Помнік удаве вайны

0

У рэдакцыю «Кур'ера» звярнулася случчанка Ганна Варанцова з прапановай пабудаваць помнік салдацкай удаве.

«Я дзіця ваеннага часу, нарадзілася ў 1944 годзе. З болем у душы жыву і не магу забыць, які цяжкі лёс быў у маёй матулі і іншых удоў апошняй вайны…
Наша сям’я не дачакалася з вайны бацьку Самусевіча Мікалая Фёдаравіча, яму было 38 гадоў. Засталася маці ў 33 гады ўдавой, а на руках — пяцёра дзяцей. Самая малодшая — я. Колькі прыйшлося перажыць нашай дарагой мамачцы Марыі Ахрэмаўне, толькі сам Бог ведае. Усе мы выжылі ў ваеннае ліхалецце дзякуючы нашай маме. Мужным жанчынам у гады вайны давялося вынесці многае: карміць партызанаў, дапамагаць франтавікам, ісці за плугам, касіць, араць уручную, сеяць і збіраць ураджай, прасці, ткаць, шыць кашулі…
Помню сваю Маму, якая касіла сена, ішла за плугам, малаціла, малола зерне, а затым і хлеб выпякала з чарнушкай. Я не ведаю, што яна не ўмела рабіць. А якія прыгожыя ткала пакрывалы-перабранкі! У калгасе імя Красіна (цяпер гэта СПК „Вялікая Сліва“) яна працавала з 12 да 78 гадоў. Была мая Мама конюхам, паляводам, цялятніцай, свінаркай. Мела шмат урадавых узнагарод. Яе імя занесена ў Чырвоную Кнігу калгаса. Памерла наша мама ў 87 гадоў.
Наша Мама — наш гонар. У дзіцячыя гады, помню, збіралі каласы па ўбраным полі, вясной пасля дажджу збіралі перазімаваўшую бульбу. У гэтых каласах і бульбе — жыццё і лёс дзяцей ваеннага часу. Цяжка гэта ўспамінаць.
Пра такія лёсы можна бясконца пісаць раманы, вершы, паколькі ў Беларусі шмат удоў Вялікай Айчынай вайны. Нізкі паклон ім усім за іх ратную Працу, за Каласкі, за Палоскі, за Працадні, за Стойкасць, Самаадданасць, Мужнасць у ста-лінскія дні.
Прапаную паставіць помнік усім Удовам Вялікай Айчынай вайны. Кожны, каго кранула гэта гора, прыйшоў бы, усклаў кветкі, памаўчаў і ўспомніў сваю Матулю… На жаль, такога помніка пакуль няма.
Працу і гераізм салдацкіх удоў нельга ацаніць нічым, яны вартыя Памяці. Іх святыя вобразы можна павесіць у Божы Храм як іконы і маліцца за іх».
Дадаткова Ганна Варанцова паведаміла рэдакцыі, што размаўляла на тэму пабудавання помніка з Аляксандрам Драко, старшынёй Слуцкага райвыканкама. «Ён адзначыў, што гэта ідэя мае дзяржаўнае значэнне», — сказала Ганна Мікалаеўна.
З прапановай Ганны Варан-цовай рэдакцыя пазнаёміла Алену Хараберуш, старшыню секцыі скульптуры ГА «Беларускі саюз мастакоў». У час тэлефоннай размовы яна сказала, што гэта вельмі добра і своечасова! «Нам вельмі патрэбны манументы выхаваўчага значэння, іх, на мой погляд, у Беларусі недастаткова».
Алена Хараберуш зазначыла, што ў нашай краіне рашэнне аб будаванні помнікаў, манументаў прымаецца Саветам Міністраў. Аднак для гэтага неабходны нейкія крокі. Яна параіла заручыцца падтрымкай грамадскіх арганізацый ветэранаў войн і Узброеных Сіл, жаночых арганізацый, Міністэрства абароны, потым звярнуцца ў Міністэрства культуры, якое падрыхтуе дакументы, патрэбныя для прымання рашэння урадам.
У канцы размовы Алена Хараберуш падкрэсліла, што пад- трымку беларускіх скульптараў прапанова Ганны Варанцовай ужо атрымала: «Але каб мэта здзейснілася, патрэбны час і настойлівая праца».
У прэс-службе Міністэства абароны «Кур'еру» зазначылі, што адносіны ваеннага ведамства да ідэі пабудавання помніка будуць выказаны ў адказе на ліст ініцыятараў гэтай прапановы.

Реклама

Леанід Грыгорыч

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии