Гістарычныя каштоўнасці нашага краю: Срэбраная чаша

0

Мастацкім і гістарычным рарытэтам, якім маглі б ганарыцца лепшыя музеі не толькі нашай краіны, але і замежныя, з’яўлялася царкоўная срэбная чаша (пацір), прынесеная ў  якас-ці падарунка Слуцкаму Троіцкаму манастыру князем Юрыем ІІІ Алелькавічам.

Яна была манастырскай маёмасцю да 1920-х гадоў, потым трапіла ў збор Слуцкага краязнаўчага музея, адтуль у Беларускі дзяржаўны музей у Мінску, а падчас Айчыннай вайны разам з многімі іншымі экспанатамі прапала.
Можна думаць, што ў гады ваеннага ліхалецця пацір не знік назаўсёды, магчыма, тады ён трапіў у рукі недобрасумленных людзей і сёння знаходзіцца ў незаконна сабранай прыватнай калекцыі. Хацелася б спадзявацца на праўдзівасць слоў прымаўкі, якая сцвярджае, што ўсё тайнае з часам становіцца яўным, а таму і разлічваць, што наша гістарычная каштоўнасць некалі будзе знойдзена.
Пра гэты выдатны твор дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва мы можам сёння меркаваць па зробленых у свой час апісаннях, замалёўках і фотаздымках.

Княжацкі падарунак
Вышыня чашы — 22 сантыметры. Яе цюльпанападобная галоўка трымалася на ножцы з патаўшчэннем пасярэдзіне і пад-ставай у выглядзе шасціпялёсткавай разеткі. Унутры чаша была пазалочаная, а звонку дэкарыраваная філіграннымі расліннымі і геаметрычнымі арнаментальнымі выявамі, асобныя часткі якіх запаўнялі белыя, зялёныя і блакітныя эмалі.
Аб тым, што пацір у 1580 годзе быў падараваны Слуцкаму Троіцкаму манастыру, сведчыў падарункавы надпіс, выгравіраваны на адваротным баку ножкі: «Юрій Юріевич Олелко кніажа Слуцкое ЯФП (гэта азначае 1580 год — аўт.)  До мон(ас)тира светое Троици Архіма(ндрыі) Слуцкое».
У 1860-я гады,  пры перавозе манастырскіх каштоўнасцей у Мінск, гэты надпіс стаў падставай, з-за чаго пацір (разам з архімандрытавым посахам і Евангеллем Юрыя Алелькі) быў астаўлены ў Слуцку. Калі да таго, на працягу многіх гадоў, ён з’яўляўся адным са шматлікіх манастырскіх каштоўных прадметаў, то цяпер на фоне збяднеўшай манастырскай рызніцы вылучаўся сваёй прыгажосцю і высакародствам, звяртаў на сябе ўвагу і як каштоўны гістарычны твор.
Разам з посахам і Евангеллем ён экспанаваўся на Маскоўскай археалагічнай выставе1889 года. У самім жа манастыры з’яўляўся напамінам і відавочным сведчаннем пра тыя часы, калі Троіцкі манастыр прадстаўляў сабою ўплывовы праваслаўны духоўны і адміністратыўны цэнтр не толькі на Случчыне, але і ў краіне, а сам знаходзіўся пад апекай слаўных князёў Алелькавічаў.

Реклама

Пытанне аўтарства
У ліку аналагічных ювелірных вырабаў пацір Юрыя Алелькавіча прыводзіцца ў шасцітомнай «Гісторыі беларускага мастацтва». Польская даследчыца Марыя Каламайска-Сайд не без падстаў  адносіць яго да вырабаў майстроў польскай Кракаўскай мастацкай школы, выказваючы згоду з аналагічным меркаваннем Юзафа Смалінскага, які вывучаў слуцкую старасвеччыну на пачатку ХХ стагоддзя.
Рацыя ў польскіх вучоных несумненна ёсць. Слуцкі пацір, якому ўласцівы стылёвыя прыкметы позняй готыкі, у многім падобны на захаваўшыяся творы кракаўскіх ювеліраў XV-ХVІ ста-годдзяў. У Слуцк ён мог трапіць разам з дачкой кракаўскага ваяводы Станіслава Тэнчынскага Кацярынай, якая ў 1558 годзе стала жонкай князя Юрыя ІІ  Алелькавіча. Мог быць ён і спецыяльна замоўленым у Кракаве, з якім, як бачым, у Слуцка меліся дынастычныя і культурныя сувязі.
Цяпер аб яго паходжанні можна было б меркаваць больш упэўнена ў выпадку даследавання самога твора, таму канчатковае сцвярджэнне пра аўтарства пакуль што застаецца адкрытым. Вядома, што міграцыя твораў мастацтва ва ўсе часы ёсць з’ява натуральная, выдатныя прывазныя творы станавіліся ўзорамі для падражання і пераймання майстэрства. Калі слуцкі пацір і не быў вырабам мясцовых майстроў, то ён мог стаць прыкладам для стварэння падобных царкоўных пасудзін на месцы.
А ў Слуцку ў ХVІ-ХVІІІ стагоддзях майстроў апрацоўкі металаў, у тым ліку і каляровых, было дастаткова. Для мясцовай адмі-ністрацыі яны рэзалі пячаткі, чаканілі і гравіравалі абклады для кніг і абразоў, выраблялі металічны, у тым ліку алавяны, медны, а таксама з прымяненнем каштоўных металаў посуд. Напрыклад, у апісанні Слуцкага Троіцкага манастыра сярэдзіны ХVІІ стагоддзя сярод іншага прыводзіцца пералік каштоўнага царкоўнага посуду, упрыгожанага чаканнымі і гравіраванымі выявамі.
Сам жа пацір Юрыя Алелькавіча, размову пра які немагчыма весці без згадвання вядомых асоб і знакамітых мясцін слуцкай мінуўшчыны, для нас з’яўляецца і каштоўным творам мастацтва і важным гістарычным рарытэтам.

Ігар Ціткоўскі

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии