І Малая Сліўка чакала карнікаў

0

Усё меней сярод нас застаецца былых партызанаў, сведкаў драматычных і трагічных гісторый «тылавай» вайны, у якой часта гінулі цэлыя вёскі з усімі жыхарамі не ў ходзе бою, а як заложнікі разгневаных акупантаў.

І не ўсе яны, партызаны, тады ведалі, што з пачатку вайны дзейнічаў загад галоўнага камандавання вермахта: за кожнага забітага партызанамі ў вёсцы нямецкага салдата расстрэльваць 10 заложнікаў з ліку мужчын. Таму камандзірам партызанскіх узводаў, рот, атрадаў рэкамендавалася пазбягаць сутыкненняў з акупантамі ў тых вёсках, з якімі яны былі павязаны, як з пунктамі сілкавання, дзе маглі атрымаць патрэбную інфармацыю.
Але ў вайны свае законы, не ўсе партызаны задумваліся аб выніках праведзеных імі аперацый у той ці іншай вёсцы, як гэта адгукнецца на мірных жыхарах. Прыклад таму — невялікая вёска Малая Сліўка, што ў васьмі кіламетрах ад Слуцка. Туліцца яна да чыгункі каля станцыі Некрашы. З прыходам у 1941 годзе немцаў каля рэчкі Слівянкі, што працякае паблізу вёскі, быў узведзены бункер для аховы маста. Яго абжылі мо дзесяць ці дванаццаць салдатаў-тылавікоў. У вёску чалавекі два-тры з іх амаль штодня наведваліся купіць у сялян малака, яек. Разлічваліся акупацыйнымі маркамі ці савецкімі рублямі, абедзве валюты прымаліся.
У адзін ліпеньскі дзень 1943 года з боку тарфянога балота, што агінала вёску з усходу і поўначы, зайшлі сюды трое партызанаў. Яны схаваліся ў гумне на краю вёскі. І як толькі ўбачылі, што туды пайшлі тры немцы з бункера, адзін партызан выйшаў і, наблізіўшыся да салдатаў, застрэліў з самазараднай вінтоўкі СВТ дваіх, трэцяга ўзяў у палон. Яго павялі за сабою да суседняй вёскі. Каб ноччу адправіць на Любаншчыну, у свой атрад. У якасці трафеяў прыхапілі тры вінтоўкі, вядома, гэта ухвалілі, але не часта ў атрад прыводзілі жывога немца.
А вось жыхары вёскі, калі трупы забітых немцаў адвезлі да бункера, паспешна выбраліся са скацінай у бліжэйшы лес, а большасць, чакаючы бяды, — у зараснікі балотнай лазы. Бо ўжо ведалі, што са Слуцка прыедзе жандармерыя наводзіць парадак. Карнікі завіталі на аўтамашыне з аўтаматамі, ручным кулямётам і засталі вёску фактычна пустой. А мелі намер, як стала вядома пазней, сабраць усіх дарослых мужчын і расстраляць пасярод вулі- цы. Так яны рабілі ў той год вясною ў невялічкай вёсачцы Падлошыца. За спіленыя ноччу партызанамі восем тэлеграфных слупоў паблізу вёскі, збоч шашы-«варшаўкі», карнікі расстралялі семярых старых мужчын, бо маладыя і дзеці паспелі пахавацца.
За маласліўцаў рашыў заступіцца нейкі фельдфебель з таго бункера, бо начальнік іх, оберлейтэнант, быў у водпуску. Ён сустрэўся з жандармамі і здолеў пераканаць іх, што жыхары вёскі ў забойстве двух салдатаў не павінны, гэта справа рук трапіўшых сярод белага дня туды партызанаў, яны нават трэцяга салдата павялі за сабою — у палон. А што жыхары вёскі пакінулі свае хаты, з-за страху ніхто з іх у партызаны не пайшоў. І вядома, той фельдфебель напомніў, што вяскоўцы прадавалі яго падначаленым малако, яйкі, бульбу — за маркі. І тая гутарка адвяла бяду ад вёскі.
…На досвітку 29 чэрвеня 1944 года перадавыя часці конна-механізаванай групы генерала Пліева, што наступалі на Слуцк з боку Урэчча, у кароткай сутычцы з гарнізонам бункера разграмілі яго, перабілі ўвесь гарнізон. Трупы немцаў жыхары вёскі закапалі паблізу чыгункі. А дзён праз пяць палявы ваенкамат усіх мужчын прызыўнога ўзросту паклікаў на папаўненне баявых часцей, што рваліся на Захад, 17 чалавек з іх загінула на франтах пад Варшавай і ва Ўсходняй Прусіі, кожны другі з прызваных.

Реклама

Міхась Тычына

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии