Сустрэча сяброў

0

Напэўна, многія добра памятаюць, як у так званыя застойныя гады ўступалі ў партыю. Лезлі хто дзеля кар’еры, а хто проста папаўняў шэрагі ячэйкі камуністаў на прадпрыемстве, не вельмі добра разумеючы матывы свайго ўчынку — рабілі «як усе». Угаварылі і слесара Сяргея. Падаў заяву і стаў кандыдатам у члены партыі. Аднавяскоўцам хваліўся, што хутка стане сапраўдным чалавекам, будзе членам КПСС. Усім надакучыла яго балбатня аб членстве і прыклікалася Сяргею мянушка — Член.
У любой вёсцы амаль у кожнага жыхара ёсць свая мянушка. Сяргей жыў і працаваў з ёй, хоць членам партыі так і не стаў. Не стаў і добрым сем’янінам, гаспадаром.
Аднойчы, на свята Кастрычніка Сяргей сустрэў сябра, які прыехаў на адпачынак да маці. Той запрасіў Сяргея ў госці. Маці сябра якраз паехала ў горад да дачкі. Вось тут мужчынам быў прастор і яны вялі доўга бяседу, пілі колькі ўлезла. Сяргей хутка захмялеў, а Віктар яшчэ крыху трымаўся. Позна, дамоў пара.
Выйшлі на ганак. Сяргей-Член захістаўся і бразнуўся на зямлю. Віктар крахтаў, намагаўся падняць сябра, але той не валодаў ні языком, ні нагамі. А на вуліцы дзьме пранізлівы марозны вецер, пасыпае сняжок.
— Прыйдзецца ісці па дапамогу, — варушыў п’янымі мазгамі Віктар, і пакрочыў да жонкі Сяргея — Марыі ў канец вёскі.
Адчыніў дзверы, зайшоў у хату і выпаліў:
— У мяне каля ганка ўпаў Член, а я яго адзін не падыму. Дапамога твая, Марыя, патрабуецца, без цябе я не спраўлюся.
Марыя глянула падазрона на Віктара, гучна адрэзала: «Мне твой Член патрэбен, як сабаку пятая нага».
— Дык гэта ж твой Член-Сяргей, — замармытаў Віктар, — на вуліцы мароз, замерзне.
Але раз’юшаная жанчына не слухала Віктара, узялася за качаргу, якая стаяла каля печы і рушыла на яго.
І адкуль узяліся ў Віктара сілы і ногі…

Міхась Масюк

Реклама

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии