакінулі лес і сады іншыя галасістыя птушкі. Да болю кранаюць душу, поўныя журбы і смутку, развітальныя песні і крыкі. Восень…

Реклама

Міхась Масюк

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии