Скульптура ў Слуцку

0

Гістарычныя каштоўнасці нашага краю
Скульптура — рэч не танная, асабліва калі на ўвазе маюцца творы манументальныя. Узоры такога мастацтва ўпрыгожваюць звычайна плошчы вялікіх і багатых гарадоў. Прысвечанымі або звязанымі з гісторыяй манументамі ганарацца Рым, Парыж, Прага. Калі весці гаворку пра Слуцк, то перш за ўсё ў памяці паўстаюць помнікі ў цэнтры горада. Помнік Уладзіміру Леніну тут усталяваны напрыканцы 1930-х гадоў, помнікі Сафіі Слуцкай, вызваліцелям горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, як і шэраг іншых, з’явіліся адносна нядаўна. Да ХХ стагоддзя скульптура ў Слуцку была з’явай рэдкай, тым не менш яна ў нашым горадзе мае хаця і сціплую, аднак у нечым цікавую гісторыю.

Мастацтва скульптуры існуе са старажытнасці. Ад першабытных часоў вядомы паганскія ідалы. Хрысціянская царква да скульптуры адносілася з асцярожнасцю, бо бачыла тут мастацкую форму, уласцівую язычніцтву. Таму ў праваслаўі яна практычна не атрымала развіцця, але ў каталіцызме з часам набыла шырокае прымяненне, асабліва для аздаблення алтароў і фасадаў храмаў. Яе з’яўленне ў Слуцку ў даўнейшыя часы таксама было звязана з касцёльным мастацтвам.
З гістарычных крыніц вядома, што скульптурныя выявы Маці Божай упрыгожвалі фасады ўзведзеных у XVIII стагоддзі слуцкіх езуіцкіх Троіцкага і Свята-Духаўскага касцёлаў, купал апошняга вянчала таксама скульптура анёла з крыжом. Скульптурнае аздабленне, несумненна, мелі і заснаваныя раней бернардзінскі і аўгусцінскі касцёлы. Аднак найбольш старажытныя, калі і не першыя ў горадзе творы з’явіліся ў пабудаваным у 1419 -1430 гадах слуцкім фарным касцёле.

Реклама

Старажытны рарытэт
Ад заснавання будынак драўлянага фарнага касцёла ў нашым горадзе прастаяў больш чатырохсот гадоў, да сярэдзіны ХІХ стагоддзя. У адрозненне ад драўляных бернардзінскага і Троіцкага езуіцкага, якія знішчыў пажар, фарны быў разабраны з-за старасці. Частка касцёльных скарбаў засталася ў спадчыну іншым храмам, нешта разабралі вернікі на памяць як рэліквіі. Цікавая гісторыя звязана з выразанай з дрэва фігурай укрыжаванага Хрыста, якая ў ХІХ стагоддзі размяшчалася ў адкрытай галерэі касцёла. Распяцце гэта трапіла ў рукі Эдварду Вайніловічу, багацейшаму памешчыку краю, які доўгі час быў ганаровым суддзёй Слуцкага павета, з’яўляўся вядомым грамадскім і палітычным дзеячом краіны. Па меркаванню Вайніловіча, было зроблена распяцце ў традыцыях мастацкай школы Віта Ствоша. Для нас гэта вельмі каштоўнае сведчанне, бо дазваляе звярнуць увагу на мастацкія і культурныя сувязі нашага краю з заходнееўрапейскай культурай.

Віт Ствош
Так палякі называлі прыбыўшага з Германіі нямецкага скульптара і мастака Фейта Штоса (1455−1533), чыя дзейнасць засведчыла ў мастацтве скульптуры пераход ад стылю готыкі да рэнесансу. У Польшчы майстар працаваў на працягу 1477−1496 гадоў, у сталіцы краіны Кракаве аставіў галоўны твор свайго жыцця — велічны алтар касцёла Дзевы Марыі, скульптурным ансамблем якога можна любавацца і сёння. Майстар пакінуў значны след у польскай культуры канца ХV стагоддзя, у яго меліся паслядоўнікі. Іх творчасць і дала пачатак адпаведнай мастацкай школе. Верагодна, што адзін з тых майстроў, а магчыма і сам Ствош, выканаў замову для слуцкага фарнага касцёла, дзе акрамя распяця, маглі быць і іншыя, прыбыўшыя з Польшчы, скульптуры.

Лёс твора
Згаданая вышэй драўляная выява Хрыста была забрана Эдвардам Вайніловічам і захоўвалася ў яго родавым маёнтку ў Савічах (цяпер Капыльскі раён). Учынак гэты быў не выпадковы — у Савічах Вайніловіч сабраў досыць цікавую калекцыю беларускіх старажытнасцяў. Былі тут нават гарматы і марціры ХVІ-ХVІІ стагоддзяў, што некалі баранілі слуцкія бастыёны і замкі. Калі ў Мінску на пачатку ХХ стагоддзя паўстаў узведзены за грошы Вайніловіча Чырвоны касцёл (касцёл святых Сымона і Алены), ён ахвяраваў касцёлу і старажытнае распяцце са Слуцка. Аднак пасля рэвалюцыі, калі храмы закрываліся атэістамі і рабаваліся, сляды гэтага гістарычнага рарытэта згубіліся.

З надзеяй на новае
У параўнанні з іншымі відамі выяўленчага мастацтва, скульптура ў найбольшай ступені вызначаецца сваёй набліжанасцю і падабенствам да натуры, з-за чаго мае несумненную перавагу па ступені ўздзеяння на людзей. Ва ўсе часы гэта яе ўласцівасць выкарыстоўвалася, каб найбольш эфектным чынам выказаць і данесці да чалавека пануючыя ідэі. Цяпер, калі мы будуем сваю незалежную дзяржаву і ў гэтай справе абапіраемся на свае гістарычныя і культурныя каштоўнасці, у гарадах краіны паўстаюць і скульптурныя манументы, звязаныя з айчыннай гісторыяй. Можна думаць, што і наш старажытны Слуцк неўзабаве ўпрыгожаць новыя цікавыя скульптурныя манументы, бюсты, мемарыяльныя дошкі, прысвечаныя гісторыі краю, якія стануць тым звяном, што злучыць цяперашніх жыхароў горада з героямі і слаўнымі падзеямі мінулага.

Ігар Ціткоўскі

Можна думаць, што наш старажытны Слуцк неўзабаве ўпрыгожаць новыя цікавыя скульптурныя манументы, бюсты, мемарыяльныя дошкі, прысвечаныя гісторыі края, якія стануць тым звяном, што злучыць цяперашніх жыхароў горада з героямі і слаўнымі падзеямі мінулага.

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии