Волька

0

Састарэлыя жыхары ціхай вясковай вуліцы збіраліся сустракаць свята Мядовы Спас, як ад хаты да хаты пайшла чутка: памёр стары Ціхон.
Жыў ён ад Волькі цераз вуліцу, іх хаты былі крайнімі. За сядзібамі прасціралася калгаснае поле, дзе да асушэння было непраходнае балота. Пры балоце прайшло іх дзяцінства, тут спазналі і першае каханне. Калі споўнілася па шаснаццаць гадоў, нечакана Ціхона забралі ў паліцыю.
Аднойчы перад вечарам Ціхон завітаў да Волькі і папрасіў, каб тая перайшла балотам у Вялікі лес і перадала старэйшаму партызанскаму начальніку тры словы. Іх яна і сёння помніць. І Волька пайшла. Пазней хадзіла не раз у той лес па яго волі. Вясной таго года, як вярнулася Чырвоная Армія, Ціхон прыбег ноччу і патрабаваў, каб адвяла яго ў Вялікі лес. На невялічкім востраве сярод балота яны чакалі світанак. Ціхон цалаваў Вольку і абяцаў абавязкова вярнуцца пасля перамогі, каб жыць дружнай сям’ёю. Назад у вёску яны не вярнуліся.
Калі скончылася «партызанка», Ціхон пайшоў на захад з Чырвонай Арміяй, а Волька працавала ў калгасе і чакала таго дня, калі народзіцца дзіця. З лістоў ад Ціхона яна ведала, што вайна ідзе на германскай тэрыторыі і да перамогі чакаць зусім не доўга.
Напрадвесні сорак пятага лісты перасталі прыходзіць. Не было іх і пасля Свята Перамогі. Куды дзеўся Ціхон, было невядома. Волька выплакала сваё і плакаць перастала, імкнулася гадаваць сына. А сын чым больш падрастаў, тым больш паходзіў на Ціхона, не дазваляў мацеры забыцца пра бацьку.
Але цяжкасці пасляваеннага жыцця незамужняй салдаткі прымусілі змірыцца з лёсам. Калі ў які ўжо раз да яе зайшоў прасіцца кульгавы Змітрок, яна згадзілася ўзяць яго ў хату прымаком. Сыночка ў тое лета рыхтавала ў школу. Цяжка было прывыкнуць да сумеснага жыцця, але куды дзецца. Змітрок хоць крывы, але і плот падыме, у сенцах гнілую дошку заменіць. Толькі жыццё ішло ні ў радасці, ні ў горы.
На світанку восеньскага дня 1956 года з надворку ў хату зайшоў Змітрок і сказаў, што нехта незнаёмы ходзіць па суседнім двары. Волька выйшла паглядзець, жахнулася ад нечаканасці ўбачыць Ціхона. Кінулася да яго на падвор’е, але Ціхон сустрэў яе спакойна і холадна.
— Гэта твой?- спытаў у Волькі, махнуўшы галавою ў бок яе дворышча. Волька нічога не адказала, а Ціхон больш ні аб чым не пытаўся. Яна пастаяла трошкі і ціха пайшла цераз вуліцу дамоў. Больш ніколі не заходзіла на яго селішча.
А хутка Ціхон уладкаваўся ў лясніцтва. Людзі гаварылі, што ён добры майстар валяць дрэвы, што навучыўся гэтаму ў таёжных лагерах. Але як і за што там апынуўся, ніхто не ведаў. А сам ён быў маўчуном, летам часта жыў у шалашы пры той дзялянцы, што выразаў лясгас. У вёску прыходзіў да крамы, каб купіць таго — сяго з харчу.
Аднойчы ў такі дзень Волька бачыла, як Ціхон затрымаў на вуліцы сына і аб нечым доўга з ім гаварыў. Волька глядзела на іх з хаты празвакно і адчула, як раптам затрымцела сэрца, ногі згубілі стойкасць. Каб не паваліцца на дол, яна кінулася на ложак тварам у падушку. Выплакаўшыся, адчула палёгку.
Праз гады два ціха, незаўважна з вёскі знік Ціхон. Казалі, што звольніўся з лясніцтва. А калі сынок скончыў школу, сабраўся ў сталіцу, нечакана памёр Змітрок. Волька пахавала свайго прымака так, каб людзі не ляскалі языкамі. Але жалю і смутку па памёршым не адчувала. Некалькі разоў хацела сказаць сыну, хто яго бацька, ды нешта стрымлівала. А сын, стаўшы дарослым, не пытаўся пра гэта. Мо ведаў ад людзей, а мо сам Ціхон па-мужчынскі расказаў. Аб нечым жа пры сустрэчы гаварылі яны.
Калі перастаў існаваць Саюз, на заросшае лецішча зноў вярнуўся Ціхон. Волька набралася мужнасці і прапанавала: «Пераходзь да мяне». У адказ Ціхон цяжка ўздыхнуў: «Усё перагарэла, а смердзюком не буду». Так і жылі яны цераз вуліцу, покуль да Волькі не дайшла жалобная чутка.
Зайшла Волька да Ціхона ў дом з букецікам астраў. Зайшла, нізка яму пакланілася і паклала кветкі каля яго ног у дамавіну. Громка, каб чула глухая Пятровічыха, што сядзела тут побач, сказала: «Многа прайшоў ты дарог, а вуліцу перайсці да мяне не адолеў. Прабач і не абвінавачвай мяне. У нашым лёсе мы не вінаватыя. Ты мой адзіны, і месца маё побач з табою ў вечнасці.»
Яна трымала рукамі за край дамавіну, як трымаюць човен, каб мёртвы Ціхон нікуды не сплыў.

Уладзімір Амяльчэня

Реклама

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии