Рэзкі паварот

0

З раніцы, калі Васіль прыйшоў на рэчку, было зацішна і хмарна. Часам прыцярушваў дробны дождж. У ахутанай туманам вадзе глуха плёскала рыба, шнарылі верхаводкі. Васіль хутчэй падрыхтаваў вуду-трохкаленку, дастаў з рукзака банку з чарвямі. Калі не будзе брацца, тады можна паспрабаваць на хлеб ці гарох. Вунь, як булькоча каля лусты, якую нехта кінуў у раку! А ён рыбак звычайны. Не сказаць, што так ужо заваражыла рэчка, што жыць без яе нельга. Наловіць ці не, затое далей ад жончыных вачэй. Нават ціха адляжацца на беразе, калі прыгрэе сонейка, забыўшыся на ўсе жыццёвыя нягоды, закінуўшы вуду.

Васіль дасюль ніяк не мог забыць учарашні вечар. Як яно здарылася, сам чорт не разбярэ. Раніцаю, ідучы на работу, сказаў жонцы, што сёння будуць даваць прэміяльныя. Яму заўсёды даставалася ад яе, бо яшчэ не было выпадку, каб ён вярнуўся дадому без «забягалаўкі». І вось Васілю нічога іншага не заставалася, як уздыхнуць, глыбей насунуць шапку на вочы і зазначыць:
— Ты паверыць не хочаш, а Пятровіч возьме ды цюцелька ў цюцельку сёння дома аб’явіцца. Можаш па гадзінніку зверыць.
Зачыніўшы дзверы прахадной, Васіль нетаропна пайшоў па вуліцы. З левага боку заманліва стаяў магазін-павільён. Паабапал акенца стаялі некалькі чалавек з куфлямі. Васіль не разгледзеў сярод іх ніводнага знаёмага, яму неяк стала радасна ад гэтага, і ён прыбавіў крок. Неўзабаве будзе аўтобусны прыпынак, потым хвілін дваццаць язды — і ён дома. Нечакана ягоны локаць сціснуў сусед Іван. Ён быў з авоськай у руках. Сусед перабраўся сюды з іншага мікрараёна мінулым летам і гаварыў, што ён халасцяк, стаяў на чарзе, і вось — аднапакаёвая кватэра, якой вельмі задаволены.
Іван вёў пад руку Пятровіча ў сквер, адшукаў надзейнае месца, на пасланую газету выклаў ўсё з авоські. А Васіль з сумам і трывогай думаў пра сям’ю.
— Ты што гэта нос павесіў, сусед?! — падбадзёрваў Іван і падаў Пятровічу шклянку.
— Ат, Васіль, што вып’ем, то наша. Дом не каза — не збяжыць. І жонка нікуды не дзенецца.
Было ўжо позна, калі Васіль вярнуўся дадому. Перш чым распрануцца, прайшоў у залу, паклаў на стол перад жонкаю некалькі пакамечаных паперак. Яна неяк незвычайна усміхнулася.
— От, прэмію далі… За так сабе прэмію не даюць.
Тое, што ён пачуў у адказ, ніколі не чакаў. Жонка ўстала з-за стала, сказала спакойным голасам:
— Ідзі ад нас, Васіль. Па-харошаму ідзі.
Пятровіч доўга не мог заплюшчыць вочы. Яшчэ ніколі яна так яму не казала. У гэтых словах Васіль адчуў адчай і адчужэнне, абдуманае рашэнне. Устаў ён разбіты і вялы. Ціхенька ўзяў вуду, рукзак, крадком расчыніў дзверы. Ужо на двары адчуў, што ў кішэні чацвярцінка і піражок.
У Пятровіча клёў быў адменны. Праўда, браліся пераважна яршы, трапляліся акунькі. Драбяза, а юшка з іх будзе. Уявіў, як сёння сам будзе варыць юшку, каб пачаставаць жонку і сыноў - Пецю і Сяргея.
Хмары паступова разышліся, выглянула сонца. Васіль зняў плашч і паклаў у рукзак. Рука міжволі кранула рыльца бутэлькі. «Пакуль вярнуся дадому, усё вычхаецца», — падумаў Васіль.
Выпіў, прыкусіў. Зноў успомніў учарашні вечар, жончыны словы…
Лавіць больш не хацелася. Пятровіч зматаўшы вуду, перакінуў рукзак цераз плячо. Не спяшаючыся, пайшоў уздоўж берага, дзе там-сям сядзелі рыбакі. Каля куста ўбачыў хлопчыка год дзесяці. Васіль заўважыў вуду, звычайны парастак асінкі, на які незамыславаты рыбак прыматаў леску з коркавым паплаўком.
— Ого, і вуда ў цябе! — не вытрымаў Пятровіч. — Хіба ж можна на такую вуду што-небудзь злавіць?
— А я злавіў! — адказаў хлопчык. — Пяць акунёў злавіў. Акуні былі даволі буйныя, з выгнутымі спінамі.
— Ну, за такі ўлоў бацька купіць лепшую вуду.
Хлопчык уздыхнуў:
— Мне мама купіць. Бацькі няма. Мы з мамай паехалі ад яго…
Малы пакінуў лавіць, узяў бітончык з рыбаю і рушыў дадому. Па дарозе рыбакі пазнаёміліся. Васіль даведаўся, што хлопчыка завуць Мішам, ходзіць ён у пяты клас і ёсць у яго меншы брат Коля, які вельмі любіць свежую рыбу.
«У мяне такія амаль сыны,» — адзначыў сабе Васіль, ідучы побач з хлопчыкам. Пятровіч з сумам думаў, што ён ніколі не браў на рыбалку большага сына Сашу. У яго таксама вуды няма, не бачыў, як клюе рыба…
Каля дома Васіль пашарыў у кішэнях. Было шмат манет — цэлая жменя.
Вуда-двухкаленка акурат… Саша будзе вельмі рады…
У гэты момант, як і ўчора вечарам, нехта схапіў Пятровіча за локаць.
— Па рубчыку — чарніла вып’ем, як суседзі. Давай гані, я мігам збегаю.
— А можа, гэты Іван ніхто іншы, як Мішаў бацька? — мільганула раптам у галаве Васіля Пятровіча. — Можа, сабака, толькі брэша, што халасцяк? Васіль ужо не памятаў, як адвёў у бок працягнутую далонь суседа.
— Ідзі, ідзі ад мяне! — з глыбіні грудзей Васіля вырваўся нечы чужы, неягоны голас, потым рэзка павярнуўся і не пайшоў, а трушком пабег да крамы. Па вуду.

Реклама

Міхась Масюк

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии